Вы тут

Чарга ў ціры і трэнажоры пасля 22.00. Што ёсць і чаго не хапае ў Старых Дарогах?


У 2015-м тут з'явіўся новы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, на плошчы ўсяго 1,5 гектара размясцілася адразу і футбольнае поле, і тэнісны корт, і пляцоўка для пляжнага валейбола. Зімой, калі спрыяе надвор'е, усё гэта пераўтвараецца ў прастору для заняткаў лыжамі і канькамі. Кіруе цэнтрам былы прафесійны спартсмен, які пасля завяршэння гульнявой кар'еры не пабаяўся перабрацца са сталіцы ў раён з насельніцтвам у 19 тысяч, каб працягнуць займацца любімай справай.


Для наведвальнасці — зручны рэжым работы

Паслугі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра карыстаюцца асаблівай папулярнасцю летам, але цэнтр не пустуе і зімой. Бегавыя дарожкі вакол стадыёна ў добрую снежную зіму ператвараюцца ў лыжню, тэнісны корт становіцца лядовай пляцоўкай, у гэты час там з'яўляюцца дадатковыя борцікі. А вось што карыстаецца папулярнасцю круглы год, дык гэта вулічныя трэнажоры. Яны знаходзяцца пад навесам, да кожнага з іх прадугледжана інструкцыя.

— Мы пачыналі заняткі ў мясцовым ФАЦ са скандынаўскай хады, хадзілі ў сасновы лес, што непадалёк. Потым дадалі яшчэ і заняткі на трэнажорах, якія з'явіліся тут у 2018 годзе. Цяпер прыходзім на заняткі з сяброўкай два разы на дзень, — расказвае пенсіянерка Наталля КАПЦЭВІЧ. — Рэгулярна бачым, што тут займаюцца і дзеці, і падлеткі. Комплекс трэнажораў — гэта вялікі падарунак жыхарам горада ад райвыканкама, — дадае жанчына.

Акрамя гэтага фізкультурна-аздараўленчы цэнтр мае цір, праводзіць заняткі па шашках і шахматах, а таксама дае магчымасць пагуляць у настольны тэніс. Сёння за ФАЦ замацавана 11 інструктараў-метадыстаў, якія аздараўліваюць насельніцтва, чацвёра з іх працуюць на вёсцы.

— Наша задача аздараўляць, а не займацца прафесійным спортам, — расказвае дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Віктар НЕДАЛІЎКА. — Мы не дзелім гараджан па ўзросту, займаюцца ўсе, хто хоча. Калі некалькі гадоў назіраўся спад у адносінах да папулярнасці фізкультуры, то сёння гэтая тэндэнцыя мяняецца, і мы наадварот бачым павелічэнне патоку людзей.

Напрыклад, групы дзяцей, якія займаюцца стральбой у мясцовым ціры, перапоўненыя, расказвае інструктар па стральбе Аляксандр БАЦЫЛЁЎ. «Але я ж не магу іх выгнаць, калі дзеці прыходзяць на заняткі з жаданнем і зацікаўленасцю», — разводзіць рукамі Аляксандр Мікалаевіч. Тут хлопцы і дзяўчаты страляюць з пнеўматычнай зброі, а потым некаторыя з іх дэманструюць свае навыкі на вядомым у краіне турніры «Снежны снайпер».

Большасць наведвальнікаў збіраецца ў самым спартыўным месцы горада бліжэй да вечара, хоць цэнтр працуе з 6 раніцы да 23.00.

— Напэўна, не ўсе ФАЦ у краіне працуюць па такім графіку, але я не магу зачыніць вароты нашай тэрыторыі, калі чалавек хоча займацца ў 22.00, калі яму так зручна, — дзеліцца Віктар Аляксандравіч. — Бо некаторыя прыходзяць на трэнажоры менавіта пасля таго, як сцямнее, таму што саромеюцца. Мы падыходзім да іх, прапануем дапамогу інструктара — адмаўляюцца. Ну, хай лепш займаюцца так, чым наогул ніяк.

Віктар НЕДАЛІЎКА.

Найлепшыя на спартакіядзе сярод школьнікаў

У цэнтры таксама працуе пракат лыж, канькоў і катамаранаў, а вось палкі для скандынаўскай хады, напрыклад, работнікі гатовыя выдаваць жадаючым бясплатна.

— Група па гэтаму віду спорту з'явілася ў нас у канцы 2018 года, я сам хадзіў і расклейваў аб'явы на прыпынках транспарту ў горадзе, каля буйных крам, таму што для пажылога насельніцтва гэта больш эфектыўна, чым аб'явы ў інтэрнэце, — расказвае дырэктар ФАЦ. — Народ стаў падцягвацца. Сёння яны ўжо проста прыходзяць, бяруць палкі і ходзяць не толькі па нашай тэрыторыі, але і па ўсім горадзе.

Штогод на базе цэнтра праходзяць розныя спартакіяды для мясцовых арганізацый і школ. Дарэчы, Старыя Дарогі ў спартакіядзе сярод школьнікаў у групе В (гарады з невялікім насельніцтвам) ужо чацвёрты год запар займаюць першае месца. Да актыўнага ладу жыцця работнікі ФАЦ імкнуцца прыцягваць цэлыя сем'і, таму праводзяць і вядомую спартакіяду «Мама, тата, я — спартыўная сям'я». Сям'я са Старых Дарог у 2018 годзе выйшла ў фінальную частку рэспубліканскіх спаборніцтваў і ў складзе дружыны Мінскай вобласці заняла трэцяе месца ў краіне.

На стадыёне ФАЦ у чэмпіянаце Мінскай вобласці гуляе аматарская футбольная каманда горада, за якую выступаюць мясцовыя жыхары і студэнты, некаторыя з іх спецыяльна для гэтага вяртаюцца ў родны горад. На гульні старадаражан рэгулярна збіраецца каля сотні балельшчыкаў, што нядрэнна для невялікага горада. Віктар Недаліўка адзначае, калі б у горадзе была хоць адна прафесійная спартыўная каманда, гэта прыцягнула б яшчэ больш насельніцтва да актыўнага ладу жыцця. «У Старых Дарогах раней была футбольная каманда «Будаўнік», дарэчы, за яе гуляў цяперашні намеснік кіраўніка Федэрацыі футбола Юрый Вяргейчык. Калі ў маленькіх гарадках ёсць такія каманды, гэта прыцягвае дзяцей да прафесійных заняткаў спортам, матывуе, ды і ў цэлым папулярызуе фізкультуру. Спорт — гэта відовішча, якое падабаецца людзям».

Летась старадарожскі райвыканкам сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола адкрыў новае поле для міні-футбола на базе адной са школ горада, у планах ёсць жаданне стварыць там жа і хакейную каробку. Акрамя фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў горадзе ёсць дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, у ёй займаецца 234 чалавекі. Там адкрыты аддзяленні барацьбы, валейбола і футбола. Сёння ў Старых Дарогах не хапае толькі аднаго — басейна. У горадзе яго ніколі не было, аднак будаўніцтва такога аб'екта ўжо запланавана.

Аляксандр БАЦЫЛЁЎ.

Многае вырашаюць кадры

Сам Віктар Недаліўка прыехаў у Старыя Дарогі, на радзіму жонкі, з Мінска пасля завяршэння сваёй спартыўнай кар'еры. Будучы паспяховым гандбалістам, ён пагуляў у мінскім «Дынама» і «Вікторыі-Рэгіі», быў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі.

— Я скончыў сваю кар'еру даволі рана, пяць гадоў таму. Тыя, з кім выступаў, — Барыс Пухоўскі, Дзмітрый Нікуленкаў, Сяргей Шыловіч — сёння яшчэ гуляюць. На той момант у беларускім гандболе наступіў фінансавы крызіс, быў варыянт пераехаць за мяжу, але ў мяне ўжо было двое дзяцей, таму я не захацеў пераязджаць. З'явілася магчымасць працаваць трэнерам па гандболе ў Старых Дарогах, пагадзіўся, таму што хварэю спортам. Набраў хлапчукоў не толькі з горада, але і з вёсак. Яны ў мяне выступалі даволі добра, займалі прызавыя месцы, — расказвае Віктар.

А пасля трох гадоў працы трэнерам яму прапанавалі ўзначаліць фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, на той момант пасады кіраўніка і трэнера сумяшчаць было немагчыма, таму аддзяленне гандбола ў старадарожскім ДЮСШ зачынілі. Хоць дарослая аматарская каманда там ёсць і цяпер.

— Мы гуляем у чэмпіянаце Мінскай вобласці, занялі там у апошні раз 4-е месца, — з гонарам адзначае Віктар Аляксандравіч.

Кіраўнік старадарожскага ФАЦ кажа, што атрыманы за багатую гульнявую кар'еру вопыт, вядома, дапамагае ў рабоце і цяпер. Аб сваім пераездзе ў Старыя Дарогі з Мінска ён не шкадуе.

На пытанне пра крытыку з нагоды вялікай колькасці спартыўных аб'ектаў, якія будуюцца ў краіне, Віктар Недаліўка адказвае катэгарычна:

— Калі будуюцца спартыўныя аб'екты, значыць, гэта трэба насельніцтву. Важна рабіць сістэмы зніжак для тых людзей, якія ў іх маюць патрэбу. Мы часта гаворым пра тое, што людзі ў вёсках п'юць, а вось якраз прыцягненне іх і дзяцей з такіх сем'яў да фізкультуры і спорту дапамагае змагацца з гэтай хваробай. У нашым раёне ёсць такія вёскі, як Шапчыцы, Оршаль, Залужжа, дзеці адтуль прыязджаюць да нас на трэніроўкі з вялікім жаданнем. У горад дабіраюцца на школьным аўтобусе, калі ёсць жаданне, ні тры, ні 12 км не палохаюць. Ёсць дзеці і з праблемных сем'яў, вядома, ім лепш чымсьці заняцца, каб ставіць у жыцці мэты і дасягаць іх. З уласнага досведу работы трэнерам яшчэ скажу, што вельмі многае залежыць ад кадраў. Дзяцей трэба заахвоціць, зматываваць, прапанаваць цікавыя трэніроўкі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Мінск — Старыя Дарогі — Мінск

Загаловак у газеце: Чарга ў ціры і трэнажоры пасля 22.00

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.