У сучасным грамадстве, нягледзячы на ўсе тэхналагічныя дасягненні, ролю кнігі ўсё яшчэ немагчыма прынізіць. Яна дапамагае дзецям развівацца і спазнаваць свет, вучыць падлеткаў спраўляцца з пачуццямі і разумець сябе і іншых, дае дарослым магчымасць адкрыць невядомыя раней аспекты жыцця, а часам і схавацца ад рэальнасці. Сёння існуе дастаткова месцаў, дзе чытачы могуць сустрэцца з кнігай, але месца сустрэчы з яе стваральнікам заўсёды будзе асаблівае.
Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш дваццаць сёмы раз адкрые аматарам слова вялікі свет сучаснага літаратурнага і кнігавыдавецкага працэсу. Камунікацыя не толькі з кнігай, але і з пісьменнікам патрэбна пастаянна. І месцы, здольныя такую камунікацыю забяспечыць, у Мінску ёсць. Днямі адбылося прымеркаванае да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адкрыццё адноўленай «Кнігарні пісьменніка».
Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел і высокія госці, і самі пісьменнікі, і будучыя пакупнікі.
«“Кнігарня пісьменніка” — месца намоленае. Сюды прыходзілі і набывалі кнігі народныя пісьменнікі Беларусі, вядомыя літаратуразнаўцы, грамадскія дзеячы. Усе ў Мінску ведаюць гэты адрас, які дзесяцігоддзямі прыцягваў увагу пакупніка. І цяпер, улічваючы, якую працу зрабіла “Белкніга”, невялікі калектыў, прадстаўляючы ўстанову ў новым фармаце, думаю, што жыццё тут будзе больш цікавым і актыўным», — выказаў упэўненасць міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, вітаючы адкрыццё крамы.
Кнігарня пачала працаваць у 1981 годзе. У тыя часы месца было практычна культавым, сюды заходзілі ў пошуках самых новых або ўжо рэдкіх, дэфіцытных кніг і спадзяваліся на сустрэчу з выбітным пісьменнікам. Пра гэта згадваў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», пісьменнік Алесь Бадак, выказваючы спадзяванні на тое, што і адноўленая крама стане месцам, куды захочацца вяртацца, каб сустрэцца з творцам, набыць выданне.
Цяпер адрэстаўрыраваная кнігарня стане апорным пунктам выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Агульная плошча крамы складае 178 квадратных метраў. На момант адкрыцця таварныя запасы крамы каштуюць 265 тысяч рублёў. Кнігі ў ёй прадстаўлены беларускімі і расійскімі выдавецтвамі. Зараз тут 16 тысяч найменняў, 102 з якіх выдадзены за ўласныя сродкі аўтараў.
Аблічча кнігарні змянілася. Каля ўвахода ўсталяваны электронны сэнсарны планшэт, з якога можна даведацца пра наяўнасць кніг не толькі ў мінскіх Адкрыты шлях для кніг і творцаў кнігарнях, але ў гандлёвых пунктах «Белкнігі» па ўсёй краіне.
Найперш чытачы сустракаюцца са стэндам «Кнігі на любы густ», далей ідзе папярова-белавая, канцылярская і сувенірная прадукцыя, а таксама выданні для юных чытачоў. З нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі асобны стэнд адведзены кнігам, прысвечаным ваеннай тэме. Як і ў любой кнігарні, ёсць стэнд «Хіты продажу». Вялікі стэнд займаюць кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (тут 374 найменні). Алесь Бадак паабяцаў, што ўсе новыя кнігі выдавецтва ў першую чаргу будуць з’яўляцца тут, у «Кнігарні пісьменніка». Плануецца зрабіць пастаяннай паліцу «Зніжка», каб чытачам было лягчэй здабыць любімы твор у хатнюю бібліятэку.
Стэнд «Мастацкай літаратуры» асаблівы. Набываючы ў кнігарні асобнік, можна яе там пакінуць, а праз дзень ці два забраць ужо з аўтографам аўтара. Вось адзін з відаў супрацоўніцтва паміж кнігарняй і пісьменнікамі. Другі, найбольш патрэбны абодвум бакам літпрацэсу, — аўтарскія сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі. Першая з іх, дарэчы, пачалася адразу пасля ўрачыстага адкрыцця. Уладзімір Мазго прэзентаваў сваю дзіцячую кнігу «Вавёркі лушчаць зоркі».
Як адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, для беларускіх пісьменнікаў гэтая ўстанова — сапраўдны падарунак, які матывуе ствараць найбольш якасныя творы, бо Саюз пісьменнікаў мае вострую патрэбу ў кантакце з тымі, хто сёння распаўсюджвае кнігі, — бібліятэкамі і кнігарнямі. Старшыня СПБ выказаў спадзяванні, што гэта будзе не проста супрацоўніцтва, а вялікая праца па прапагандзе кнігі, умацаванні яе аўтарытэту ў грамадстве.
«Адкрыццё абноўленай крамы прымеркавана да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Для калектыву “Белкнігі” гэтае мерапрыемства пачалося ўжо даўно, яшчэ з падрыхтоўкі да яго. Што ў выніку атрымалася — вы бачыце цяпер», — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч напрыканцы ўрачыстасці. У Мінску прадпрыемства мае 22 крамы, палова з іх адноўленыя, палова захоўваюць інтэр’ер узору мінулых гадоў. Па словах Аляксандра Вашкевіча, «Белкніга» плануе развіццё ў абодвух кірунках: як адкрыццё новых гандлёвых аб’ектаў, так і мадэрнізацыя тых, якія ўжо працуюць, не толькі ў сталіцы, але па ўсёй Беларусі.
Так ці інакш, «Белкніга» застаецца адным з цэнтральных суб’ектаў беларускага літаратурнага працэсу, бо ўсталёўвае сувязь паміж кнігай і чытачом. А якасць стасункаў будзе ўдасканальвацца пастаянна.
Дар'я СМІРНОВА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.