Вы тут

У пракат выходзіць новы фільм Рамана Паланскі


Нягледзячы на тое, што Венецыянскі кінафестываль раскрытыкавалі за ўключэнне ў асноўны конкурс фільма Рамана Паланскі, якога абвінавачваюць у гвалце над непаўналетнімі, а старшыня журы Лукрэсія Мартэль напаказ адмовілася ісці на ўрачыстую вячэру ў гонар карціны, “Афіцэр і шпіён” атрымаў другую па значнасці ўзнагароду мостры — Асаблівы прыз журы. А таксама прыз Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Фільм — яго арыгінальная назва гучыць як “Я абвінавачваю” з адсылкай да знакамітага артыкула Эміля Заля — скрупулёзна расказвае аб прадузятай справе супраць яўрэя Альфрэда Дрэйфуса ў канцы XIX стагоддзя. Хітрун Паланскі: паказваючы знакамітую ахвяру антысеміцкі настроенага грамадства, ён, канешне ж, намякае на сябе.


Гісторыя з пераследаваннем Паланскі цягнецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў: у 1977 яго ўпершыню абвінавацілі ў гвалце над непаўналетняй дзяўчынай, за чым пайшлі публічныя прызнанні іншых ахвяраў рэжысёра. Адно з іх, напрыклад, — ад французскай актрысы Валянцін Манье — прагучала літаральна некалькі месяцаў таму. Пасля абвінавачвання грамадзянін Польшчы і Францыі Раман Паланскі збег з ЗША і стаў жыць у Францыі, якая, згодна з канстытуцыяй, не можа экстрадаваць сваіх грамадзян.

Адпаведныя сітуацыі абмежаванні і напружанне не перашкодзілі рэжысёру здымаць кіно і заставацца адным з самых уплывовых кінааўтараў сучаснасці. Так, “Дзіця Размары” і “Кітайскі квартал” на момант 1977 года ўжо былі знятыя, але “Піяніст”, што атрымаў “Залатую пальмавую галіну” і тры прэміі “Оскар”, быў яшчэ наперадзе.

“Афіцэр і шпіён” паўтарае ўлюбёны Паланскі матыў самотнага чалавека ў варожым асяроддзі, што, напэўна, у якасці адлюстравання прыватных перажыванняў гнанага рэжысёра дасягнуў кульмінацыі як раз у “Піянісце”, калі яго галоўны герой польскі яўрэй Уладзіслаў Шпільман сыграў на піяніна на руінах Варшавы бы на руінах жыцця. Адсылка да гэтай сцэны ёсць і ў “Афіцэры”, адзінае што на піяніна тут іграе не сам прыгнечаны яўрэй, а яго абаронца француз, які праз сваю прынцыповасць таксама трапляе пад астракізм.

Дык вось, гаворка пра знакамітую справу Альфрэда Дрэйфуса — капітана французскай арміі, яўрэя паводле нацыянальнасці, якога па ліпавых доказах абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Германіі, публічна пазбавілі воінскіх рэгалій і адправілі ў турму, прычым такую, дзе ён ні з кім не змог бы перакінуцца словам. З гісторыі мы ведаем, што абвінавачванне Дрэйфуса вылілася ў даволі жорсткае і цемрашальскае супрацьстаянне паміж абаронцамі справядлівасці і адкрыта антысеміцкім грамадствам, дзе меў месца, напрыклад, заступніцкі, адрасаваны прэзідэнту Францыі, артыкул Эміля Заля “Я абвінавачваю”, за які пісьменнік быў асуджаны і ў выніку збег з краіны.

Раман Паланскі выкарыстаў у якасці асновы раман Роберта Харыса і ўзяўся метадычна і паслядоўна, у дакладна ўвасобленых антуражах, з дабротнай работай з касцюмамі і перадачай належнага духу часу, крок за крокам паказваць тыя падзеі. Фільм пачынаецца з прыніжальнай цырымоніі публічнага разломвання афіцэрскай шпагі ў знак пазбаўлення Альфрэда Дрэйфуса звання, дзе мы ўпершыню бачым Мары-Жоржа Пікара — таксама адкрытага антысеміта, які тым не менш адыграе ключавую ролю ў вяртанні яўрэю добрага імені.

Праз Пікара — яго іграе Жан Дзюжардэн, што цудоўна падыходзіць да роляў, у якіх трэба паказаць ледзь не прыроджаную высакароднасць, — мы адсочваем усю гісторыю, зрэшты, сам асуджаны ўсё роўна сядзіць у турме і ні з кім не размаўляе, таму галоўным героем выступае ўмоўна. За удзел у справе Дрэйфуса Пікар атрымлівае павышэнне і на новай пасадзе выяўляе няслушнасць доказаў вінаватасці капітана, таму як сумленны чалавек дакладвае пра гэта генералам, але іх спагады не сустракае.

Справа Дрэйфуса традыцыйна выступае для нас выкрыццём антысемітызму — вядома ж, Раман Паланскі недарэмна вяртаецца да тых падзей і апроч намёка на сябе самога намякае на сучаснасць у цэлым, а не ён адзіны апошнім часам выступае з заявамі — “Афіцэра” можна ўспрымаць менавіта як заяву — пра чарговае разрастанне нецярпімасці ў грамадстве.

Але ўсё ж не проста антысемітызм выкрывае “Афіцэр і шпіён”, а мелкасць душы, якая дазваляе ўласным поглядам уплываць на аб’ектыўнасць і ператварацца ў прадузятасць (што праяўляецца далёка не толькі ў антысеміцкіх настроях, але і, напрыклад, у гісторыі з папрокамі Дональда Трампа за сэксісцкія выказванні падчас яго прэзідэнцкай кампаніі). Карціна дазавана, але для патрэбнага ўражання дастаткова паказвае цемрашальства, праз якое людзі масава ганьбяць абаронцаў Дрэйфуса, устройваюць яўрэйскі пагром, паляць кнігі і нават забіваюць. У той жа час галоўны герой фільма высакародны Пікар таксама не любіць яўрэяў і гэтага не хавае — апошняя сцэна сустрэчы з Дрэйфусам пакажа, што погляды цяпер ужо міністра не памяняліся, але ад масы яго адрознівае тое, што справядлівасць ён ставіць вышэй за ўласныя перавагі.

“Афіцэр і шпіён”, які, між тым, трапіў у дванаццаць намінацый нацыянальнай кінапрэміі Францыі “Сезар”, — прыемны воку лікбез і дакладнае выказванне пра сучаснасць праз падзеі канца XIX стагоддзя. Апроч станістай ігры Дзюжардэна свайго персанажа Дрэйфуса цудоўна выканаў Луі Гарэль, не кажучы ўжо пра трапныя тыпажы ў другарадных ролях. У фільме знайшлося месца і жонцы Паланскі Эманюэль Сенье, якая сыграла каханую Пікара.

У кінатэатрах Falcon Club Буцік Кіно, Silver Screen і “Кінавідэапракаце” карціна “Афіцэр і шпіён” пачынае ісці сёння.

 

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.