З пачатку года Беларусь адправіла два самалёты з гуманітарнай дапамогай у Кітай, дзе разгарэлася эпідэмія з-за новага каранавіруса. У камплектаванні і пагрузцы каштоўнага грузу ўдзельнічалі нашы ратавальнікі. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ад самага свайго стварэння актыўна развівае кірунак міжнароднага супрацоўніцтва. Але як жа ўсё адбываецца? Аб гэтым «Звяздзе» расказаў кіраўнік адпаведнага ўпраўлення ведамства Дзмітрый ТКАЧУК.
Ад Эквадора да Непала
— Гуманітарнае супрацоўніцтва можна назваць нашым прыярытэтным кірункам, — адзначыў Дзмітрый Ткачук. — Ён фарміруе прэстыж і рэпутацыю краіны, якая імкнецца скарыстаць усе магчымасці, каб аказаць дапамогу дзяржавам, якія апынуліся ў бядзе. Гэта спрыяе развіццю стасункаў і па іншых кірунках.
Натуральна, толькі Паднябеснай наша дапамога не абмяжоўваецца. За апошнія некалькі гадоў каштоўныя грузы накіроўвалі ў Венесуэлу, Украіну, Лівію, Турцыю, Непал, Сірыю, Эквадор, Мазамбік, Зімбабвэ, В'етнам. Апошнюю краіну вельмі моцна «патрапаў» у 2018 годзе магутны тайфун. Але сказаць, што ўвесь час адпраўляюцца адны і тыя ж грузы, нельга. Хоць часцей за ўсё ўсе нагоды можна падвесці пад адзін знамянальнік — масавае разбурэнне жылых дамоў і інфраструктуры. Прымаючы бок сам вырашае, што яму патрэбна, ствараючы канкрэтны рэестр. Гэта неабходна і для таго, каб не адбылося так, што па адных пазіцыях будзе збыткоўнасць, а па другіх — наадварот, дэфіцыт ці ўвогуле адсутнасць.
Часам дзейнічаюць за мяжой і нашы ратавальнікі. Напрыклад, у 2011 годзе яны дапамагалі тушыць лясныя пажары ў Разанскай вобласці Расіі. Праз тры гады быў камандзіраваны атрад у Сербію, паколькі на гэтую балканскую краіну абрынуліся моцныя залевы, якія выклікалі паводку. Штогод нашы верталёты адпраўляюцца ў Турцыю і Грэцыю для ліквідацыі лясных пажараў. Прычым адбываецца гэта па выніках адмысловага міжнароднага тэндару. А гэта значыць, што нам давяраюць.
Вучымся самі і вучым іншых
— У сярэдзіне дзесяцігоддзя да нас не раз заходзілі лясныя пажары з тэрыторыі Украіны. І нашы пажарныя таксама дапамагалі ўкраінцам тушыць узгаранні ў памежнай зоне...
— Менавіта таму ўжо вельмі даўно былі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве ратавальных службаў з усімі краінамі, з якімі мяжуе Беларусь. Толькі гэтым мы не абмяжоўваемся. Агулам колькасць такіх пагадненняў ужо пераваліла за 50. З кімсьці мы супрацоўнічаем па лініі падрыхтоўкі ратавальнікаў, з кімсьці — па сумесных праектах.
— Чаму ж вучаць нас і чаму вучымся мы?
— Нашы супрацоўнікі адпраўляюцца на вучэбныя курсы за мяжу ў тым выпадку, калі трэба пераняць новы досвед, але ў сілу розных прычын арганізоўваць падобныя курсы ў Беларусі не зусім мэтазгодна. Прычына можа быць, напрыклад, у малой колькасці слухачоў, калі вузкія спецыялісты сапраўды на вагу золата. Яшчэ адзін фактар — прыродная асаблівасць нашай краіны. У нас жа няма гор. А як вучыцца працаваць у баявых умовах тым жа ратавальнікам-альпіністам? Ці вось не так даўно ў Кыргызстане праводзіліся пад эгідай Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны вучэнні сярод вадалазаў. Ва Узбекістане былі міжнародныя трэніроўкі па працы ў горнай мясцовасці... Таксама мы вывучаем асаблівасці сучаснай грамадзянскай абароны насельніцтва, як гэта робіцца, напрыклад, у Еўрасаюзе.
Аднак, з іншага боку, і мы прымаем у сябе на базе Міжнароднага цэнтра падрыхтоўкі ратавальнікаў з іншых краін. Цэнтр функцыянуе на базе нашага філіяла Універсітэта грамадзянскай абароны ў Светлым Гаі непадалёк ад Барысава. Там ужо вучыліся прадстаўнікі больш чым з 50 краін. Сярод іх — Казахстан, Расія, Латвія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Малдова, Іарданія. І мы прапаноўваем нашым калегам добры патэнцыял у галіне выратавальных прац. А гэта ўсё — экспарт адукацыйных паслуг.
З кожнай краінай вядзецца супрацоўніцтва, якое цікавае абодвум бакам. Напрыклад, з Японіяй у нас даўнія стасункі на глебе радыялогіі. Калісьці прадстаўнікі Краіны ўзыходзячага сонца дапамаглі нам падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ёсць і цяпер шэраг праектаў, па якіх яны нам дапамагаюць. А калі ў 2011 годзе ў самой Японіі адбылася надзвычайная сітуацыя на АЭС «Фукусіма-1», то ўжо Беларусь пачала дзяліцца сваімі напрацоўкамі. З таго часу да нас прыехала не адна японская дэлегацыя, якая вывучала наш постчарнобыльскі досвед. А па выніках аднаго з візітаў быў заключаны кантракт на пастаўку ў гэтую ўсходнюю краіну прыбораў дазіметрычнага і радыяцыйнага кантролю беларускай вытворчасці.
Дарэчы, цяпер ідуць перагаворы аб пастаўках нашай пажарна-выратавальнай тэхнікі, а таксама амуніцыі ў краіны Сярэдняй Азіі.
Дзесяць дзён аўтаномнасці
— Другі блок — супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, — працягвае суразмоўца. — Наш Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння атэставаны па стандартах ІNSARAG. Гэта патрабаванне ААН да адмысловых атрадаў, якія гатовы аператыўна вылятаць і аўтаномна працаваць у пацярпелай краіне да дзесяці сутак. Прычына вылету — надзвычайная прыродная сітуацыя. Гэта землятрусы, паводкі, тайфуны і цунамі. Прычым усе удзельнікі такога атрада абавязкова павінны валодаць англійскай мовай.
Нашы ратавальнікі актыўна працуюць у праграмах трансмежнага супрацоўніцтва па лініях Беларусь—Латвія—Літва і Беларусь—Польшча—Украіна. І гэта не толькі інвестыцыі ў навучанне ратавальнікаў. Напрыклад, у Брэсце быў пабудаваны Цэнтр бяспекі, праводзіцца рэканструкцыя будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці, а былы штаб казармы рэканструюецца пад вучэбны цэнтр. Дзе-нідзе дзякуючы грантам закупляецца сучасная пажарная тэхніка і абсталяванне. Так, у 2019 годзе нашы ратавальнікі рэалізавалі агульных праектаў на сур'ёзную суму ў 14 мільёнаў еўра.
Ратавальнікі на землятрусе
Імавернасць узнікнення буйнамаштабнай надзвычайнай сітуацыі існуе ў многіх пунктах зямнога шару. І справа зусім не ў тэхнагенных катастрофах, дзе не ў апошнюю чаргу вінаваты славуты чалавечы фактар. Раз-пораз у свеце здараюцца магутныя землятрусы. Усяго некалькі дзясяткаў хвілін падземных штуршкоў і ваганняў — і ў руіны могуць ператварыцца цэлыя гарады.
Канешне, калі паглядзець на параўнальную карту эпіцэнтраў землетрасенняў, то Беларусь — адна з нямногіх краін свету, дзе яны ўвогуле не былі адзначаны як мінімум з 1963 года. Хоць хвалі да нас перыядычна дакочваюцца — згадаць хоць бы землятрусы ў Калінінградскай вобласці Расіі або ў Румыніі. Але 7 з 15 найбольш разбуральных землятрусаў у гісторыі чалавецтва адбыліся ў ХХ і ХХІ стагоддзі. А значыць, дапамога нашых ратавальнікаў можа спатрэбіцца ў любы момант. Ці гатовы яны да гэтага?
— Нашы ратавальнікі ўдзельнічалі ў буйнамаштабных вучэннях, якія праходзілі ў Даніі ў 2017 годзе, — згадвае Дзмітрый Ткачук. — Там адпрацоўваўся механізм грамадзянскай абароны Еўрапейскага саюза ў галіне пошукава-выратавальных работ. Заадно там праверылі на трываласць існуючую міжнародную каардынацыю.
Гэтыя вучэнні ратавальнікаў найбольш статусныя з усіх, што праводзяцца ў Еўрапейскім саюзе, паколькі ўключаюць рэагаванне на надзвычайную трансмежную сітуацыю ў рэжыме рэальнага часу. У адпаведнасці з легендай, Беларусь атрымала выклік аб дапамозе ад пацярпелага боку. Выратавальны атрад сабраўся ў Мінску на базе Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння. Пасля таго як было пагружана неабходнае абсталяванне і вызначаны неабходныя задачы, выратавальныя аўтамабілі паехалі ў Данію...
Крыху слоў пра перадгісторыю такіх вучэнняў. У 1980-я ў свеце адбыліся два вельмі разбуральныя землятрусы. У 1985 годзе падземныя штуршкі магнітудай 8.1 па шкале Рыхтэра скаланулі горад Мехіка. Тады пад абломкамі дамоў загінула каля 10 тысяч чалавек, яшчэ 30 тысяч атрымалі раненні. Сто тысяч засталіся без даху над галавой. Мінула тры гады — і яшчэ больш магутны Спітакскі землятрус накрыў паўночны захад тагачаснай Армянскай ССР. Там ужо колькасць загінулых складала 25 тысяч, а свайго жытла ў адзін момант пазбавіліся 514 тысяч чалавек...
— Менавіта тады сусветная супольнасць зразумела, што вельмі складана каардынаваць вялікую колькасць ратавальнікаў з усёй планеты, — працягвае Дзмітрый Ткачук. — А сама пацярпелая краіна фактычна знаходзіцца ў рэжыме надзвычайнага становішча і не можа аператыўна распрацаваць нейкі механізм, які б дазваляў рэгламентаваць, у якой зоне праводзіць работы, дзе знаходзіцца найбольш прыярытэтны напрамак, дзе можна размясціць базавы лагер і пасля ў парадку ратацыі праводзіць работы. Гэта прыводзіла да таго, што ў той жа Арменіі выратавальныя атрады некалькі разоў абследавалі незалежна адзін ад аднаго тыя ж самыя разбураныя будынкі. А ў гэты час, магчыма, хтосьці чакаў дапамогі пад заваламі наступнага дома і лік ішоў на хвіліны, каб яго выратаваць. З-за гэтага ўмовы працы былі максімальна набліжаны да рэалістычных. У тым ліку — і з пранікненнем унутр завалаў, а таксама выцягваннем адтуль пацярпелых, ролю якіх выконвалі статысты.
Разам з беларускімі ратавальнікамі ў тых вучэннях удзельнічалі атрады з Вялікабрытаніі і Францыі. Калі параўноўваць узровень працы, то наколькі ён адрозніваецца?
— Па аснашчанасці абсталяваннем нашы атрады і еўрапейскія знаходзяцца на супастаўным узроўні, — заўважае Дзмітрый Ткачук. — Мы можам выконваць аднолькавы спектр работ. Крыху адрознівацца могуць толькі методыкі — але гэта склалася гістарычна. Ды і тут розніца вельмі нязначная, і гэтыя варыяцыі маюць права на жыццё. Але ў чым нашы ратавальнікі дадуць фору, дык гэта ў згуртаванасці і натхнёнасці на выкананне пастаўленых задач.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.