Едзем дадому з доўгай прагулкі па горадзе, малодшая пачынае капрызіць на роўным месцы — тое не так, гэта не гэтак, дайце мне ўвесь свет і пячэнькі. Пажылая жанчына побач уголас здзіўляецца: «А чаму ты плачаш?» Але, перш чым я паспяваю напружыцца ў чаканні маралі накшталт «добрыя дзяўчаткі не плачуць» ці «вось з сабою забяру», дадае: «У цябе ж такая прыгожая ўсмешка!». Малая разгублена ўсміхаецца, потым яшчэ і яшчэ — а каму не даспадобы кампліменты? А жанчына на маю ўдзячнасць тлумачыць: «Я сорак гадоў была настаўніцай малодшых класаў, падыходы ёсць. І ведаеце, што?.. Мы вельмі мала хвалім нашых дзяцей. Не забывайцеся іх хваліць, добра?». На развітанне малая доўга махала ёй рукой праз акно, не сціраючы ўсмешку з твару.
У штодзённай мітусні я, магчыма, забылася б на гэту сустрэчу. Але праз тыдзень давялося стаяць у чарзе ў дзіцячай паліклініцы. Чарга доўгая, сітуацыя напружаная, бо льготнікі розных катэгорый і «проста бацькі» высвятляюць адносіны паміж сабой, каб раней трапіць у кабінет і выбраць з мізэрнай колькасці дэфіцытных талончыкаў на масаж той, які мае самыя... зручныя час і дату. Талончыкаў мо з дзясятак, людзей у чарзе значна больш, многія спазняюцца на працу, а чаканне нясцерпна зацягваецца. Дзесяць хвілін, дваццаць; здаецца, зараз нехта выбухне скандалам, які ўжо адчувальна вісіць у паветры. І раптам... «Ой, якое немаўля прыгожанькае, якія ў яго ручкі маленькія і вочкі светлыя!» — звонка і радасна абвяшчае на ўвесь калідор дзяўчынка гадоў сямі-васьмі. Яна таксама ў гэтай чарзе разам з матуляй, і пакуль тая занятая чытаннем накірункаў, даведак і іншых медыцынскіх дакументаў, шпацыруе ўздоўж сцяны і гучна, а галоўнае, шчыра захапляецца навакольнымі. — «Мамачка, глядзі, якая цёця прывабная — яна вышэй за ўсіх тут, і такія ямачкі ў яе на шчоках, калі ўсміхаецца. Ой, а куды маленькі падзеўся — сышоў? Ён жа да нас яшчэ вернецца? Спадзяюся, ён не хварэе, а толькі па талончык прыйшоў — ён такі сімпатычны!» І адбываецца цуд. Праз некалькі хвілін спакойна і прыязна ўсміхаюцца ўжо ўсе прысутныя, бо амаль кожны атрымаў сваю порцыю ласкі і ўхвалы. А скандал растварыўся, так і не пачаўшыся, хоць чарга рухаецца ніколькі не хутчэй. І мне чамусьці здаецца, што ніхто з дарослых не «разруліў» бы гэту сітуацыю лепш — хіба толькі тая, выпадкова сустрэтая настаўніца, у якой «ёсць падыходы».
Вось праўда, калі вы апошні раз кагосьці хвалілі — блізкага, далёкага, сябра, калегу, малазнаёмага — не лісліва, каб дамагчыся свайго ці атрымаць якія-небудзь бонусы, не дзяжурна, каб замяніць матэрыяльны стымул маральным, а шчыра, хоць бы пад уплывам моманту? (Як пытаўся капітан Джэк Верабей у паплечнікаў-піратаў: «Хоць хто-небудзь выратоўваў мяне проста таму, што засумаваў?») Я не маю на ўвазе штучныя памяншальныя суфіксы. Калі гаворка імі перасыпаная па справе і без, то звароты «чалавечак», «разумненькая ты мая» і да таго падобнае больш раздражняюць, чым падабаюцца. Рэч у тым, каб проста праявіць увагу — да калегі, якой вельмі пасуе новая прычоска, да вадзіцеля тралейбуса, які пачакаў хвілінку і прытрымаў табе адчыненымі дзверы, і, канешне, да ўласнага дзіцяці, якое калі і не прынесла са школы ўсе «дзясяткі», затое перамыла посуд без напаміну. Усё па класіцы — простыя словы, простыя рэчы, каштоўнасць якіх разумееш толькі праз час... Дрэннае, негатыўнае часцей кідаецца ў вочы і даўжэй помніцца, але ці варта на ім засяроджвацца? Мо, адшукаем адзін у адным штосьці добрае і прыгожае? Нездарма кажуць, што прыгажосць — у вачах таго, хто глядзіць...
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Прэв'ю: sub-cult.ru
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.