Вы тут

Цёплыя фарбы зімы


Нам пашанцавала трапіць у творчую камандзіроўку ў Сянно на тыя некалькі дзён «сапраўднай зімы», якія сёлета можна па пальцах пералічыць — са снегам, кавуновым марозным водарам і адчуваннем чароўнай казкі.


Не дзіва, што нашы новыя знаёмыя, маленькія Яна і Алена Ткачэнкі, нядоўга думаючы, выцягнулі з кутка санкі і паехалі паказваць сваю гаспадарку, у якой тры каровы — Зорка, Буся і Рамашка, гусі, свіння, чародка курэй пад пільным наглядам цасаркі (гаспадыня жартуе, што яна тут галоўны ахоўнік, бо здалёк бачыць драпежных птушак і папярэджвае суседак пра небяспеку), і яшчэ дзве авечкі, адну з якіх дзяўчаткі клічуць Пінкі Пай, як любімую поні з мультфільма.

— Я з дзяцінства хацела быць ветэрынарам, клапаціцца пра жывёл. Скончыла ў Віцебску ветакадэмію, але толькі падчас працы зразумела, што не ўсё так проста, як падавалася — што трэба мець і сілу ў руках, і моцныя нервы, і пры тым не страціць дабрыню і спагадлівасць, як да жывёл, так і да людзей. Усякае было — і плакала, калі бачыла ўласнае бяссілле, і адчувала гонар за сябе, калі ўдавалася выратаваць жывёліну, калі бачыла, як вырастаюць і набіраюць вагу цяляты, якім ты дапамагла з'явіцца на свет... Потым уцягнулася і палюбіла прафесію — але цяпер, паколькі чакаю трэцяе дзіця, я ветэрынар толькі ў сябе на падворку, — усміхаецца маці сямейства Вольга Міхайлаўна.

Бацькі і дачушкі, дарэчы, ведаючы, што трэцяй таксама будзе дзяўчынка, ужо выбралі імя (але мы, каб не сурочыць, захаваем яго ў сакрэце). А пакуль тата Аляксандр заняты на працы, Яна і Алена, як дарослыя, дапамагаюць маме: старэйшая расчэсвае і корміць кароў ды авечак, малодшая выпускае і заганяе курэй. «Я таксама стану ўрачом — буду лячыць дзеткам зубы і жывоцікі!» — абяцае старэйшае дзяўчо, і доўга-доўга махае нам на развітанне ў акенца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.