Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1.  Тэнісісткі зборнай Беларусі перамаглі ў Гаазе каманду Нідэрландаў з лікам 3:2 і прабіліся ў фінальную стадыю Кубка Федэрацыі. Лёс матчу вырашыўся ў парнай сустрэчы, у якой беларускі Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч ва ўпартай барацьбе адолелі на тайм-брэйку Кікі Бертэнс і Дэмі Схюрс — 4:6, 6:3, 7:6 (10:8).

Нагадаем, у першым суботнім адзіночным паядынку Арына Сабаленка саступіла ў двух сэтах Кікі Бертэнс — 4:6, 4:6, а затым Аляксандра Сасновіч перайграла Аранчу Рус — 0:6, 5:7, 6:2. У стартавы гульнявы дзень 7 лютага Аляксандра Сасновіч прайграла Кікі Бертэнс — 7:6, 2:6, 1:6, потым Арына Сабаленка перамагла Аранчу Рус — 6:2, 6:3.

Акрамя беларусак у фінальную частку выйшлі тэнісісткі Іспаніі, Швейцарыі, Расіі, Германіі, Славакіі і Бельгіі. Фінальны этап Кубка Федэрацыі пройдзе з 14 да 19 красавіка ў Будапешце. Без адбору ў венгерскай сталіцы выступяць тэнісісткі зборных Венгрыі, Аўстраліі, Чэхіі і Францыі.

2.  Сталі вядомыя сапернікі зборнай Беларусі па хакеі па фінальным раўндзе алімпійскай кваліфікацыі да Гульняў-2022 у Пекіне. Падапечныя Міхаіла Захарава трапілі ў групу D разам са зборнымі Славакіі і Аўстрыі, папоўнілі гэты квартэт палякі.

Каманды групы D правядуць свае матчы ў Славакіі з 27 да 30 жніўня 2020 года. Дакладныя месца і час правядзення матчаў стануць вядомыя пазней.

У астатніх квартэтах за алімпійскія пуцёўкі пазмагаюцца:

  • група Е (Латвія): Латвія, Францыя, Італія, Венгрыя;
  • група F (Нарвегія): Нарвегія, Данія, Рэспубліка Карэя, Славенія.

Пропускі на Алімпіяду-2022 дастануцца пераможцам кваліфікацыйных стартаў. Ужо забяспечылі сабе месца ў ліку ўдзельнікаў галоўных стартаў чатырохгоддзя дружыны Кітая (па праву гаспадароў спаборніцтваў), а таксама васьмёрка найлепшых па рэйтынгу ІІHF, каманды Канады, Фінляндыі, Расіі, Швецыі, Чэхіі, ЗША, Швейцарыі і Германіі.

3. Чатыры сярэбраныя медалі выйгралі беларускія спартсменкі ў заключны дзень этапу Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў Маскве. У фіналах асобных відаў індывідуальных спаборніцтваў двойчы вызначылася Анастасія Салас (практыкаванне з мячом і абручом) яшчэ два медалі на рахунку каманды ў групавых практыкаваннях (з пяццю мячамі, а таксама абручамі і булавамі).

Усяго беларускія «мастачкі» выйгралі на этапе Гран-пры шэсць сярэбраных узнагарод, у першыя дні спаборніцтваў вызначылася Аліна Гарнасько і каманда ў групавых практыкаваннях.

Стартавы ў алімпійскім сезоне этап Гран-пры праходзіў 7—9 лютага ў Палацы гімнастыкі Ірыны Вінер-Усманавай у Маскве і сабраў грацый з 37 краін.

4. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог на выездзе ўкраінскі «Матор» з лікам 36:33 у матчы Лігі чэмпіёнаў. Дзякуючы гэтай перамозе БГК набраў 6 ачкоў і сышоў з апошняга месца ў турнірнай табліцы групы В. Свой наступны матч чэмпіёны Беларусі правядуць 15 лютага ў гасцях у французскага «Манпелье», які ў 11-м туры адолеў у сябе дома польскі «Віве» з Кельце — 25:24.

Турнірнае становішча ў групе В пасля 11 тураў: «Кіль» — 18 ачкоў, «Веспрэм» — 16, «Манпелье» — 13, «Віве» — 12, «Порту» — 10, «Вардар» — 9, БГК імя Мяшкова — 6, «Матор» — 4.

У плэй-оф Лігі чэмпіёнаў выйдуць па шэсць найлепшых камандаў з дзвюх элітных груп, прычым каманды, якія фінішуюць першымі, адразу трапяць у чвэрцьфінал. Клубы, якія занялі 2—6-е месцы ў групах А і В, а таксама дзве найлепшыя дружыны з папярэдніх груп С і D правядуць сустрэчы 1/8 фіналу.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Фіналу быць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».