Вы тут

Мамін дзённік. «Грынпіс» дбае


Што такое «ба», у нашай сям'і ведае кожны. І гэта не скарочаны варыянт ад «бабулі», як вы, хутчэй за ўсё, падумалі. І нават не азначае, што нехта ўпаў ці штосьці звалілася. Гук «ба» наш Цёмік гаворыць часцей, чым мама і тата: малы шалёна захоплены смеццявозамі і ўсім, што з імі звязана. Паперку ў сметніцу выкінуў — «ба» зрабіў, смеццявоз спусташае кантэйнеры з адходамі — «ба» працуе, мульцік ці відэа пра гэтую машыну хоча паглядзець — нясе мой тэлефон, амаль істэрычна «бакаючы»...


Не абыходзіцца без «ба» і падчас шпацыру. Пакуль знаходзімся на вуліцы, Арцёмка не абміне ніводнай сметніцы: гойдае іх туды-сюды, барабаніць колькі ёсць сілы па жалезных кантэйнерах. Здаецца, усе навакольныя бамжы ды алкаголікі ведаюць нашага Цёміка, які не дае ім спакойна рабіць сваю работу.

І ўсё было б нармальна, каб аднойчы не захацелася мне, такой «разумніцы», паказаць Арцёмку, як смеццявоз ачышчае кантэйнеры, што, як на ліха, даўно прапісаліся пад нашымі вокнамі. З таго часу малога не адцягнеш ні ад акна (будзе енчыць, пакуль не возьмеш на рукі і не адсунеш фіранку), ні ад бакаў. Толькі выходзім з пад'езда — прамой наводкай да іх, стаўшых мне такімі ўжо агіднымі за гэты час.

«Пэўна, у сферы жыллёва-камунальных паслуг будзе працаваць», — ці то жартам, ці то ўсур'ёз кажуць суседзі. А мне ўжо не да смеху: мала што кожны дзень мыю рукавічкі (зімовую куртку часта не памыеш, хоць яна часам выглядае не лепш, чым у таго насельніка бакаў), даводзіцца яшчэ ледзь не дэзінфікаваць Арцёмкаў твар пасля такіх «пацалункаў» з бруднымі скрынямі.

І ніякія просьбы, альтэрнатывы ў выглядзе мульцікаў ці чупа-чупсаў і нават палоханне Бабай Ягой, з якой ён звычайна баіцца сустрэцца, не дапамагаюць. Учапіўся нядаўна за сметніцу і не адарваць. Акурат падышла жанчына — ну, вельмі, прабачце, на тую самую гераіню з казак падобная, — ды давай гаварыць, што забярэ з сабой, калі не будзе слухаць маму. А Цёмік плакаць пачаў ды... яшчэ мацней прыціснуўся да сметніцы.

І есці не сядзе, пакуль «ба» яму не ўключу. Відаць, не адзін ён такі аматар — ніколі не падумала б, што пра смеццявозы нават мульцікі прыдумалі, міні-кіно пра цацачныя машыны наздымалі. Ужо не кажу пра відэаролікі, у якіх сапраўдныя смеццявозы ездзяць па дарогах і вось так, як у нас, гудуць пад вокнамі.

Але, як кажуць, няма ліха без дабра. У нас у хаце ніводнай паперкі ад цукеркі не заўважыш. Пёрка ад падушкі, амаль нябачны валасок, крупніку, якую выпадкова выпусцілі з рук, калі варылі кашу, — усё занясе ў вядро. І на вуліцы Цёмік не прапусціць ніводнага фанціка, ні адной бутэлькі — адразу нясе ў сметніцу. Адным словам, Грынпіс адпачывае.

Вераніка КАНЮТА

Прэв'ю: zen.yandex.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.