Вы тут

Максат Бяшымаў: «Пасля Уладзіміра Караткевіча пісаць іначай нельга!»


Максата Бяшымава, празаіка і перакладчыка з Туркменістана, добра ведаюць беларускія літаратары. На старонках туркменскага літаратурна-мастацкага часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») з яго падтрымкай у апошнія гады з’явіўся шэраг твораў беларускіх аўтараў у перакладзе на туркменскую мову. Некаторыя з апавяданняў самога Максата надрукаваны ў перакладзе на беларускую — у часопісе «Маладосць», альманаху «Далягляды». У Ашхабадзе туркменскі літаратар у розныя гады сустракаўся з беларусамі Алесем Бадаком, Юліяй Алейчанкай і іншымі пісьменнікамі ды выдаўцамі. Цяпер для выдавецтва «Мастацкая літаратура» Максат Бяшымаў складае анталогію сучаснага туркменскага апавядання. Пісьменнік, зразумела, шмат чытае з беларускай прозы і паэзіі. І наша сённяшняя размова з туркменскім літаратарам — пра беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча.


— Шаноўны Максат, ведаю, што адзін з першых твораў Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, з якім вы пазнаёміліся, — «Сівая легенда». Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі наконт прачытанага.

— Так, адзін з першых, але не самы першы. Знаёмства з творчасцю Уладзіміра Караткевіча я пачаў з апавяданняў. Добра запомнілася паэтычнае апавяданне «Блакіт і золата дня». На мой погляд, гэта сапраўдны верш у прозе. Але яшчэ большае ўражанне на мяне зрабілі «Кніганошы». Магчыма, прычынай таму — узнятая ў апавяданні тэма. Яна аказалася блізкай: сіла ідэі, страх перад ідэямі, сама тэма забароны.

А «Сівая легенда», як мне падаецца, павінна займаць у беларускай літаратуры такое ж месца, якое ў рускай належыць аповесцям Мікалая Васільевіча Гогаля «Тарас Бульба» і Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна «Дуброўскі». Палкая патрыятычная гісторыя, якую распавёў аўтар у «Сівой легендзе» ад асобы чужаземца, чыя пагарда да складу характару беларусаў робіць зваротны эфект, не можа не хваляваць. Пры чытанні не пакідае адчуванне, што Караткевіч сапраўды вырашыў дадаць, дапісаць народную творчасць, стварыць свайго роду маленькі эпас.

Яшчэ болей я захоплены аповесцю «Ладдзя роспачы». Гэта філасофская прыпавесць, мяркую, належыць менавіта да тых твораў, якія магла падарыць свету толькі Беларусь. Так, Беларусь, а не якая-небудзь іншая краіна. Дзіўнае, лёгкае і нязмушанае стаўленне да смерці.

Жартаўлівая мудрасць. Такое звычайна ўласціва фальклору. Пры чытанні мне прыйшоў на памяць фільм выдатнага шведскага рэжысёра Інгмара Бергмана «Сёмая пячатка». У ім галоўны герой таксама вырашае згуляць са смерцю ў шахматы. Але на гэтым падабенства і заканчваецца. Смерць — дужа складаная тэма, якая не пакідае месца ўсмешцы. Таму ў вялікага шведа ў выніку атрымалася цяжкая, складаная філасофская драма. А  вось Уладзіміру Караткевічу ўдалося, так, удалося з  амаль бестурботнай усмешкай, завяршыць гульню. Мне ўяўляецца, што сама гэтая аповесць і ёсць партыя ў шахматы, у якую Караткевіч згуляў са смерцю. І гэтую партыю пісьменнік адолеў, перамог, нягледзячы на тое, што яго зямное жыццё абарвалася. Мяркую, нават адной гэтай аповесці аўтару хапіла б, каб заняць у літаратуры Беларусі і свету тое годнае, вартае месца, якое ён займае.

Знаёмы я і з аповесцю «Дзікае паляване караля Стаха», раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Апошні твор, як і «Ладдзю роспачы», лічу найвышэйшым дасягненнем у творчасці Караткевіча. «Каласы пад сярпом тваім» яшчэ не чытаў, але планую. Адчуваю, што гэта будзе нялёгкае чытанне, што раман прынясе нямала адкрыццяў. І,  магчыма, мы яшчэ вернемся да размовы пра Караткевіча. І тады я скажу нешта новае. А галоўнае — веру, што стану шмат багацейшым, вышэйшым як чытач. А мо нават і як пісьменнік…

— Якім вы ўяўляеце сапраўднае месца Уладзіміра Караткевіча ў беларускай літаратуры?

— У літаратуры кожнай краіны бываюць паваротныя моманты. Моманты, пасля якіх літаратура ўжо не можа заставацца ранейшай. Адбываецца значны скачок. Становіцца больш-менш зразумелым, куды, па якіх сцяжынках павінны ісці літаратура і мастацтва. Куды, у які бок будуць развівацца думкі, мысленне. Лічу, што творчасць Караткевіча выконвае падобную функцыю, яна як мінімум здольная яе выконваць. Так, выканаць ролю рулявога ў бязмежных чалавечых, грамадскіх пошуках.

— На ваш суб’ектыўны погляд, ці можна па твор­ часці Караткевіча меркаваць пра Беларусь, беларусаў?

— Галівудскія кінематаграфісты пры стварэнні спецэфектаў, працуючы над камп’ютарным персанажам, часта карыстаюцца датчыкамі дотыку, якія паказваюць рух, карыстаюцца дзеля таго, каб дзеянне прыдуманага аватара выглядала праўдзіва. Па-мойму, падобным чынам — па персанажах, па героях і гераінях Караткевіча  — можна ўзнавіць сапраўднага сярэднестатыстычнага прадстаўніка беларускай нацыі, яго светапогляд і звычкі, стаўленне да жыцця.

— З якімі пісьменнікамі Туркменістана вы параў­ налі б Уладзіміра Караткевіча?

— Не ўпэўнены, ці можна добрага аўтара ўвогуле з  кім-небудзь параўноўваць. Бо менавіта тым ён і добры, што непаўторны.

Па багацці мовы, па прыгажосці стылю згадаў бы з туркменскіх аўтараў Сапаргельды Аннасахедава. Што да любові да свайго народа, імкнення стварыць нешта новае па ўзоры і падабенстве старога, народнага — гэтым аспектам Уладзімір Караткевіч блізкі да Акмурада Шырава, аповесці «Гліняны хлопчык», апавядання «Караван». Але, ізноў жа, розніца велізарная. Нават у менталітэце.

— Як лічыце, ці правільным было б ажыццявіць маштабнае прадстаўленне Караткевіча праз перакла­ ды на туркменскую мову?

— Лічу гэта не толькі правільным, але і надзвычай неабходным, і нават непазбежным. Добрая літаратура заўсёды вартая вялікага кола чытачоў. І кожная народнасць, і кожны асобна ўзяты чытач знойдзе ў добрай кнізе тое, што для яго з’яўляецца найболей дарагім, найболей каштоўным. Не сумняваюся, што сапраўдныя аматары вялікай літаратуры і ў нашай краіне шчыра палюбяць творы Караткевіча. І памагатым, вядома  ж, у гэтым руху пісьменніка да чытача, у асэнсаванні чытачом творчасці Уладзіміра Караткевіча выступіць не толькі наш часопіс «Дунья эдэбіяты», але і іншыя туркменскія літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні.

— Вы самі гатовы ўзяцца за пераклад прозы Уладзіміра Караткевіча на родную мову?

— На вялікі жаль, рэдка займаюся мастацкім перакладам. Па-першае, гэта звязана з маёй рэдактарскай працай. Пераклады болей рэдагую, чым раблю сам. Падругое, у мяне шмат неажыццёўленых аўтарскіх планаў, для рэалізацыі якіх патрэбна процьма часу. Таму, калі пытаюць, чаму мала перакладаю, заўсёды выходжу са становішча жартам: «Баюся, што мяне назавуць перакладчыкам». На самай справе, заўсёды перакладаю толькі тыя творы, якія жадаў бы напісаць сам. Ва Уладзіміра Караткевіча такім творам лічу «Кніганошы». Таму пераклад гэтага апавядання — пытанне часу, калі толькі ніхто не адважыцца гэта зрабіць раней за мяне.

— Наколькі блізкая туркменскаму чытачу гістарычная тэма?

— Нашы чытачы проста захоплены гістарычнай літаратурай. Калі ўзяць туркменскую прозу XX стагоддзя, то не менш як палова, мусіць, напісана на гістарычным матэрыяле. Нурмурат Сарыханаў, Берды Кербабаеў, Бекі Сейтакаў, Хыдыр Дзер’яеў, Ата Каушутаў, Чары Ашыраў, Клыч Куліеў, Курбандурды Курбансахатаў, Валянцін Рыбін, Язмурад Мамедзіеў, той самы Сапаргельды Аннасахедаў… Галоўныя творы гэтых аўтараў у той ці іншай ступені заснаваны на гістарычных падзеях. У  сучаснай туркменскай літаратуры манументальныя гістарычныя палотнішчы стварылі Атаджан Таган, Агагельды Аланазараў і Джума Худайкуліеў.

— Каго з гістарычных празаікаў вы параілі б адкрыць беларусам, каб болей поўна прадставіць Туркменістан, туркменаў?

— У Нурмурат Сарыханава ёсць выдатныя творы  — апавяданне «Кніга» і аповесць «Шукур-бахшы». Не ўпэўнены, але, магчыма, гэтыя творы ўжо і перакладзены на беларускую мову. «Кніга», напрыклад, уваходзіла ў многія анталогіі найлепшых савецкіх апавяданняў, у тым ліку прысутнічае ў вядомым двухтомніку «Савецкае апавяданне», выдадзеным у серыі «Бібліятэка сусветнай літаратуры». Памятаеце, быў такі 200-томны праект?..

Шмат і вельмі прыгожа пра гісторыю Туркменістана пісаў Морыс Сімашка. Амаль усе чытачы ў нас аднадушна любяць навелу «У пясках» Камека Куліева. Дзеянне адбываецца ў дарэвалюцыйныя, дакастрычніцкія гады. У Набаткулі Рэджэпава ёсць вельмі цікавая аповесць пад назвай «Калі свет стаў баязлівым». Атаджан Таган вядомы як аўтар рамана «Чужынец», у якім жыццё туркменаў у сярэдзіне XIX стагоддзя паказана праз прызму гісторыі палоннага француза. Дарэчы, у  гэтым можна ўгледзець нават некаторую паралель паміж «Сівой легендай» Уладзіміра Караткевіча, раманам Атаджана Тагана і згаданай навелай Камека Куліева (размова там ідзе пра рускага палоннага, маладога хлопца, які быў схоплены туркменскімі туземцамі). Погляд чужаземца дазваляе болей рэльефна і дэталёва апісаць вобраз жыцця мясцовага насельніцтва, бо ўсё, што падаецца будзённым для карэннага жыхара, для чужака — экзотыка найвышэйшай пробы.

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА, Ашхабад — Мінск

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.