Вы тут

Параўноўваем намінантаў на «Оскар»: хто лепшы — Таранціна ці Пон Чжун Хо?


Усе, здаецца, ужо паглядзелі і «Джокера», і «1917», і нават «Маленькіх жанчын» — заўтра, 9 лютага, на цырымоніі ўзнагароджвання ў Лос-Анджэлесе будуць агучаныя ўладальнікі прэміі Амерыканскай кінаакадэміі. Узнагарода і мітусня вакол яе, якія не вельмі шануюць адэпты «сапраўднага» кінамастацтва, нечым у кінафестываляў усё ж выйграе — у першую чаргу тым, што да моманту падвядзення вынікаў можна ўбачыць большую частку намінантаў і з азартам сачыць за навінамі. У тым ліку па гэтай прычыне да цырымоніі з'яўляецца безліч рэцэнзій, дыскусій і ставак, у тым ліку грашовых, за кошт якіх «Оскар» абрастае яшчэ шырэйшай і буйнейшай гісторыяй. Тым не менш, прэмія Амерыканскай кінаакадэміі, што часта з ахвотаю патурае глядацкім густам, застаецца, напэўна, самай неадназначнай кінаўзнагародай, пра мастацкія якасці ідзе гаворка ці відавочную кан'юнктуру. А паколькі за і супраць фаварытаў разгараюцца не абы-якія спрэчкі, мы параўноўваем намінантаў і расстаўляем усе кропкі над «і».


Квенцін Таранціна>Марцін Скарсэзэ

Два неабвержныя жывыя класікі. Канешне, трохгадзіннае палатно Марціна Скарсэзэ «Ірландзец», у якім рэжысёр чарговы раз паказвае разборкі крымінальнага свету і чарговы раз — беспрынцыпнага галоўнага героя ля разбітых ночваў, не магло не трапіць у спіс намінантаў на «Оскар». Таму што гэта Скарсэзэ, таму што галоўныя ролі ў ім выконваюць Роберт дэ Ніра, Аль Пачына і Джо Пешы і таму што атрымаўся сапраўды дабротны майстэрскі фільм. Але што мы маем апроч майстэрства ў рамесніцкім сэнсе слова? — Скарсэзэ паназбіраў улюбёных матываў, што ўжо неаднойчы гучалі ў яго фільмах, зноў раздаў «сваім» акцёрам ролі гарадскіх мафіёзі і завёў шарманку пра іх самабытныя законы. Тое, што мела добры эфект у «Слаўных хлопцах», «Казіно» ці «Бандах Нью-Ёрка», здзівіла сваёй неактуальнасцю і неарыгінальнасцю ў «Ірландцы». Яшчэ большую нацягнутасць фільму надала шчыраванне з камп'ютарнай графікай з мэтай амаладзіць дэ Ніра, што не надта атрымалася.

У гэты час поруч з «Ірландцам» на «Оскар» прэтэндуе карціна «Аднойчы ў... Галівудзе» Квенціна Таранціна — яшчэ аднаго цёртага калача амерыканскага кіно, што таксама апелюе да мінулага. І гэта, у параўнанні з усімі яго сёлетнімі канкурэнтамі, — ідэальны фільм. Настолькі ідэальны, што ён, можа быць, нават не з планеты «Оскар», а па-над ёй. Нягледзячы на тое, што рэжысёр мае справу з рэальнымі падзеямі і праводзіць з імі пэўныя маніпуляцыі, Таранціна абсалютна далёкі ад заяў, адсылак, сімвалаў, алюзій ці пракламацый. Ён стварае — не проста па-майстэрску, а віртуозна — да секунды вывераны самастойны свет, унікальны не толькі ў кантэксце фільмаграфіі рэжысёра, чым не можа пахваліцца Скарсэзэ, але і ў бэкграундзе падрыхтаванага гледача.


«Джокер»>«1917»

Справа ў маштабах. На першы погляд гэта гучыць дзіўна, але амбітнае, знятае быццам адным планам, роўд-муві Сэма Мэндэса, ад якога ты «ухаеш» бы на амерыканскіх горках, значна саступае ўмоўна коміксаваму фільму пра знакамітага ліхадзея з-за простасці сваіх памкненняў. Так, Мэндэс паказвае гераізм звычайнага капрала, то-бок другараднага іграка, на першай сусветнай вайне, што ўжо нядробна, і нават мае да гэтай гісторыі асабістае дачыненне. Але ў цэлым карціна «1917» замыкаецца на сваёй тэхналагічнай задачы і задачы, скажам, зрабіць два ўражальныя прабегі, на што растрачваецца амаль увесь патэнцыял і што яшчэ больш выкрываецца праз фальшывы лірызм. Мне як гледачу гэтага мала.

Фільм жа Тода Філіпса, які таксама канцэнтруецца на чалавеку ў яго супрацьстаянні наваколлю, ідзе ўглыб і становіцца ў першую чаргу маштабным выказваннем пра грамадства, а ў другую, з апакаліптычным пераваротам і алюзіямі на Хрыста, выходзіць на ў прынцыпе неахопны метафізічны рэгістр. Вось гэтага мне дастаткова. І Сэм Мэндэс, і Тод Філіпс ставяць перад сабой сур'ёзныя задачы, і абодва з імі спраўляюцца, толькі ў першага сюжэт аказваецца на службе атракцыёна, а ў другога ўсё падпарадкоўваецца трагічнаму станаўленню Джокера і сэнсам, якія за гэтым ідуць.


«Цела Божае»>«Паразіты»

Намінацыя «Найлепшы замежны мастацкі фільм» на «Оскары» цікавіць мяне найбольш — звычайна менавіта ў гэтай падборцы шукаеш сапраўднае мастацтва кіно, як бы па-снобску гэта ні гучала. Таму ад мысленнага раздзялення на ўмоўны «Галівуд» і аўтарскія фільмы складана адчапіцца, праўда, гэтым разам адзін з відавочных фаварытаў прэміі — уладальнік «Залатой пальмавай галіны» фільм «Паразіты» Пон Чжун Хо — трапіў у замежную «рэзервацыю» і ўнутраныя намінацыі адначасова. Карціна стала сапраўдным хітом мінулага года — Пон Чжун Хо аб'яднаў некалькі жанраў, якія плаўна пераходзяць адзін у другі, і паказаў, як на чалавека ўплываюць сацыяльныя ўмовы і класавае раздзяленне. І адказнасць за злачынствы пераклаў менавіта на сацыяльныя ўмовы, хоць гэта не новая думка. «Паразіты» — ладны, стройны, але ў пэўным сэнсе механічны фільм. Мы бачым яго вінцікі, шпунцікі і маніпуляцыі быццам геаметрычную фігуру.

А калі паглядзець, як праз метафары, алюзіі і кінамову іграе і пераліваецца «Цела Божае» Яна Камасы, стане зразумела, дзе замест цвярозага разліку шукаць магію кіно. Польскі фільм апроч уласна падрыўной гісторыі размаўляе з гледачом візуальнымі вобразамі, кампазіцыяй кадра і чароўным выканаўцам ролі ілжэсвятара Барташам Бяленем. Хоць для належнага ўражання хапае ўжо толькі амбіцый сюжэта, што мае справу з ментальным болем, прапрацоўкай траўм мінулага і грунтоўным антыклерыкальным выпадам. Ян Камаса выказваецца пра крывадушнае сучаснае польскае грамадства, а ў той жа час праз вобраз Хрыста ў цэнтральным персанажы робіць сваю заяву ўсёахопнай. «Цела Божае» з яго спалучэннем зямнога і ўзвышанага — адзін з самых прыгожых і грунтоўных бунтаў у сучасным кіно, а рэжысёр сваім разуменнем прыроды фільма значна перасягае Пон Чжун Хо.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…