Вы тут

Жыццесцвярджальная моц: ад Вергілія да Куляшова


Бурлескна-травесційная паэма Івана Катлярэўскага «Энеіда» была ўпершыню апублікавана ў 1798 годзе. Аўтара гэтага твора заслужана лічаць пачынальнікам новай украінскай мовы і літаратуры. Да 250-х угодкаў з  дня нараджэння пісьменніка рэдакцыя газеты «Літературна Україна» арганізавала інтэрнэт-дыялог вакол перакладаў «Энеіды». Як адзначылі ўдзельнікі, менавіта перастварэнні гэтага твора на іншыя мовы — адзін з самых маладаследаваных аспектаў яе вывучэння. З’яўляючыся сатырычным перакладам аднайменнай класічнай паэмы Вергілія, «Энеіда» не зрабілася літаратурным фактам выключна ўкраінскай літаратуры, як гэта адбылося з травесціямі «Энеіды» на французскую, нямецкую і рускую мовы. Менавіта вобразная паэтычнасць і нацыянальны каларыт твора Катлярэўскага паспрыялі таму, што ён выклікаў цікавасць замежных аўтараўперакладчыкаў.


Даследчыкі закранулі таксама праблему стварэння беларускай паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнікі дыялогу выказвалі даволі спрэчнае меркаванне, што яна з’яўляецца перакладам легендарнай украінскай паэмы. Прычым нельга не пагадзіцца, што «Энеіда» Івана Катлярэўскага, якую беларускі чытач сустрэў захоплена (паэма распаўсюджвалася ў спісках і ў вуснай перадачы), зрабілася важным літаратурным фактам і паўплывала на некаторыя ананімныя паэмы першай паловы XIX стагоддзя. У сувязі з гэтым імпануе погляд навукоўца-беларусіста Яўхіма Карскага, які адзначае, што «Энеіда навыварат» з яе непаўторным беларускім характарам не з’яўляецца перакладам паэмы Катлярэўскага, а толькі пабудавана па яе ўзоры. І сапраўды, наўпроставых Жыццесцвярджальная моц: ад Вергілія да Куляшова супадзенняў у двух творах няшмат. Аднак заслугоўвае ўвагі і меркаванне класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які лічыў паэму перапрацаванай з украінскай мовы.

Абмяркоўваючы пераклады «Энеіды», удзельнікі інтэрнэт-дыялогу выказалі думку, што адно з самых яркіх і паэтычных перастварэнняў належыць беларусу Аркадзю Куляшову.

Гісторыя гэтая бярэ пачатак яшчэ паўстагодзя таму, 9 верасня 1969 года, у Кіеве. У Акадэмічным тэатры оперы і балета Украіны адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная 200-годдзю з  дня нараджэння Івана Катлярэўскага. Менавіта тады драматург Андрэй Макаёнак, прадстаўнік Саюза пісьменнікаў БССР, у сваёй прамове адзначыў жыццесцвярджальную моц творчасці Катлярэўскага, якая застаецца блізкай і зразумелай сучасніку. Мінскі госць паведаміў, што на беларускай мове толькі што пабачыла свет «Энеіда» ў перакладзе Аркадзя Куляшова, і перадаў у прэзідыум некалькі экзэмпляраў юбілейнага выдання. Дэ-факта гэта была першая публічная прэзентацыя беларускага перастварэння «Энеіды» для ўкраінскага чытача.

Народны паэт Беларусі, майстар мастацкага слова Аркадзь Куляшоў апублікаваў першую і трэцюю часткі свайго перакладу «Энеіды» ў восьмым нумары часопіса «Полымя» за 1969 год. Як адзначаюць сучаснікі, Куляшоў быў працаголікам: у сваёй творчай лабараторыі ён мог шчыраваць круглыя суткі. Хвіліны адпачынку ён прысвячаў перакладчыцкай дзейнасці, адметнасці якой заслугоўваюць асобнага навуковага даследавання. Але некаторыя прыватныя высновы адносна працы Куляшова-перакладчыка можна зрабіць, нават збольшага прагледзеўшы рукапіс яго перакладу ўкраінскай «Энеіды», які ашчадна захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Сама ж кніга зрабілася сапраўдным падарункам Украіне ад Беларусі на 200-годдзе аўтара арыгінальнага твора. Яна выйшла ў выдавецтве «Беларусь» — найстарэйшым у  рэспубліцы. Варта адзначыць, што напрыканцы шасцідзясятых гадоў XX стагоддзя ў БССР яшчэ не было профільнага выдавецтва, таму менавіта тут выходзілі ўсе літаратурна-мастацкія выданні. Вытворчы этап рэдакцыйна-выдавецкага працэсу быў завершаны на Паліграфкамбінаце імя Я.  Коласа. Наклад склаў 2000 экзэмпляраў. Фармат — 70 x 90/32. Рознічная цана — 60 капеек.

Узорам для разгляду гэтага кніжнага выдання пад спецыфічным кнігазнаўчым ракурсам, для аналізу de visu паслужыў экзэмпляр з асабістай бібліятэкі аўтара гэтых радкоў, падараваны яму старшынёй Палтаўскай абласной арганізацыі Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны, заслужаным дзеячам мастацтваў Юрыем Самойленкам. Нязначная ступень зношанасці, малаістотныя пашкоджанні блока, добры стан пераплёту, адсутнасць надпісаў, паметак і бібліятэчных штампаў, наяўнасць супервокладкі павысілі букіністычную каштоўнасць дадзенага экзэмпляра рарытэтнай кнігі.

Заслугоўвае ўвагі мастацкае афармленне выдання. У розны час «Энеіду» Катлярэўскага ілюстравалі шэраг мастакоў, якія ў рознастылёвых работах па-свойму адлюстроўвалі сюжэт, дэманструючы варыятыўнасць візуальнай мовы паэмы. Мінскае выданне 1969 года аздобілі беларускія графікі Уладзімір і Міхаіл Басалыгі — аўтары ілюстрацый да кніг Ніла Гілевіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча. У кніжнай графіцы братоў Басалыг увасоблена сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора. Мастакі пры дапамозе друкаванай графікі стварылі 6 арыгінальных ілюстрацый-заставак у кожнай частцы кнігі, 2 канцоўкі і 2 ілюстрацыі для супервокладкі. Выяўленчая канцэпцыя знайшла сваё вырашэнне ў адзінай каляровай гаме, а  для лаканічнага афармлення пераплёту было выкарыстана цісненне з ужываннем пераплётнай фарбы.

Што тычыцца зместавай канструкцыі кнігі, то акрамя ўступнага слова «Ад перакладчыка», у якім Аркадзь Куляшоў дзеліцца з чытачамі развагамі пра жыватворны ўплыў «Энеіды» Катлярэўскага на станаўленне і развіццё беларускага паэтычнага слова, яе дапаможным раздзелам з’яўляюцца заўвагі да тэксту паэмы.

Рукапіс Аркадзя Куляшова. Пераклад «Энеіды» Івана Катлярэўскага.

Нам вядомы два экзэмпляры кнігі з  аўтографам Аркадзя Куляшова: адзін захоўваецца ў навукова-даследчыцкім аддзеле дакументазнаўства, калекцыі рэдкіх выдання і рукапісаў Харкаўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі, другі — у фондах навуковай бібліятэкі імя Міхаіла Жаўтабруха Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У.  Г.  Караленкі. У лютым 1970 года гэтае выданне з аўтографам Аркадзя Куляшова апынулася ў хатняй бібліятэцы ўкраінскага літаратуразнаўцы, пісьменніка, краязнаўцы Пятра Ратача: «Паважанаму Пятру Ратачу — земляку Катлярэўскага, прыхільніку і даследчыку яго творчасці, ад перакладчыка. 4.02.1970 г.». Магчыма, кнігу адрасат атрымаў па пошце альбо выданне яму перадаў зямляк, доктар філалагічных навук, прафесар Гомельскага ўніверсітэта Павел Ахрыменка, з якім Пятро Ратач доўгі час вёў ліставанне. Прынамсі, аб асабістых кантактах П.  Ратача і А.  Куляшова нам нічога не вядома. На пачатку 2000-х П. Ратач частку сваёй кніжнай калекцыі падарыў Палтаўскаму педагагічнаму ўніверсітэту. Так экзэмпляр з аўтографам перакладчыка апынуўся ў  навуковай бібліятэцы гэтай ВНУ.

Літаратурная праца Аркадзя Куляшова была па заслугах ацэнена як у Беларусі, так і ва Украіне. Пастановай № 389 ад 31 снежня 1970 г. «Аб прысуджэнні дзяржаўных прэмій БССР» Цэнтральны камітэт КП Беларусі і Савет Міністраў Беларускай ССР узнагародзілі пісьменніка Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы ў  галіне літаратуры за пераклады кніг «Выбраная паэзія» Міхаіла Лермантава, «Энеіда» Івана Катлярэўскага і  «Спеў аб Гаяваце» Генры Лангфела. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Украінскай ССР ад 29 снежня 1972  г. Куляшову было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры». Хацелася б адзначыць, што акрамя перакладу «Энеіды» Катлярэўскага, Аркадзь Куляшоў вядомы ўкраінскім аматарам паэзіі дзякуючы некалькім выданням яго твораў у  перакладах Марка Зісмана, Андрэя Малышкі і Дзмітрыя Паўлычкі.

Дарчы подпіс Аркадзя Куляшова Пятру Ратачу.

Даследуючы месца беларускамоўнай інтэрпрэтацыі «Энеіды» І.  Катлярэўскага ў культурных кантэкстах XX і XXI стагоддзяў, неабходна адзначыць, што кніга ў сістэме беларускаўкраінскіх гуманітарных сувязей працягвае паспяхова выконваць ролю медыума міжкультурных камунікацый дзвюх краін — гістарычна непарыўнага працэсу стасункаў, узаемнага спазнавання народаў, узаемаўплыву і  ўзаемаўзбагачэння культур. Беларусь і Украіна на фоне развіцця супрацоўніцтва ў кніжнай справе, абапіраючыся на на ўжо дасягнутае, імкнуцца суіснаваць у сучаснай кніжнай прасторы згодна з замацаваным некалькімі пакаленнямі ўкраінскіх і беларусіх пісьменнікаў планам — ствараць сябе для сябе, але не забываць пра блізкіх па духу і светавычуванню суседзяў.

 Глеб КУДРАШОЎ, кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя В. Г. Караленкі Пераклад з рускай Янкі ЛАЙКОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».