Вы тут

Універсітэт для мам і тат. Дзе навучыцца выхоўваць, разумець і любіць?


Выбудоўваць бесканфліктныя стасункі з малымі, разумець матывы іх паводзін, ствараць умовы для змястоўнай сумеснай дзейнасці... Гэтымі і іншымі навыкамі шчаслівага сямейнага жыцця мамы і таты могуць авалодаць у бацькоўскіх універсітэтах, якія павінны з'явіцца ва ўсіх школах Беларусі. Магчыма, з часам можна будзе пазбавіцца ад самых галоўных, на думку бацькоў, «дзіцячых» праблем: ляноты, камп'ютарнай і інтэрнэт-залежнасці і непаразумення з бацькамі.


Вопыт і інтуіцыя — наша ўсё?

Праграма для навучання бацькоў была распрацавана ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце (БДПУ). Стваралася яна не на пустым месцы, а абапіраючыся на вынікі даследавання, у якім удзельнічалі 680 бацькоў гарадскіх і сельскіх школьнікаў. 7 % апытаных мам і тат ва ўзросце да 29 гадоў, звыш за 55 % — да 40. Такім чынам спецыялісты атрымалі ўяўленне аб клопатах, надзеях і перажываннях у разнастайных сем'ях.

— Перш за ўсё трэба ўсведамляць, што нашы дзеці — новае пакаленне. І сённяшнія бацькі — таксама новае пакаленне, — кажа Вера МАРТЫНАВА (на фота), дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ. — Яны выраслі і сфарміраваліся ў час інтэнсіўнага інфармацыйнага асяроддзя. Як кажуць некаторыя спецыялісты, інфармацыйны свет — вадкасны, незразумела, хто ў ім жывы, а хто не. Моладзь страчвае сувязь з рэальным светам і сыходзіць у віртуальны. Праз гэта губляюцца ўвага, любоў, разуменне ва ўзаемаадносінах паміж бацькамі і дзецьмі. Мяняецца светапогляд і каштоўнасці, з'яўляецца залежнасць.

Гэта запатрабавала ад педагогаў пошуку сучасных форм работы з бацькамі і дзецьмі. Ва ўмовах школы, на іх думку, сродкам для наладжвання стасункаў у сям'і павінен стаць бацькоўскі ўніверсітэт.

— Сёння многія бацькі разумеюць, што выхоўваць дзяцей — азначае выхоўвацца самім. Нездарма ж кажуць, што «мы пайшлі ў першы клас», «у нас пераходны ўзрост». У аснове працы з мамамі і татамі павінны ляжаць іх запыты, — упэўнена дэкан.

Вынікі вышэйназваных даследаванняў маюць як станоўчыя паказчыкі, так і адмоўныя. Радуе, што амаль 87 % бацькоў адказалі, што ў цэлым у іх існуе ўзаемаразуменне з дзецьмі. Разам з тым больш за траціну бацькоў падчас выхавання маюць пэўныя праблемы — 21 % мам і тат не заўсёды здольныя паўплываць на сваё дзіця. У выніку расце адчужанасць, непаразуменне з малымі. 12 % бацькоў адзначылі, што вельмі рэдка гавораць з дзецьмі па душах.

Спецыялісты лічаць, што атрыманая інфармацыя сведчыць пра недастатковую кампетэнтнасць дарослых у выхаванні. Тое ж даследаванне паказала, што, выхоўваючы дзіця, большасць бацькоў бяруць «звесткі» аб выхаванні з уласнага жыццёвага вопыту і інтуіцыі, а таксама абапіраюцца на вопыт выхавання ў сем'ях сваіх бацькоў. Толькі
21 % карыстаюцца кансультацыямі педагогаў і псіхолагаў.

Тры школьныя прыступкі

Менавіта бацькоўскі ўніверсітэт здольны дапамагчы дарослым сфарміраваць выхаваўчыя навыкі, лічыць Вера Мартынава. Яна расказала аб праграме для навучання бацькоў, распрацаванай па трох прыступках.

Першая прыступка — «Маё дзіця — малодшы школьнік». З першага па чацвёрты клас бацькоў хвалюе развіццё малога, яго адаптацыя да школы, медыябяспека, псіхалагічныя асаблівасці. Спецыялісты БДПУ распрацавалі спецыяльную тэматыку для такіх бацькоў. У праграме разглядаецца значэнне сямейных традыцый у выхаванні і развіцці малых, станоўчыя эмоцыі ў жыцці школьніка, дапамога ў вучобе.

На другой прыступцы бацькоўскага ўніверсітэта — «Маё дзіця— падлетак» — тат і мам вучаць арганізоўваць здаровы лад жыцця дзяцей, іх вольны час, гаварыць пра палавое выхаванне, заўважаць псіхалагічныя асаблівасці падлеткаў.

— Важнымі для абмеркавання пытаннямі павінны стаць такія: «ваша дзіця вырасла», «жыццёвыя мэты падлетка», «асцярожна, суіцыд», «прафілактыка залежнасці», «медыябяспека», — лічыць дэкан. — Бацькам падлетка неабходны кансультацыі, якія датычацца стасункаў дзіцяці з равеснікамі, адказнага бацькоўства як асновы шчаслівай сям'і, школьных канфліктаў.

Заняткі па праграме трэцяй прыступкі — «Маё дзіця — старшакласнік» — закліканы дапамагчы бацькам разабрацца з пытаннямі першага кахання сваіх дзяцей. Навучыць іх, як знайсці ўпэўненасць у сабе, як абраць прафесію, давесці да іх асновы прававога выхавання.

Самі бацькі вылучаюць прыярытэтныя формы работы з імі. Яны, напрыклад, хочуць бачыць у школе сумесныя са сваімі дзецьмі мерапрыемствы, індывідуальныя гутаркі і кансультацыі, размяшчэнне інфармацыі на школьным сайце, практычныя заняткі.

У інфармацыйна насычаным свеце трэба актыўна выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, упэўнена Вера Мартынава.

— Ва ўсім свеце людзі ў сярэднім знаходзяцца ў рэжыме «анлайн» шэсць гадзін сорак дзве хвіліны ў суткі. Падлеткі штодня праводзяць у інтэрнэце каля 3,5 гадзіны. Нам неабходна граматна запоўніць хоць бы частку гэтага часу. Духоўнай культурай, прыгажосцю, стварэннем, і пры гэтым падаць інфармацыю цікава.

Прадстаўнікі сістэмы адукацыі лічаць неабходным стварыць на школьных сайтах спецыяльныя старонкі для бацькоў, дзе можна размяшчаць актуальную інфармацыю. Прынамсі, змясціць там «залатыя» лекцыі вядучых спецыялістаў навукі і практыкі. А яшчэ практыкаваць бацькоўскія сходы ў «анлайн-рэжыме». Рэсурсны цэнтр БДПУ сумесна з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі ўжо паспяхова апрабавалі такую форму сходаў. Бачыцца карысным, каб у шосты школьны дзень у пэўны час сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг праводзілі тэматычныя і індывідуальныя анлайн-кансультацыі. Такія формы работы дапамогуць вырашыць праблемы няпоўных і замяшчальных сем'яў, а таксама сем'яў, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця.

Бацькоўскі ўніверсітэт павінен быць створаны ў кожнай школе і будзе працаваць у адпаведнасці з распрацаванай для яго ў БДПУ праграмай, аднак з улікам асаблівасцяў школы, кантынгенту школьнікаў і іх бацькоў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.