Вы тут

Чаму ў нашым грамадстве вырастаюць нядбалыя бацькі?


Гэта гісторыя пранеслася па прасторах інтэрнэту ў апошнія дні студзеня, і неяк асабліва зачапіла. Чацвёра дзяцей у адной з вёсак Баранавіцкага раёна некалькі дзён правялі ў халоднай хаце без ежы, пакуль іх не забралі работнікі міліцыі і аддзела адукацыі. Здавалася б, нічога асабліва новага: штогод адкрываюцца дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзеці ўладкоўваюцца ў прыёмныя і апякунскія сем'і ўсё па той жа прычыне. Іх бацькоў прызналі няздольнымі выконваць свае абавязкі. Можна сказаць, маладыя, найчасцей, здаровыя суайчыннікі аказаліся духоўнымі банкрутамі.


Вымушанае сталенне

Але ў той, баранавіцкай гісторыі ў мяне камяк да горла падступіў ад аповеду пра паводзіны старэйшай, 9-гадовай, дзяўчынкі. Яна, нібы дарослая, у адсутнасць бацькоў кожны вечар ставіла будзільнік, ранкам апранала меншых у школу і садок, выпраўляла іх, а потым ішла сама на ўрокі. Малыя былі хворыя, з тэмпературай, але ж ісці мусілі, там можна было хоць паесці ды сагрэцца. У хаце стаяў холад, печы ж усе дні ніхто не распальваў.

Згадалася заметка, прачытаная вельмі даўно ў газеце «Известия». Яны тады па сутнасці перадрукавалі матэрыял свайго франтавога карэспандэнта часоў вайны. Невялікая замалёўка, добра помню, называлася «Мужык і баба». Аўтар знайшоў іх у адной рускай вёсцы, нядаўна вызваленай. Іх бацькі загінулі. Хлопчык і дзяўчынка, аднаму з іх было крыху менш за дзесяць, другому — крыху больш, трымалі хатнюю гаспадарку: кармілі карову і іншую жыўнасць, палілі ў печы, тая гаспадынька нават хлеб пякла. Дзеці трымаліся, паводзілі сябе нібы маленькія дарослыя. Франтавік быў узрушаны тым, што зрабіла з дзецьмі вайна. Дык там вайна! А тут уражвае вымушаная сталасць малой у ХХІ стагоддзі, калі мы прывыклі апякаць дзяцей нават пасля іх паўналецця.

Цяпер тыя дзеці з Баранавіцкага раёна ў поўнай бяспецы. Дзяўчынку адразу забралі ў прытулак, малых, якія былі прастуджаныя, пралячылі ў дзіцячай бальніцы, а пасля выпіскі накіравалі таксама ў прытулак. Там яны сустрэліся са сваёй старэйшай сястрой, якая прывыкла за імі прыглядваць. Дырэктар Баранавіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ксенія АБЖЭЛЬЯН сказала, што дзеці вельмі добрыя, паслухмяныя, памяркоўныя, выхавацелі з імі асаблівых праблем не маюць. Яно і зразумела, з малых дзён прывучаныя быць самастойнымі, нікому не замінаць, не тое што капрызіць.

Шматдзетныя бацькі

А што ж нашы героі, у сэнсе бацькі? Пасыпалі галовы попелам і пабеглі прасіць вярнуць дзяцей? Калі так думаеце, вельмі памыляецеся. У прытулку сказалі, што з 22 студзеня, калі старэйшую дзяўчынку туды прывезлі, ніхто не пазваніў, не прыйшоў, не пацікавіўся яе лёсам і знаходжаннем. Няма іх, нібы памерлі. Не можа трапіць да гэтых нядбайных грамадзян пакуль і ўчастковы. Калі забіралі дзяцей, іх не назіралася ў ваколіцы. Малыя сказалі, што мама і тата сышлі яшчэ недзе ў нядзелю, а на дварэ была ўжо серада. Верагодна, яны, як і ўся краіна, з інтэрнэту ведаюць пра тое, дзе і як іх дзеці. Цяпер супрацоўнік міліцыі, які спрабаваў адшукаць названых грамадзян, штодзень назірае замок на дзвярах кватэры, а ноччу, паводле слоў суседзяў, у доме часам гарыць святло. Апошняе дае падставы меркаваць, што блудныя бацькі вярнуліся, але не спяшаюцца трапляцца на вочы любым прадстаўнікам улады.

Старшыня Крошынскага сельскага Савета Таццяна ШЧАРБАЦЭВІЧ расказала карэспандэнту «Звязды», як доўга і беспаспяхова ўсе службы змагаліся за гэтую сям'ю. Пастаянна іх наведвалі, бо яны даўно стаялі на ўліку як сацыяльна-небяспечная сям'я. Выклікалі на ўсе магчымыя камісіі і каардынацыйныя саветы, прасілі, ушчувалі, пераконвалі. Аднойчы дзяцей ужо забіралі, але тады паверылі ў шчыры намер бацькоў змяніць становішча да лепшага. Вярнулі.

Як шматдзетнай сям'і ім у свой час выдзелілі вялікую кватэру ў двухкватэрным доме. Вёска Альсевічы знаходзіцца ў дзесяці мінутах язды ад горада, значыць, ёсць усе ўмовы для паспяховага працаўладкавання і належнага ўтрымання дзяцей. Бацька гэтага сямейства, як высветлілася, наогул працаваць не асабліва любіць. Маці адзін час працавала даяркай, уладкоўвалася на нейкую работу ў Баранавічах, але як і муж, нідзе не затрымлівалася. Ранейшыя гады, трэба думаць, жылі на дзіцячую дапамогу. Цяпер, калі старэйшаму хлопчыку ўжо споўнілася чатыры, выжываць стала больш складана, выраслі даўгі за камунальныя паслугі, за нейкія неабходныя рэчы для школы, ды і есці ж нешта трэба. Вось і сталі гаспадары перыядычна знікаць з дому.

Дарэчы, пасля таго, як уся гэта гісторыя стала набыткам шырокай грамадскасці, нават пракуратура правярала сельвыканкам на прадмет работы з праблемнай сям'ёй, але ніякіх парушэнняў выяўлена не было. Ды Таццяна Пятроўна сама сябе дакарае, што не настаяла раней, каб дзяцей забралі. Названае пытанне ўзнімалася некалькі разоў. Яна прапаноўвала вырашаць яго кардынальна. Але ж педагогі і сацыяльныя работнікі кожны раз сумняваліся. Бо бацькі, маладыя і здаровыя, не зусім горкія п'яніцы, у якіх ад смецця цераз парог не пераступіць. Тут у хаце не раз заставалі адносны парадак, дзеці хадзілі ў школу і садок чыстыя, знешне дагледжаныя. Усё думалі, а раптам прачнецца ў іх бацькоўскае ці чалавечае сумленне. Памыліліся. Цяпер далейшы лёс дзяцей вырашыць суд. Няцяжка спрагназаваць, што нядбайныя сужэнцы будуць пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, а клопат пра дзяцей возьме на сябе дзяржава, гэта значыць, мы з вамі. Як, дарэчы, і пра многіх іхніх таварышаў па няшчасці, па сямейных драмах, якія вельмі розныя і адначасова падобныя.

Макарона і соль

І яшчэ, дэталь, якую заўважыла старшыня сельскага Савета. Звычайна, калі дзяцей забіраюць з сям'і, якой бы яна не была, малыя плачуць, просяцца да мамы і таты. Гэтыя не плакалі і не прасілі, яны амаль што з радасцю сыходзілі з дому, дзе спазналі голад і холад. Бо дарослыя, якія іх забіралі, нават у верхнім адзенні адчулі холад у выстуджанай хаце.

Гэтыя малыя гаротнікі так уразілі работнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх райвыканкама, што апошнія вырашылі падарыць ім крышачку свята. Завялі ў кінатэатр на прагляд мульцікаў, потым на прагулку ў забаўляльны дзіцячы пакой, дзе частавалі піцай, цукеркамі, папкорнам. Такія просценькія дзіцячыя радасці, якімі зусім не здзівіш дзяцей са звычайнай сям'і, сталі для іх ледзь не падарожжам у казку. Яны такога раней у вочы не бачылі.

Мама і тата не балавалі забаўлянкамі, не клапаціліся нават аб надзённым. У доме 35-гадовага бацькі і 32-гадовай маці, якія пакінулі дзяцей на некалькі дзён, 22 студзеня ўдалося адшукаць толькі пачак макароны ды пачак солі. Здавалася б, калі вы нарадзілі чацвярых, то павінны працаваць ад цямна да цямна, а можа яшчэ і ноччу дзе падпрацоўваць вартаўніком. Тым больш што вялікі горад побач, работу можна знайсці заўсёды. Але яны, выходзіць, лічаць інакш, яны не прывыклі сябе абцяжарваць. І многія з падобных ім бацькоў, на жаль, разглядаюць дзяцей амаль што ў якасці крыніцы даходу. А што, цяпер дапамогу плацяць добрую, жыллём бясплатным забяспечаць. Нямала розных дабрачынных арганізацый, якія і да школы дапамогуць сабраць, і пад Новы год цукерак падкінуць.

Мацярынскія пачуцці

А тое што дзеці — гэта штодзённая праца, або, як сказаў адзін святар, маці вялікага сямейства заўсёды ахвяраваная на служэнне дзецям, ім, падобна на тое, ніхто не расказваў. А калі і расказваў, яны не слухалі, нібы нядбайныя вучні прапускалі міма вушэй. Яны кіруюцца другімі каштоўнасцямі. Дык як жа спрадвечны інстынкт захавання нашчадкаў, які адыграў не апошнюю ролю ў тым, што жывыя істоты, у тым ліку чалавек, наогул не зніклі за мільёны гадоў?.. Нядаўна калега прыслала кранальнае відэа аб тым, як кнігаўка абараняе сваё гняздо. Гняздо было на полі, якое прыйшоў араць магутны трактар.

І вось, калі гэтая махіна непазбежна насоўвалася, адчайная птушка стала над гняздом і распасцерла крылы, ахвяруючы тым самым сябе на непазбежную гібель. Праўда, у тым сюжэце нейкім чынам кіроўца заўважыў жывую істоту і паспеў падняць прычапны агрэгат, пакідаючы жыццё бясстрашнай пёрыстай маці. Жалезная махіна прайшла над ёю.

Птушкі, выходзіць, захавалі ўсё лепшае, падараванае прыродай, а людзі, як бачым, не ўсё. І гэта ўжо большая навала, чым праблема п'янства, асацыяльных паводзінаў. Бывала не раз, што пітушчыя маці пасля таго, як забяруць дзяцей, назаўтра бягуць, умольваюць аддаць, горкімі слязьмі плачуць. А тут глухое маўчанне, падобнае да нейкага акамянення душаў. Тых, пра якіх ішла гаворка, можна, відаць, сёння не толькі пазбавіць бацькоўскіх правоў, але і прыцягнуць да адказнасці за пакіданне малых у небяспецы. Толькі ці паможа гэта ім, ці паслужыць урокам іншым, не ведаю. У мяне няма адказаў на гэтае пытанне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».