Вы тут

На беларускай мове выйшла аўтарская версія культавага рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»


Выданне твора Сяргея Пясецкага прадставілі на міжнароднай кніжнай выстаўцы.

Найвядомейшы твор беларускага і польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», што 82 гады таму намінаваўся на Нобелеўскую прэмію, выйшаў на беларускай мове ў другім, пашыраным выданні. Прэзентацыя рамана, упершыню перакладзенага з аўтарскай версіі, адбылася на стэндзе Польскага інстытута ў Мінску на міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.


Прафесійны кантрабандыст і агент разведак адразу некалькіх краін, у 1927 годзе Сяргей Пясецкі быў асуджаны на смяротнае пакаранне, у апошні момант замененае на пятнаццацігадовае зняволенне. Ужо седзячы ў турме, злачынец і бунтаўшчык, што праз арганізаваныя бунты адстойваў правы вязняў, стаў знакамітым пісьменнікам, творы якога перакладаюцца на дзясяткі моваў свету.

«Каханак Вялікай Мядзведзіцы» з’яўляецца, напэўна, найвядомейшым з раманаў Пясецкага — яго новы пераклад на беларускую мову ажыццявіла Марыя Пушкіна. Падчас падрыхтоўкі першага выдання «Каханка» ў 1960-х аўтар быў вымушаны пагадзіцца на пэўныя праўкі. «Сяргею Пясецкаму, які тады сядзеў у турме, сказалі, што раман занадта вялікі для аднаго тома, а разбіваць яго на два эканамічна невыгадна, — кажа Марыя Пушкіна. — Ён піша пра гэта ў прадмове 1963 года. Пясецкі намагаўся вярнуць тое, што было выкінута, і апошнія праўкі адпраўляў ужо са шпіталя ў 1964 годзе перад смерцю».

Прадстаўніца Фонду Сяргея Пясецкага ўнучка пісьменніка Эва Тамашэвіч, з якой выдавецтва дамаўлялася аб выкарыстанні аўтарскіх правоў на выданне новага перакладу, настойвала на важнасці выкарыстання менавіта пашыранай версіі «Каханка».

«Пясецкі адкрыў паралельнае ДНК беларусаў, — сказаў на прэзентацыі выдання пісьменнік і арт-дырэктар выдавецтва «Логвінаў» Павел Касцюкевіч. — Мы заўсёды знаходзімся на баку памяркоўнасці, рахманасці і гераічнасці, а тут прыходзіць ён і кажа, што насамрэч наш шлях — гэта п’яны дэбош, танцы на сталах і даступныя жанчыны ў кантрабандзе. З ім мы адкрылі паралельную рэальнасць, якой, можа быць, і саромеемся, але кнігі Пясецкага разлятаюцца як гарачыя піражкі».

Свежая — 2020 года — кніга выдадзена ў выдавецтве «Логвінаў», рэдактарам стаў Андрэй Хадановіч.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Прэв'ю: lohvinau.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?