Вы тут

Жыхары Бабіч не хочуць страціць адзіную ў вёсцы грамадскую ўстанову — клуб


Некалі ў Бабічах, што на Брэстчыне, была школа, быў магазін. Цяпер няма нічога, толькі ў памяшканні ранейшай крамы размяшчаецца дом сацыяльных паслуг. Апошні ў Камянецкім раёне. Ён служыць людзям медпунктам, калі прыязджае ўрач, залай пасяджэнняў — калі праводзіцца сход альбо сустрэча з прадстаўнікамі розных службаў, домам культуры — калі выступаюць самадзейныя артысты. А ў астатнія дні гэта сапраўдны клуб па інтарэсах для жыхароў, якіх у вёсцы засталося тры дзясяткі.


Ва­лян­ці­на Пра­ліс­ка.

Мясцовая славутасць

У гэтым клубе мы сустрэлі яго кіраўніцу Лідзію Шамяцюк і жыхарку Бабіч Валянціну Праліска. Валянціна Аляксандраўна — мясцовая славутасць. Яна малюе, спявае, піша вершы-сказанні, пячэ караваі. Яна аптыміст, а яшчэ вялікі аматар прыроды. Вясковая жанчына — самавучка, малюе найчасцей алоўкам, нават шарыкавай ручкай. Некаторыя яе сюжэты нагадваюць анімацыйны рад. Бачыць пенсіянерка за акном буслоў, якія толькі вярнуліся з выраю на сваё гняздо, — і тут жа замалёўвае птушак: як яны стаяць, нават абдымаюцца доўгімі шыямі, як папраўляюць гняздо, як бусел потым носіць ежу сваёй сяброўцы, што выседжвае птушанят. Зламалася бярэзіна побач з домам — Валянціна Аляксандраўна яе тут жа замалёўвае ў альбоме, бо карцінка з гэтым самым дрэвам ва ўсёй красе ў яе ёсць.

— Усё жыццё, колькі сябе памятаю, малюю, — расказвае жанчына. — Калі была маладая, часу вечна не хапала. Працавала ў калгасе, дзяцей гадавала, свая гаспадарка вялікая, адзін час тры каровы з мужам трымалі. Але ўсё роўна... у тры гадзіны ночы, у выхадныя, у святы запісвала, замалёўвала. Бягу, бывала, у сваю родную Мікалаеўшчыну, па дарозе ўбачу акацыю, якая так прыгожа расцвіла. Стаю ледзь не паўгадзіны — любуюся, знаю, што потым намалюю, можа, яшчэ верш напішу.

А яшчэ Валянціна Праліска спявае. Згадвае, як некалі ў школьнай самадзейнасці бліскуча выступала на сцэне. А потым да бацькоў прыехалі са школы і музычнага вучылішча, раілі адпусціць дачку вучыцца ў Брэст. Але бацькі не маглі сабе гэтага дазволіць, бо старэйшы сын вучыўся ў інстытуце ў Львове, трэба было яму дапамагаць. «Так і скончылася мая музычная кар'ера», — з іроніяй згадвае пенсіянерка. Але ж яна не крыўдуе на бацькоў: сама не вельмі хацела з дому ад'язджаць у горад. Пасля сямігодкі дапамагала па гаспадарцы. Рана выйшла замуж. Сусед прыйшоў пасля службы ў марфлоце — як убачыла яго ў бесказырцы ды паласатай цяльняшцы, ёкнула сэрца. Пражылі паўвека разам, дзяцей выгадавалі, дачакаліся не толькі ўнукаў, але і праўнукаў.

Цяпер вось адна. Таму часцей дастае сшытак з ранейшымі творамі, больш перачытвае, чым запісвае. Згадала, як аднойчы муж расказваў пра свайго бацьку, які не вярнуўся з вайны. Ён тады быў найменшы ў сям'і. Калі праводзілі бацьку, трымаў яго за руку — думаў, калі будзе трымаць вельмі моцна, той не захоча адпускаць і не сыдзе ад іх. А потым не верыў пахаванцы. Чакаў яго доўга. З таго аповеду яна напісала доўгі верш-сказанне. І прачытала яго мужу толькі адзін раз, бо дарослы мужчына вельмі расстроіўся, разнерваваўся, доўга не мог супакоіцца.

Але ж больш Валянціна Аляксандраўна піша не пра вайну, а пра прыроду, гэта заўсёды была любімая тэма. І піша, вядома, не толькі для сябе. Шмат яе малюнкаў упрыгожваюць Дом сацыяльных паслуг. Убаку за сталом стаіць калядная звязда. Яе ўпрыгожыла і аздобіла Валянціна Аляксандраўна. Самадзейныя артысты з іншых вёсак нярэдка пазычаюць.

Лі­дзія Ша­мя­цюк.

Культурны і духоўны ачаг

— А колькі караваяў напякла на вяселлі наша Аляксандраўна! — кажа Лідзія Шамяцюк. — Словам, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Лідзія Пятроўна, у мінулым настаўніца пачатковых класаў, — умелы арганізатар і пастаноўшчык усіх мерапрыемстваў. Старшыня сельскага Савета Віктар Міхайлоўскі расказаў, што ў цяперашнім клубе выступалі найлепшыя самадзейныя калектывы раёна:

— У Бабічы няпроста прыехаць, сюды яшчэ трэба трапіць. Паміж калектывамі нават бывае канкурэнцыя за выступленне менавіта ў Бабічах. Бо тут не проста сустракаюць гасцей, а рыхтуюць сапраўднае шоу з боку гаспадароў. Лідзія Пятроўна збярэ ўсіх людзей, хто толькі можа стаяць на нагах, прыходзяць і з суседніх вёсак. Для артыстаў ладзяць цэлую чайную цырымонію, сустракаюць іх пірагамі. Аднойчы з Жабінкі прыехаў калектыў з 28 чалавек. Калі ўбачылі гэты будынак былога магазіна, крыху сумеліся. Маўляў, што гэта за культурная ўстанова. А калі зайшлі, пагаварылі, паспявалі, то і ад'язджаць не спяшаліся.

Адзіную грамадскую ўстанову жанчыны ўладкавалі з любоўю. На падлозе пасланы вытканыя іх рукамі ходнікі. Сцены, сталы ўпрыгожваюць вышыванкі, карціны. Нават даўнішнія фартушкі сваіх маці і бабуль яны прымацавалі ў выглядзе невялікай экспазіцыі. Асобны куток прысвечаны рэлігійнай тэматыцы — сюды ж прыязджае айцец Міхаіл з Трасцяніцы, праводзіць гутаркі, сустракаецца з прыхаджанамі, зусім старых і нямоглых спавядае, перад святам Вялікадня асвячае кулічы. Так што ролю культурнага і духоўнага ачага гэты дом цалкам выконвае. На стале заўважаю вялізны альбом працоўнай славы з фотаздымкамі.

Фотаздымкі, якія не згарэлі

Цікавая аказалася яго гісторыя. Гэтае фатаграфічнае сведчанне дзясяткаў гадоў калгаснай работы выхапілі ледзь не з агню. Калі тутэйшы калгас скасавалі, ці, правільней сказаць, далучылі да іншага, кантора збіралася выязджаць, дакументы альбо вывозілі, альбо палілі. Вось у топку атрымаў накіраванне і гэты альбом, яго ўжо прынеслі ў кацельную, каб спаліць. Але ж качагары пагарталі, можа, каго знаёмага на здымках убачылі — і не здолелі кінуць у агонь — сказалі Лідзіі Пятроўне, яна і забрала рарытэт. Цяпер той грунтоўны альбом у цвёрдым пераплёце ляжыць на пачэсным месцы. Многія дзеці, унукі былых калгасных перадавікоў заходзяць паглядзець. Некаторыя з дазволу гаспадынь забралі фотаздымкі родных — аказалася, у іх сямейных архівах не было такіх, дзе маладыя маці альбо бацька сфатаграфаваныя на сваіх рабочых месцах.

Клуб ці дом — абы не зачынілі

Паводле дакументаў гэты дом называецца клубам, бо знаходзіцца на балансе аддзела культуры райвыканкама. І яго аматары хвалююцца, што ўстанову могуць закрыць. Тым больш што гаворка аб гэтым вялася.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай ГРОМІК расказаў карэспандэнту газеты, што аднойчы ўжо прыязджаў на сход у Бабічы, каб абвясціць людзям, што клуб закрываецца:

— Гэту ўстанову добра ведаю, бываў не раз на іх мерапрыемствах, калі свята вёскі праводзілі, напрыклад. Сюды ж бібліятэчны аўтобус раз на месяц прыязджае, кнігі прывозіць. Але ж установа стратная, прынятае рашэнне яе зачыніць. Толькі як пагаварыў з людзьмі, паглядзеў у вочы гэтым руплівым жанчынам, паабяцаў ім яшчэ хоць на год клуб пакінуць.

На развітанне жыхаркі Бабіч прасілі мяне напісаць у газеце, каб іх установу пакінулі. Не такія ўжо вялікія грошы на яе ўтрыманне выдаткоўваюцца нават у маштабах раёна. У крайнім выпадку айцец Міхаіл гатовы ўзяць гэты дом пад крыло царквы, калі б перадалі яго бязвыплатна альбо за адну базавую велічыню. Бо лягчэй за ўсё павесіць замок і сказаць, што пытанне вырашана.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Каб не павесілі замок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.