Вы тут

Як арганізаваць бяспеку ў інтэрнэце для сябе і дзіцяці?


Нікога ўжо даўно не здзіўляе, што трохгадовыя дзеці самастойна глядзяць мульцікі на YоuTubе, а людзі ва ўзросце ўпэўнена перапісваюцца ў сацсетках. Пры гэтым многія карыстальнікі не маюць дастатковай інфармацыі аб небяспецы ў інтэрнэце, у іх не сфарміраваны навыкі анлайн-культуры. Вынікі даследаванняў за мінулы год, праведзеных спецыялістамі «Лабараторыі Касперскага», сведчаць аб тым, што палова беларускіх дзяцей, якія карыстаюцца інтэрнэтам, атрымлівалі запрашэнне сябраваць ад незнаёмых людзей у сацыяльных сетках.


tyumen-news.net

Нашы тыповыя памылкі

Спецыялісты прааналізавалі асноўныя праблемы, з якімі нашы карыстальнікі сутыкнуліся за апошні год. Лакальнымі пагрозамі (тымі, што распаўсюджваюцца праз флэшкі, здымныя цвёрдыя дыскі і г. д.) былі атакаваны 51 % беларускіх карыстальнікаў. Колькасць людзей, якія сутыкнуліся з нападамі ў інтэрнэце, склала 42 %.

Аказваецца, беларусы і самі не вельмі асцярожныя ў пытаннях бяспекі. 11 % апытаных прызналіся, што перадавалі логін і пароль для ўваходу ў працоўны акаўнт калегам, якія не з'яўляюцца прадстаўнікамі службы тэхнічнай падтрымкі, 25 % спампоўвалі за апошні год патрэбныя для працы праграмы з неафіцыйных рэсурсаў, а 6 % выкарыстоўвалі карпаратыўны паштовы адрас, каб зарэгістравацца на сайтах для вырашэння пытанняў, не звязаных
з працай.

— З пункту гледжання інфармацыйнай бяспекі сёння найбольш «слабым звяном» застаецца сам чалавек, — адзначае прадстаўнік «Лабараторыі Касперскага» ў Беларусі Дзмітрый КУДРЭВІЧ. — Часта зламыснікам нават нічога не трэба ўзламваць, яны звяртаюцца да старой, як свет, сацыяльнай інжынерыі — у выніку людзі самі выдаюць ім усе патрэбныя даныя.

Спецыяліст упэўнены, што ў бліжэйшыя гады ландшафт пагроз будзе мяняцца, і рызыкі для карыстальнікаў будуць яшчэ большымі. Кібермахляры пастаянна асвойваюць новыя платформы і вынаходзяць новыя тактыкі.

Мой любімы гаджэт...

Дзеці і падлеткі — вельмі актыўныя карыстальнікі сеткі. Так, паводле даных апытання, у 57 % беларускіх дзяцей ва ўзросце 7—9 гадоў ужо ёсць уласны смартфон або планшэт. У 15—18-гадовых лічба дасягае 97 %. 23 % дзяцей ва ўзросце 7—18 гадоў праводзяць з гаджэтам амаль увесь вольны час, пры гэтым 30 % бацькоў прызналіся, што ніяк не кантралююць і не абмяжоўваюць працягласць выкарыстання дзіцем розных прылад.

43 % дзяцей ва ўзросце 7—18 гадоў атрымлівалі запрашэнні сябраваць ад незнаёмых людзей. У 12 % выпадкаў ім прыходзілі прапановы сябраваць ад незнаёмых дарослых.

— Па даных ананімнага апытання, сярод 170 тысяч падлеткаў з дзясяткаў краін свету больш за трэць расказалі, што падвяргаліся цкаванню ў інтэрнэце, — адзначае старшы каардынатар па абароне дзяцінства прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый ШЫЛІН. — Без належнага кантролю інтэрнэт можа стаць крыніцай розных пагроз. Важна інфармаваць дзяцей і іх бацькоў аб небяспецы ў лічбавай прасторы і прывіваць ім навыкі правільнага карыстання інтэрнэт-інструментамі. Пры разумным падыходзе інтэрнэт спрыяе развіццю дзіцяці, дапамагае яму вучыцца і мець нармальныя адносіны з аднагодкамі.

Парады ад экспертаў

  • Не пераходзьце па сумнеўных спасылках з лістоў, паведамленняў у месенджары або SMS.
  • Рэгулярна ўстанаўлівайце абнаўленні для аперацыйнай сістэмы і дадаткаў.
  • Выкарыстоўвайце складаныя і розныя паролі для ўсіх акаўнтаў.
  • Спампоўвайце дадаткі толькі з афіцыйных крам.
  • Дапамажыце дзіцяці асвоіцца ў інтэрнэце.
  • Завядзіце разам з ім акаўнт у сацыяльнай сетцы, пошце, гульнявым сэрвісе. Пакажыце, што ён можа атрымаць, праводзячы час у анлайне.
  • Раскажыце аб анлайн-пагрозах, растлумачце элементарныя правілы анлайн-бяспекі.

Дзіця павінна ведаць пра такія непрыемныя рэчы, як, напрыклад, кібербулінг. Важна данесці да дзіцяці, што яно не вінаватае, калі яго сталі цкаваць у інтэрнэце. Растлумачце, як дзейнічаць у такой сітуацыі: не адказваць на цкаванне. Ігнараванне — самы верны спосаб звесці з'яву на нішто.

Дамоўцеся аб асноўных правілах паводзінаў. Напрыклад, не карыстацца гаджэтам падчас абеду, гуляць у анлайн-гульні толькі 1-2 гадзіны ў дзень, не сядзець у тэлефоне пасля 22.00. Лепш, калі гэтыя правілы будуць выконваць усе члены сям'і, бо дзеці шмат у чым арыентуюцца на дарослых.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Слабае звяно» — мы самі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.