Вы тут

Гэта дзіўная, незвычайная Каця...


Штрыхі да партрэта тэатральнай мастачкі

Калі ў цябе ў душы засталася хоць адна квітнеючая галінка, то на яе заўсёды сядзе спеўная птушка


Усходняя мудрасць

Кацярына Шымановіч — адна з таленавітых вучаніц народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана, выпускніца Акадэміі мастацтваў. За параўнальна невялікі перыяд працы ў прафесіі паставіла спектаклі, якія звярнулі на сябе ўвагу тэатральнай грамадскасці. А яшчэ паспела набыць імідж крэатыўнага і стыльнага мастака-сцэнографа.

Адна з маіх калегаў неяк параўнала яе з дзяўчынкай-лялькай Суок з кінафільма «Тры таўстуны», створанага паводле казкі Юрыя Алешы ў 1966 годзе. Дазволю сабе працытаваць гэта вобразнае параўнанне.

«Галава Суок — парцалянавы твар з незвычайнымі, майстэрскай лепкі рысамі, з трыкутнікамі падкрэслена тэатральных броваў, з расчыненымі вачыма. Першае ўражанне ад Кацярыны Шымановіч — стрыжаная лялька спадчынніка Туці: тут шарніры, тут вось дрот, там ключык для завода. Цік-так — і падміргнуць вочы, ажывуць пальцы, з‑пад якіх у чарговы раз пасыплецца-пальецца нешта незвычайнае і чароўнае…».

Чаму Суок, спытала я ў Каці.

— Цяжка сказаць. Напэўна, гэта проста асацыяцыі. Бо Суок — дзіўная. І я, мабыць, таксама. А можа ўся справа ў стрыжцы, — пажартавала мая візаві.

Кацярына Шымановіч — яшчэ студэнтка Акадэміі мастацтваў — перамагла на Дэльфійскіх гульнях-2012 у Астане

Дзіўны, дзіўная, дзіўныя — гэтыя вызначэнні ў Кацярыны, наколькі я зразумела з гутаркі з ёй, азначаюць абавязкова нешта незвычайнае. Гэта значыць — не як усе, тое, што вылучаецца з шэрага натоўпу. Гэта можа быць чалавек, карціна, касцюм, група людзей, спектакль, адносіны паміж людзьмі…

Такая і яна сама, гэтая абаяльная, надзвычай мілая 25‑гадовая мастачка. На яе немагчыма не звярнуць увагі. Дапытлівы, вельмі сур’ёзны погляд і здольнасць імгненна зрэагаваць на жарт — заразліва, па-дзіцячы засмяяцца, а то нават і заплакаць, калі вельмі расчуліцца. Дзіўна, як дакладна, лепш не прыдумаеш, прымеціла калега гэтую Каціну асаблівасць — хутка ўключацца ў струмень жыцця, імгненна рэагаваць на што б там ні было. Так, верагодна, з ёй цяпер адбываецца і ў прафесіі: прачытае п’есу — і наперад, хутчэй тварыць!

Прагляд кампазіцыі ў Акадэміі мастацтваў разам з сакурснікамі. Справа — Барыс Герлаван.

А ў прафесіі пакуль — хваля поспехаў. Чаго толькі «Кароль Лір» варты! Яе першы самастойны спектакль на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра! Ды яшчэ з кім! З культавым рэжысёрам Мікалаем Пінігіным! Да таго разам з мужам, сцэнографам Сяргеем Ашухам, Каця працавала над нашумелай прэм’ерай мінулага сезону — спектаклем «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», рэжысёр-пастаноўшчык Алена Ганум. Яшчэ раней разам з ім стварала дэкарацыі, касцюмы да спектакля «Зямля Эльзы» на Камернай сцэне, які таксама ставіла Ганум. Там жа ішла і самая першая яе пастаноўка — «Запалкi», рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Ларына. А «Радзіва “Прудок”» Рамана Падалякі паводле п’есы Андруся Горвата дагэтуль пракатваецца з аншлагамі. Дарэчы, за гэты спектакль, як і за «Запалкі», ёй прысудзілі прэстыжную прэмію імя Івана Ушакова, вядомага беларускага мастака-сцэнографа. Каця і аўтар касцюмаў да оперы «Сельскі гонар» П’етры Масканьі ў Вялікім тэатры, дзе працуе мастаком. Некалькі гадоў запар адказвае і за мастацкае афармленне Вялікага навагодняга балю. А цяпер у Вялікім разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Дар’яй Пататуркай будзе ствараць сцэнаграфію і касцюмы да дзіцячай оперы «Коткін дом».

Як жа Каця вытрымлівае такі шчыльны графік занятасці? Кажа: лёгка. Бо як інакш? Займаецца ж любімай справай! Для сябе яна зразумела важную рэч: трэба жыць, працаваць і адпачываць так, каб атрымліваць ад усяго — радасць, задавальненне. А калі ўзнікаюць праблемы, то не хвалявацца, не перажываць, а дзейнічаць. Змена ў яе свядомасці адбылася ў аўстрыйскім Лінцы, у Кунст-універсітэце, дзе яна некалькі месяцаў вучылася дзякуючы міжнароднаму праекту па абмене студэнтамі. Там пазнаёмілася і пасябравала з аднагодкамі з Польшчы, Румыніі. Яны, тлумачыць, больш свабодныя, чым мы, менш зацыкленыя на няўдачах. Лічаць лепшым сродкам ад іх — рухацца далей.

— Мне яшчэ пашчасціла, што вучылася ў сапраўднага майстра сцэнаграфіі. Ён даў нам прафесію. Мне не забыцца пра часы свайго студэнцтва. Праўда, і дагэтуль зрэдку можа прысніцца жах: нешта не атрымліваецца. Памятаю, як усё добра пачыналася, як на працягу ўсяго першага семестра, у перыяд так званай фармальнай кампазіцыі, Барыс Федасеевіч мяне нават хваліў. І як прымаў мой праект. Вядома ж, я радавалася. А потым пачалося... Рыдала, як і мае аднакурснікі: маўляў, нічога не атрымліваецца, нічога не паспяваю… А Герлаван патрабаваў аргументаў: чаму я раблю так, а не па-іншаму? Прывядзі, казаў, неабвержныя доказы. Часам здавалася мне, што я ну проста памру, шукаючы тыя доказы…

І Каця яшчэ падзялілася тым, як працавала над макетам паводле незавершанага сцэнарыя «Мой брат памёр». Там у яе быў касмічны падыход да вырашэння, не побытавы. Макет яна зрабіла да тэрміну прагляду Герлаванам, а пасля яго — рэктарскай камісіяй. Радавалася, ганарылася, што паспела. А напярэдадні прагляду прымудрылася ўпасці… прама на макет. Ці спатыкнулася, ці за нешта зачапілася. Уся канструкцыя сагнулася… Гэта, прызнаецца, была катастрофа:

— Са мной здарылася істэрыка… Выратавалі мяне і праект бацькі: яны працавалі ўсю ноч, а мяне адправілі прэч, каб супакоілася. І ўсё выправілі. Як гэта ні смешна, але я і сапраўды супакоілася, пакатаўшыся на ровары.

Каця і цяпер з велізарнай удзячнасцю ўспамінае бясцэнны досвед, набыты падчас вучобы ў Герлавана. Дзякуючы яму, кажа, яна стала загартаванай, больш мацнай, навучылася з гумарам ставіцца як да ўласных промахаў, так і да поспеху.

— Калі хваляць мяне за сцэнаграфію, мне, вядома, прыемна, але я ж не адна працавала. Колькі людзей робяць спектакль! Абмеркаванне ж дэкарацый, касцюмаў, нейкіх прыдумак — гэта момант сатворчасці рэжысёра і мастака, дыялог. Я, да прыкладу, магу прапанаваць тое, што хачу выкарыстаць у сцэнаграфіі, а рэжысёр, дапусцім, не лічыць тое, што мне вельмі падабаецца, неабходным. І я тады яго пераконваю, знаходжу аргументы, нешта даказваю…

Пэўна, школа Герлавана ў тым дапамагае: даказваць, аргументаваць. Кажу пра тое Каці. Абедзве смяёмся.

Адкуль у ёй жылка мастака, цяга да творчасці?

Аказваецца, і сям’я ў Каці творчая. Мама Яўгенія Рычардаўна — дызайнер, закончыла Мінскі мастацкі каледж імя Аляксея Глебава, яна яшчэ і псіхолаг. Тата Багдан Уладзіміравіч вучыўся ў школе з мастацкім ухілам. Потым набыў медыцынскую спецыяльнасць, працаваў рэаніматолагам-анестэзіёлагам, а ў цяперашні час творча рэалізуе сябе ў мастацкай працы з металам і дрэвам. З маленства, колькі сябе памятае, Каця малявала, нешта майстравала… Дагэтуль яшчэ жывы Дзед Мароз з пап’е‑машэ, якога ўсёй сям’ёй, яшчэ да нараджэння брата, яны ляпілі ды размалёўвалі. Потым і з Мішкам ужо майстравалі з салёнага цеста забаўныя ёлачныя цацкі-фігуркі.

Кацярына і Сальвадор Далі ў Нацыянальным музеі мастацтваў XXI стагоддзя ў Фігерасе (Іспанія)

І гэта, як цяпер гавораць: гены. А яны ў Кацярыны, акрамя бацькоўскіх, і сапраўды творчыя. Можа калі-небудзь, як мая суразмоўца замовіць сабе генеалагічнае дрэва, то ў радаводзе сярод сваякоў мы пабачым і кампазітараў, і вядомых арганізатараў музейнай справы, і музыкаў з музыказнаўцамі, і нават парачка журналістаў там знойдзецца… А пакуль ёй гаварыць пра тое не хочацца. Не яе гэта дасягненні. Зрэшты, Каця мае рацыю. Бо гены могуць і не раскрыцца, калі чалавек сам не напружваецца.

Ёй жа напружанне па душы, падабаецца пастаянная творчая ўключанасць. І пра яе саму хочацца яшчэ сказаць: Каця як той невялікі генератар, які дае творчы ток. Магу выказаць і здагадку: таму з ёй і рэжысёрам працаваць падабаецца.

Дарэчы, яна доўга ў Дзеда Мароза верыла. І цяпер, калі я ў Каці спытала, чым парадаваў у Новы год яе муж, яна мяне паправіла: Дзед Мароз парадаваў…

Я, вядома ж, не ўстрымалася і ад пытання: як яна і Сяргей, дзве творчыя асобы, разам ужываюцца. Нармальна, сказала, ім добра разам. Абодвум цікава і на працы, калі ёсць агульны праект, калі разам нешта ствараюць, і дома. Абодва ж занятыя справай, якая і аднаму, і другому падабаецца. Адзін аднаго лёгка разумеюць. Калі адразу не ўдаецца зразумець, то размаўляюць і прыходзяць да кансэнсусу. Разам яны і падарожнічаюць, адкрываючы для сябе новыя месцы, новую культуру. Каці вельмі запала ў душу Іспанія. Гэта краіна камянёў, мудрагелістых формаў, кіпарысаў, кажа… Там яна, калі ўбачыла прыроду, зразумела, адкуль у любімых ёю іспанскіх мастакоў такое бачанне свету. Іспанскую прыроду цяжка, гаворыць, параўнаць з беларускімі краявідамі, лясамі і садамі, з елкамі, яблынямі і грушамі. У Аўстрыі Кацю ўразілі горы. А як жа мора, пытаюся. Падабаецца? Хіба можа не падабаецца: яно ж чарадзейнае. Упершыню яна ўбачыла мора ў адзінаццацігадовым узросце, калі іх з братам дзядулі з бабуляй павезлі ў Крым. Калі мора адкрылася воку, а тое здарылася ў Севастопалі на падыходзе да пляжа Учкуеўка, то Каця прыйшла ў невымоўнае захапленне. Добра памятае, як гучна крычалі разам з братам: мора! мора!.. І абдымаліся.

Чараўніцтва, казкі — яе канёк. Таму сярод любімых кніжак і фільмаў з дзяцінства — «Гары Потэр». А на маё пытанне, з чаго пачынаецца ў яе працэс прыдумвання дэкарацый, ці ёсць нейкі адпраўны пункт, яна адказала:

Сцэна са спектакля «Радзіва “Прудок”»

— Я ўжо ў адным з інтэрв’ю гаварыла пра тое, што доўга не разумела: як такі падрабязна апісаны свет, як у «Гары Потэры», можа быць прыдуманым. А потым адчула сама, як тое атрымліваецца. Усё адбываецца як бы само сабой. Няма ніякага адпраўнога пункту. Няма і думкі: вось цяпер я буду тварыць, ствараць дэкарацыі. Проста, пазнаёміўшыся з п’есай, пачынаю жыць у тым свеце. І як бы бачу яго, адчуваю… Ён паступова выяўляецца ў маёй свядомасці, а потым і на сцэне. У тым ёсць сапраўды нешта чароўнае.

Магчыма, таму сярод любімых мастакоў, якія Кацю натхняюць, сюрэалісты — Міро, Шагал, Кандзінскі, Малевіч, Магрыт… А Сяргей адкрыў для яе іспанскага абстракцыяніста Антоні Тапіеса. Таксама яна ў захапленні ад Сальвадора Далі. Ён для яе — «дзіўны», няпросты. Лічыць: такім і павінен быць мастак.

Сцэна са спектакля «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

І я разумею Кацю, таму што сама прыхільніца сюррэалізму, а ён несумяшчальны з логікай. У ім ёсць і магія, і чараўніцтва, і дзёрзкасць, якія дазваляюць выяўляцца ўяўленню, трансфармаваць вобразы, злучаць незлучальнае. Што, дарэчы, знаходзіць адбітак і ў Каціных дэкарацыях.

Вядома ж, і логікі ў яе прафесіі мастака-сцэнографа таксама звышдастаткова. Бо пасля таго, як зацверджаны макет спектакля, пачынаюцца зносіны з цэхамі: уступае ў сілу вытворчасць. Пытаюся ў Каці яшчэ, ці цяжкі для яе быў перыяд, калі працавала над «Каралём Лірам»? Ды не, кажа: не цяжкі, гэта так натуральна ў маёй працы, бо ад таго, што раблю, атрымліваю задавальненне. І мне чамусьці ў гэты момант прыгадалася Суок, якая на пытанне, ці цяжка ёй быць лялькай, падумала: бываюць больш цяжкія дні, напрыклад, жангліраваць запаленай лямпай, ці рабіць двайное сальта-мартале…

Шмат цікавых дэталяў, прыдумак, якія характэрныя для стылю Кацярыны-сцэнографа, у спектаклі «Радзіва “Прудок”»

Цікава, пра што падумала Каця, калі адказвала на пытанне: ці было ёй цяжка? Мяркую, падумала пра тое, пра што і сказала. Бо яна падаецца мне натурай цэльнай: словы адпаведныя думкам. І, дарэчы, наколькі я зразумела, Каця адчувае вялікую радасць ад вырашэння нават складаных творчых задач. А ўсё, па-мойму, таму, што — на пазітыўную жыццёвую хвалю настроена.

Валянціна Ждановіч

Фота з асабістага архіва Кацярыны Шымановіч і kupalauski.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.