Вы тут

У Гродне пройдзе маштабны крэатон для старшакласнікаў «Першыя ідэі: тэхналогіі»


15 лютага ў абласным цэнтры адбудзецца крэатон, удзел у якім могуць узяць вучні з усёй Беларусі. Ён пройдзе ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.


Крэатон пад назвай «Першыя ідэі: тэхналогіі» пройдзе ў дзелавым цэнтры «Біржа» (пр. Касманаўтаў, 37а) з 12.00 да 16.00. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з любога рэгіёна краіны, якім цікава праявіць сябе, патрэніравацца генерыраваць ідэі, прэзентаваць іх на публіцы і атрымаць парады ад экспертаў. Удзел у крэатоне — бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі.

Раней у Віцебску і Магілёве прайшлі крэатоны для старшакласнікаў па тэмах «Культура» і «Інклюзія». Кожны з іх сабраў больш як 130 удзельнікаў. Гэтым разам у Гродне школьнікам прапануюць пагутарыць пра футурыстычны ўплыў сучасных тэхналогій на наша жыццё, а таксама абмеркаваць іх ўздзеянне на сферу адукацыі.

Спачатку старшакласнікі паглядзяць некалькі відэаролікаў з выступленнямі сусветна вядомых спікераў. Убачанае патлумачыць эксперт, які сутыкаецца з узнятымі пытаннямі ў сваёй працы. Ён жа паставіць удзельнікам крэатона канкрэтную задачу. Школьнікі падзеляцца на каманды і калектыўна абмяркуюць, якія ідэі можна было б прапанаваць для дасягнення акрэсленай мэты, а затым прэзентуюць свае задумы перад аўдыторыяй. Па выніках абмеркавання журы з ліку экспертаў па тэме крэатона, прадстаўнікоў кампаніі А1 і акадэмічнай супольнасці Гродна адзначыць лепшыя выступленні, пракаментуе ідэі і ўзнагародзіць іх аўтараў.

У межах праекта арганізатары ладзяць першы беларускамоўны падкаст для падлеткаў «Першыя».

Зараз запісана некалькі эпізодаў, у якіх можна даведацца пра лайфхакі прамоўніцкага майстэрства, культурніцкія праекты ў тэатральнай сферы, стварэнне інклюзіўнай прасторы. Хутка на старонцы з’явіцца новы выпуск пра сучасныя тэхналогіі.

«Першыя» — гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак працягваецца да 8 сакавіка, і прапанаваць сваю задуму могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз — iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk на беларускай мове.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце праекта «Першыя».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.