Вы тут

Заўтра зборная Беларусі па тэнісе ўступае ў барацьбу Кубка Федэрацыі


Нашы дзяўчаты ўжо адправіліся ў Гаагу, дзе 7 і 8 лютага выйдуць на крыты грунтавы корт «Sроrtсаmрus Zuіdеrраrk». У барацьбе за пуцёўку ў фінальны раўнд найбуйнейшага каманднага турніру ў жаночым тэнісе беларускі сустрэнуцца са зборнай Нідэрландаў. Той, хто прайграе, будзе змагацца за права застацца ў элітнай групе Кубка Федэрацыі.


За беларускую каманду ў Нідэрландах выступяць Арына Сабаленка, Аляксандра Сасновіч, Вольга Гаварцова і Лідзія Сямёнава. Капітан беларускай зборнай Таццяна Пучак перад вылетам у Гаагу запэўніла, што яе каманда гатовая да гульні, усе здаровыя і знаходзяцца ў добрай форме. У матчы не зможа прыняць удзел Вікторыя Азаранка, хоць першапачаткова яна і дала згоду на сваю прысутнасць у складзе, але з-за сямейнай сітуацыі спартсменка пакуль не можа пакідаць межы ЗША.

Зборная Нідэрландаў прымае ўдзел у Кубку Федэрацыі з самага першага розыгрышу турніру ў 1963 годзе. На яе рахунку 108 перамог пры 74 паражэннях, 36 сезонаў у Сусветнай групе і два фіналы ў 1968 і 1997 гадах. У пачатку нулявых у камандзе адбылася змена пакаленняў, у выніку чаго зборнай прыйшлося пайсці на паніжэнне і доўгі час выступаць у І групе Еўра-Афрыканскай зоны. Вяртанне ў эліту пачалося з прыходам цяперашняга капітана Пола Хархайса, які ў дадзены момант узначальвае яшчэ і мужчынскую зборную ў Кубку Дэвіса.

У складзе зборнай Нідэрландаў значыцца Кікі Бертэнс, Аранча Рус, Леслі Керхоў, Індзі дэ Фрооме і Дэмі Схюрс.

«Фаварыткамі гэтай сустрэчы я лічу галандак. Яны гуляюць дома і на грунце, хоць я і не назвала б пакрыццё вырашальным фактарам. З іншага боку, у нас ужо ёсць вопыт гульні супраць гэтай каманды, мы іх перамагалі, так што ў выніку шанцы можна дзяліць папалам», — адзначыла Таццяна Пучак.

Зборная Беларусі прымае ўдзел у розыгрышы турніру з 1994 года. За гэты час нашы тэнісісткі правялі 102 міжнародныя паядынкі, атрымаўшы 71 перамогу пры 31 паражэнні. Іх найлепшым вынікам з'яўляецца выхад у фінал у сезоне 2017 года. Матч са зборнай Нідэрландаў адкрые для нас чацвёрты сезон запар у эліце сусветнага тэніса.

Нагадаем, што сёлета падапечныя Таццяны Пучак сталі паўфіналісткамі Кубка Федэрацыі, абыграўшы на выездзе зборную Германіі (4:0), а затым ва ўпартай барацьбе зноў у гасцях саступіўшы саперніцам з Аўстраліі (2:3). На дадзены момант беларуская зборная займае 5-е месца сярод 105 удзельніц Кубка Федэрацыі.

Гісторыя асабістых сустрэч зборных Нідэрландаў і Беларусі налічвае чатыры паядынкі, у якіх тры перамогі дасталіся падданым Каралеўства, а адна, самая апошняя на дадзены момант, засталася за беларускамі. Нагадаем, што ў 2017 годзе менавіта дамашнім матчам з Нідэрландамі мы адкрылі для сябе Сусветную групу.

Фінальная частка спаборніцтваў Кубка Федэрацыі сёлета пройдзе 9—14 красавіка ў Будапешце.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.