Вы тут

Паэзія Міхая Эмінеску гуртуе сяброў


Вершы румынскага паэта пераклалі на беларускую мову нашы паэты, а навучэнцы Гомельскага мастацкага каледжа зрабілі для яго лінагравюры.


Ілюстраванае выданне зборніка вершаў «Міхай Эмінэску. Выбраная паэзія» адзначана прэміяй за Лепшы сумесны выдавецкі праект у LIX Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» на XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая завяршылася ўчора.

Міхай Эмінэску – нацыянальны паэт Румыніі. Яго творы перакладзены больш чым на 90 моваў свету, у тым ліку і на беларускую мову Рыгорам Барадуліным і Лявонам Баршчэўскім. Сёлета святкуецца 170-годдзе паэта, і да гэтай даты на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прэзентавалі ўнікальную, у незвычайным фармаце, кнігу «Міхай Эмінэску. Выбраная паэзія» з ілюстрацыямі, выкананымі навучэнцамі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. А надрукавала гэту кнігу выдавецтва «Зміцер Колас».

Як жа ўсё гэта сабралася пад адной вокладкай? Спадарыня Надзя Машану, жонка Пасла Румыніі ў Беларусі, курыруе ўсе культурныя праекты, якія ладзіць дыпмісія ў нашай краіне. Не дзіўна, што, суправаджаючы мужа падчас афіцыйнага візіту ў Гомель, спадярыня Машану наведала Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў ім. Н.Ф. Сакалоўскага, а таксама Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж.

«Падчас правядзення ў 2016-м годзе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага румынска-беларускага выставачнага праекта «Амаж Брынкушу» я пазнаёмілася з творчасцю маладых і вельмі таленавітых мастакоў Сяргея Ашухі і Фёдара Шурмілёва, якія з'яўляюцца выпускнікамі Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. Падумала, што было б цікава пабываць у гэтай навучальнай установе, – кажа спадарыня Машану. Мне здаецца, што з дырэктарам каледжа мы пасябравалі з першай тэлефоннай размовы. На мяне зрабіла вельмі добрае ўражанне творчая атмасфера ў калектыве каледжа і, несумненна, працы навучэнцаў. Тады і нарадзілася ідэя міжкультурнага праекта: я прапанавала падумаць аб ілюстраванні зборніка паэзіі Міхая Эмінэску ў перакладзе на беларускую мову».

У работу ўключыліся ўсе: навучэнцы розных курсаў, педагогі. Разам яны чыталі вершы, абмяркоўвалі іх, бо, як заўважыла выкладчык каледжа Юлія Зубрыцкая, нельга ілюстраваць кнігу механічна, трэба паглыбіцца ў сэнс паэзіі, прапрацаваць кожны вобраз.

Дзякуючы гэтаму праекту юныя дызайнеры і жывапісцы вывучылі і асвоілі тэхналогію, якая не прадугледжаная стандартнай вучэбнай праграмай. Гэта лінагравюра – адна з самых яскравых тэхнік глыбокага друку.

У праекце атрымалася аб'яднаць творчасць з вучэбным працэсам, і нават са знаёмствам з іншай краінай, бо Пасольства арганізавала паездку гамяльчан у Румынію. Навучэнцы і педагогі пазнаёміліся з гісторыяй і архітэктурай горада Брашова і яго ваколіц, а таксама актыўна кантактавалі са сваімі калегамі.

Каманду нашых мастакоў так натхніла і з'яднала праца над кнігай, што яны знялі пра гэта мініфільм, які прадэманстравалі на кніжным кірмашы. Дзякуючы працы над фільмам каледж набыў двух выдатных таленавітых сяброў. Гэта Улад Назаранка - аўтар сцэнарыя і мантажу, і Кацярына Леўчанка, гомельскі кампазітар, якая напісала музыку для фільма.

«У кожнага мастака ёсць свой почырк, свой характар. Гэтая праца была цікавая тым, што кнігу ілюстраваў не адзін чалавек, а каманда, якая здолела знайсці агульны стыль. Яны не толькі паказалі свае навыкі, але і з'ядналіся, – кажа дырэктар Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Алена Зейбек. – Безумоўна, паездка ў Румынію натхніла нашых мастакоў, таму першы варыянт афармлення яны дапрацавалі. Сёння можна казаць аб тым, што гэтая праца – наша вялікая творчая ўдача і цудоўнае натхненне для ўдзелу ў новых міжнародных праектах».

У маі Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж правядзе традыцыйны абласны конкурс «Майстар», на які прыязджаюць прадстаўнікі профільных сярэдніх навучальных устаноў з усёй Беларусі, а таксама вучні мастацкіх школ. У гэтым годзе да юных мастакоў з нашай краіны далучацца калегі з Румыніі, Украіны і Расіі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.