Вы тут

Цяжка быць дзіцем


Першую прэм’еру юбілейнага сезону — «Кароль Лір» Вільяма Шэкспіра — дынамічна і яскрава сыгралі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля — мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін, мастак-сцэнограф — Кацярына Шымановіч. Настрой у спектаклі купалаўцаў стварае і музыка Андрэя Зубрыча. А крэатыўную афішу да пастаноўкі прыдумаў Уладзімір Цэслер, які набыў сабе імідж чалавека-брэнда. Яе можна ўбачыць побач з галоўным уваходам у будынак тэатра.


У ролі Караля Ліра — Віктар Манаеў, народны артыст Беларусі

У кожнага з нас, як вядома, успрыманне таго ці іншага прадукту мастацкай творчасці — суб’ектыўнае. І я, як аўтар, які не прэтэндуе на ролю крытыка, разважаючы аб прэм’еры купалаўцаў, не выключэнне. Таму і падзялюся сваімі асабістымі ўражаннямі.

Даўно ўжо мне, спрактыкаванаму гледачу, не ўдавалася адчуць радасць такога суцэльнага ўспрымання пастаноўкі, калі тваю ўвагу, цалкам захопленая сцэнічным дзеяннем, не выслізгвае ні на хвіліну. Бо чаго ж хаваць: падчас якога-небудзь млява бягучага спектакля ні з таго ні з гэтага раптам пачынаеш думаць, скажам, пра навагодняе меню, ці яшчэ пра што-небудзь. А «Караля Ліра» глядзела, услухоўваючыся ў выдатны тэкст у бліскучым перакладзе Юркі Гаўрука, што называецца, на адным дыханні, не заўважаючы, як праляцеў час. Аж да таго фінальнага моманту, калі Блазан (Аляксандр Казела) пераўтварыў у крыжы ручкі калясак, на якіх ляжалі тыя, хто завяршыў свой зямны шлях, а сам пайшоў у глыбіню сцэны, падняўся на ўмоўную лесвічку і неяк па-дзіцячы падняў рукі ў бакі, ды так і застыў, так бы мовіць: я — распяты. У тым, па-мойму, і ўся соль пастаноўкі: толькі ўмей убачыць.

Раман Падаляка (Герцаг Альбані) і Дзмітрый Есяневіч (Герцаг Корнуал)

Такім чынам, пра што спектакль? Пра нашу слабую здольнасць бачыць ісціну, захоўваць чысціню душы, кім бы мы ні былі: каралямі, алігархамі, сялянамі…Таму і здраджваем сабе, краіне, блізкім, адзін аднаму…

Спектакль доўжыўся дзве гадзіны пяцьдзясят мінут з антрактам. За гэты час не хацелася, дакладней, нават не ўдавалася што-небудзь зафіксаваць з таго, што спатрэбіцца для артыкула, а падчас антракту нават размаўляць. Настолькі была эмацыйна ўцягнутая ў віртуальны свет шэкспіраўскіх страсцей, што розум скарыўся, пазбаўлены магчымасці прэпараваць сцэнічнае палатно, задаваць пытанні: што ды як, ды чаму так, а не гэтак…

Прызнаюся: да чаго ж прыемнае пачуццё, якое ахоплівае цябе пасля паглыблення ў іншы свет і нейкі час не адпускае. А на пытанні: ну як табе? спадабалася? а чаму? — так і хочацца адказаць па-дзіцячы — таму што… Мне яшчэ таксама падабаецца, як адказы самі па сабе пачынаюць паступова выяўляцца ў свядомасці…

Спектакль «Кароль Лір» у аўтарскай інтэрпрэтацыі Мікалая Пінігіна мне да душы. Перш за ўсё таму, што гэтая пазачасавая пастаноўка — пра ўсё. І пра нас з вамі. Выклікае алюзіі з ганарлівасцю і эгацэнтрызмам, якія квітнеюць у чалавеку ў любы час і ў любой дзяржаве. І ў нас з вамі. З тымі якасцямі, якія прыводзяць да самых, мякка кажучы, не лепшых, а часам да незваротных наступстваў. Як у сям’і, так і ва ўладзе. І пра нашыя слабасці спектакль і здольнасць толькі пад ударамі лёсу, які мы самі спараджаем, дакрануцца хоць крыху да ісціны. Вось здаецца, штосьці галоўнае мы нарэшце зразумелі, і збіраемся жыць па-іншаму, дык не: ісціна, якую адчулі, знікла, выслізгнула, як і здольнасць: любіць сэрцам.

Ігар Сігоў (Граф Кент)

Вядома, трагедыю Караля Ліра наўрад ці можна суадносіць з трагедыямі ў жыцці звычайных людзей. Я і не суадношу, разумеючы: «в каждой норушке свои погремушки», як кажуць русскія. І ўсё ж пытанне напрошваецца: чаму мы такія, чаму не гарманічныя істоты? Нібы жывём на разломе важных жыццёвых каштоўнасцяў: думаем адно, гаворым другое, робім трэцяе… І ў кожнага — свая праўда. Але кожнага, як сказаў у адным з інтэрв’ю, Мікалай Пінігін, можна апраўдаць. Ён жа і выказаў здагадку: да такой высновы, як чалавек з вялікім жыццёвым досведам, сталы і мудры, мог прыйсці і Шэкспір.

Таму і мне ўсіх у новым спектаклі купалаўцаў — шкада. І ўсіх таксама хочацца апраўдаць. Перш за ўсё Ліра (Віктар Манаеў, народны артыст Беларусі). Колькі ў акцёра ў малюнку ролі эмоцый і запалу, колькі псіхалагізму! І колькі напластаванняў, якія прыхоўваюць сапраўднае нутро Ліра-караля і чалавека! Тое самае чыстае, незамутненае «дзіця», якое злёгку прыадкрыецца ў яго вар’яцтве. І якое і ў нашым жыцці вельмі глыбока схаванае, і яго не прынята афішаваць. Акцёр, купаючыся ў ролі, сыграе то самаўлюбёнага, захопленага сваёй веліччу караля, які прывык да славаслоўя і рабалепства, то шалапутную асобу, якая згуляе ў шчодрасць — і тым самым знішчыць дзяржаву. Лір Манаева — і бясконца стомлены, састарэлы чалавек, які сутыкнуўся з абыякавасцю і нават з жорсткасцю дачок. Ён паўстане перад намі як істота ў белай вопратцы, з адкрытай, наколькі гэта магчыма, дзіцячай душой, якому не пад сілу яе боль… І такі Лір, па-мойму, хутчэй не вар’ят, а кароль, які выбраў вар’яцтва як шчыт, пад прыкрыццём якога можна хоць трохі выказаць сваё прасвятленне ў ісціну.

Вікторыя Чаўлытка (Ганерылья) і Валянціна Гарцуева (Рэгана)

Мноства бліскучых акцёраў было ў свеце, якія ігралі Ліра, пачынаючы з 1606 года: тады п’еса была ўпершыню пастаўленая. На слыху многія імёны геніяльных выканаўцаў: Лоўрэнс Аліўе, Энтані Хопкінс, Канстанцін Райкін, Павел Мачалаў… У Беларусі, сведчаць тэатразнаўцы, «Ліра» ігралі толькі ў трох тэатрах — у Рускім, Тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску ды ў Тэатры беларускай драматургіі.

І вось цяпер упершыню на сцэне Тэатра імя Янкі Купалы ў ролі Ліра Віктар Манаеў. Не магу ў гэтай сувязі не ўспомніць і бліскучага эстонскага акцёра Юры Ярвета ў ролі Ліра ў мастацкай кінастужцы Рыгора Козінцава «Кароль Лір» (1970). Помніцца, як не магла без слёз глядзець фрагменты карціны з яго ўдзелам: так глыбока Лір пакутаваў, усведамляючы сваё няправеднае жыццё.

Спектакль Пінігіна — ні наўпрост пра ўладу, ні пра сямейныя адносіны. Гэта і не «трагедыя з сваякамі» ў яе чыстым выглядзе, як з лёгкай іроніяй вызначыла геніяльны твор Шэкспіра ў свой час Марына Цвятаева. І ў той жа час гаворка ледзь-ледзь і пра іх, самых блізкіх сваякоў. Што і патлумачыў Мікалай Мікалаевіч у інтэрв’ю «Комсомольской правде»» (https://www.kp.by/daіly/27072/4141844/). «Для мяне «Кароль Лір» — не п’еса адной думкі, а сапраўдны універсум. Адна з самых лепшых п’ес Шэкспіра (а мо, і самая), напісаная ім у сталым узросце, калі ён усё зразумеў. Сказаць, пра што яна, я не змагу. Гэтак жа, калі цяпер спытаць вас, пра што Евангелле. Растлумачыць немагчыма…»

Гэты спектакль і пра ліха, якое спакон веку вядзе барацьбу з дабром. І пра дабро, якое вымушана хавацца пад маскай, як у Кента (Ігар Сігаў), чалавека добрай душы, выгнанага Лірам за тое, што адважыўся сказаць яму праўду пра шчырасць Кардэліі, малодшай дачкі. І як у высакароднага Эдгара (Павел Астравух), сына Графа Глостэра (Андрэй Градабоеў), абгаворанага братам Эдмундам (Іван Трус), пазашлюбным сынам Глостэра. І пра дваістасць прыроды чалавечай. Ну нездарма ж і карона разрываецца на дзве часткі, як і само каралеўства, якое ляжыць на пачатку спектакля ў выглядзе карты-дывана каля ног караля Ліра. Каралеўства дзеліцца, як мяса, паміж Ганерылью і Рэганай. І становіцца крывавымі мантыямі ў абедзвюх дачок. На дзве часткі разрываецца і трон Ліра.

Дэкарацыі Кацярыны Шымановіч (пра яе на стар. 48) выкананы з адмысловым густам. Вырашаныя ў стылістыцы мінімалізму, яны нагадваюць інтэр’еры напаўпустых замкаў шэкспіраўскіх часоў. Дзеянне разгортваецца ў прасторы, не абцяжаранай мэбляй. Толькі тры вертыкальныя чорныя шырмы падзяляюць прастору сцэны. І ў той прасторы акцёрам існаваць камфортна. Зручна, скажам, выцягваць з «дзірак» у «сценах» пластыкавыя трубкі-мячы, не складана грузіць «трупы» на каляскі, якія нагадваюць прыстасаванні для перавозкі мясных туш або іншых прадуктовых грузаў у велізарным супермаркеце з боку складскіх памяшканняў.

Іван Трус (Эдмунд) і Андрэй Градабоеў (Граф Глостэр)

Захапляюць гледочоў і касцюмы з сучаснай тэкстуры: яны толькі аддалена нагадваюць шэкспіраўскую эпоху з яе рыцарскімі даспехамі. Дзякуючы фрэнчу, галіфэ, ботам, а таксама жаночым балеро такія ўборы маглі быць дарэчнымі і ў спектаклях пра нашы дні. Цікавая дэталь — бліскучыя боты. У іх абутыя ўсе без выключэння героі спектакля. Калі я пацікавілася ў сцэнографа, якую сэнсавую нагрузку яны нясуць, мяркуючы, што такі абутак сімвалізуе фармальны стыль узаемаадносін паміж героямі, так бы мовіць, усё напаказ, Каця засмяялася і сказала:

— Ну, я не ведаю... Гэта проста прыгожа.

І сапраўды, бліскучыя боты — гэта прыгожа, эстэтычна. Касцюмы персанажаў — усе стыльныя, уражваюць колерамі. У спектаклі выкарыстоўваюцца колеры яркія: чырвоны, чорны, белы, жоўты. Ёсць і гульня святла. Колеры і святло ствараюць агульны настрой, адлюстроўваюць пачуцці персанажаў у тых ці іншых мізансцэнах. Ёсць і сімвалы: чырвоныя стужачкі — гэта кроў з ран, мячы, якія становяцца крыжамі на надмагіллях. А рулон сена, які Лір у другім акце і коціць, і сядзіць пад ім, хаваючыся ад непагадзі — сімвал, па-мойму, шматзначны, дае падставу для разважанняў.

Сцэнаграфію і касцюмы ў «Каралі Ліры» журналісты хваляць наперабой. Некаторыя нават схільныя ставіць у заслугу толькі мастаку розныя красамоўныя знаходкі ў спектаклі, з чым не магу пагадзіцца. Бо сцэнаграфічнае рашэнне, ведаю, немагчыма без узгаднення з рэжысёрам. Гэта ж агульны творчы працэс!

— Мы ўсе знаходкі з Мікалаем Мікалаевічам абмяркоўвалі, нешта карэктавалі, ад нечага адмаўляліся, нешта зменьвалі… І ўсё гэта для таго, каб зрабіць добры спектакль, — тлумачыць Каця.

Аляксандр Казела (Блазан). У яго капелюшы — Віктар Манаеў

Сярод акцёрскіх работ старэйшага пакалення акрамя Ліра-Манаева заслугоўваюць увагі Граф Кент Ігара Сігова і Граф Глостэр Аляксандра Градабоева. Кент — перакананы прыхільнік дабра і свайго караля. І гэты стрыжань у ім нязломны на працягу спектакля, хоць і хаваецца пад маскай. Глостэр у Градабоева — мяккі ды хісткі, яго лёгка збіць з панталыку. Таму і пазбаўляецца ён вачэй, што не ўмее імі «правільна бачыць». Высакародны Герцаг Албані, муж Ганерыльі. У Рамана Падалякі ён — сапраўдны ваяр, выпраменьвае і сілу, і надзейнасць. У той час як Герцаг Карнуал Дзмітрыя Есяневіча — чалавек прымітыўны, не задумваецца пра высокія матэрыі. Ён — грубы хітрун, пазбаўлены тонкасці, уласцівай яго саслоўю. І падаецца, што патрапіў ён туды выпадкова. Агідны бастард Эдмунд у Івана Труса, ён — прыстасаванец, які шукае выгады толькі для сябе. Пачварнымі выглядаюць ягоныя рухі. Трус ходзіць на паўсагнутых нагах, уцягнуўшы галаву ў плечы, чым нагадвае злую казурку ці нават павука. Рухі ж ілюструюць нутро подлага раба, які ў спрыяльных умовах можа распраміцца і стаць хамам. А Освальд, дварэцкі Ганерыльі ў Андрэя Дробыша — сноб, які служыць сваёй гаспадыні як выдрэсіраваны сабака.

Заўважу, спектакль іграецца двума складамі акцёраў, дзеючых асоб у пастаноўцы — 20 разам з трубачом. Але кароль — адзін. І Блазан адзін таксама.

У «Каралі Ліры» тры жаночыя ролі. Я бачыла Ганерылью Вікторыі Чаўлыткі, Рэгану Валянціны Гарцуевай і Кардэлію Марты Голубевай. Без сумневу, кожная з зорных купалаўскіх актрыс на сваім месцы. У першым акце дзве старэйшыя сястрыцы задаюць тон, змагаючыся за спадчыну. Запэўнівае бацьку ў сваёй бязмежнай любові старэйшая Ганерылья, адкрытая сцерва, яна нібы скандуе на плошчы словы, якія ілюструюць любоў і адданасць. Прызнаюся, гучыць і пошла, і груба. А ў Рэганы, сцервы завуаляванай, яны льюцца ліслівай славеснай ракой, якую можна прыняць за праўду. Малодшая ж Кардэлія ціхая, пяшчотная і адэкватная: не ўмее ні ліслівіць, ні хлусіць. І яе белае адзенне ў адрозненне ад чорна-чырвоных сястрынскіх сімвалізуе чысціню і беззаганнасць.

Цікава было назіраць за Блазнам Аляксандра Казелы. Яго Блазан па паводзінах — дзіця, чыстая, сонечная душа. Нездарма ж яго апранулі і ў касцюм жоўтага колеру. Ён— не саркастычны філосаф, не абвяшчае ісціну, ні над чым не смяецца, а толькі прагаворвае словы так, як робяць тое дзеці, якія ведаюць сапраўды і пра чысціню душы, і пра тое, што натуральна, а што прытворства. Блазан — як люстэрка той глыбіннай чысціні Караля Ліра, якую ён сам у сабе для сябе ледзь адкрые, калі абдыме нежывое цела Кардэліі.

Фінал спекакля такі эфектны, такі па думцы, асацыяцыях, пачуццях моцны, што ідзе мароз па скуры. На авансцэне на тых самых грузавых «супермаркецкіх» калясках сем целаў: Караля Ліра, Кардэліі, Эдмунда, Освальда… Усіх іх, правых і вінаватых, паяднала смерць.

Спакойна, нібы гуляе дзіця, без мітусні і роспачы, Блазан, паўтаруся, пройдзе ўздоўж кожнага і трансфармуе вертыкальна пастаўленыя ручкі калясак у крыжы. А сам накіруецца ў глыбіню сцэны, узлезе па лесвічцы, якая нагадала мне тыя, што на дзіцячых пляцоўках для гульні, павернецца да нас тварам, развядзе рукі ў бакі — і застанецца самараспятым.

І мы ўбачым тое, што зможам убачыць. Кожны — сваё.

Валянціна Ждановіч

Фота прадастаўлены тэатрам імя Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.