Калі выходзіць кніга, адкрываецца выстаўка, адбываецца прэм’ера, прысуджаецца ўзнагарода — гэта як вынік. А што стаіць за той ці іншай падзеяй, часта застаецца па-за ўвагай, бо ніхто, акрамя творцы, не можа расказаць пра напружаную ўнутраную працу, паказаць няяўныя сцежкі пошукаў і сумненняў, якія да гэтай падзеі прывялі. Пра тое, што зазвычай знаходзіцца ў цені, і будзе распавядаць рубрыка ВЫНІКІ.
Летась пабачыў свет зборнік паэзіі Алеся Бадака «Развітанне з вечнасцю». У радыёэфіры часта гучаць песні на яго словы, адна з апошніх сярод іх — «Добрыя людзі» ў выкананні Анатоля Ярмоленкі. І вось навіна: Алесь Бадак узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Падчас сустрэчы з карэспандэнтам «ЛіМа» творца разважаў пра музыку, сучасную і папулярную калісьці, літаратуру, пра зменлівы час і рытмы жыцця.
ПРА ПЕСНІ. Калі па радыё аб’яўляюць песні, далёка не заўсёды гучыць імя паэта, на чые словы песня напісаная. Кампазітары лічаць, што поспех шлягера на 60—70 % залежыць менавіта ад музыкі. Між тым, упэўнены Алесь Бадак, тэкст, на які ствараецца музыка, не менш важны, чым сама музыка.
— Першая мая песня была напісана без майго ўдзелу. Мой першы вершаваны зборнік выйшаў у 1989 годзе. Малады кампазітар Алег Елісеенкаву пагартаў кніжачку і знайшоў верш, які потым і стаў песняй...
Але калі б мне прапанавалі адгадаць верш, на які будзе напісана музыка, выбраў бы яго ў апошнюю чаргу — гэта твор пад назвай «Грошы»… Тады быў час перабудовы і дэфіцыту, і тэма грошай была модная. Рок-гурты імкнуліся спяваць не такія, як раней, песні, мяняць музычныя кірункі. У гэтым сенсе нестандартны, не зусім песенны верш і спадабаўся кампазітару. Але калі б не той выпадак, я ўсё роўна прыйшоў бы да напісання песень — нават не ведаю, з чым параўнаць гэты неверагодны душэўны стан, які ўзнікае кожны раз, калі чую добрую песню. І так з самага дзяцінства. У бацькі быў гармонік, і я на слых падбіраў мелодыі песень, — прынамсі, спадзяюся, можна было пазнаць, што я іграю.
Актыўна пісаць песні я пачаў напачатку 1990-х. Гэта сёння слухача цяжка здзівіць рознымі кірункамі ў музыцы, а тады, памятаю, некаторыя маладыя нашы кампазітары сумняваліся, што можна пісаць добрыя дыскатэчныя тэксты на беларускай мове. І я імкнуўся даказваць адваротнае. Першай з’явілася «Заварожаная фея» ў выкананні Аляксандра Саладухі, і пайшло-паехала: «Сарамлівая дзяўчынка» ў выкананні Іны Афанасьевай, «Іншапланецянка», якую запісаў Якаў Навуменка…
Памятаю, неяк у 1990-я гады я размаўляў з Генадзем Бураўкіным, аўтарам слоў знакамітых песень «Завіруха», «Жар-птушка», «Конь незацугляны». Я здзівіўся, калі ён сказаў: «Мой час у песні прайшоў. Я сённяшніх рытмаў не разумею»… Але тое ж магу сказаць цяпер і я пра сябе. Я не хачу параўноўваць — сённяшнія песні, які пастаянна круцяцца на тых жа FМ-станцыях, лепшыя ці горшыя за песні маёй маладосці. Яны проста іншыя.
ПРА КНІГУ. Яна вельмі камерная, не для шалёна паскоранага сённяшняга рытму. Крыху мінорная, што таксама для пэўнага адрасата. Гэта ж як песня: адным падабаюцца балады, іншым — хіп-хоп. І вельмі асабістая ў адрозненне ад папярэдніх.
Што да ранейшых зборнікаў, то калі б у мяне спыталі, што было штуршком для напісання таго ці іншага верша, у многіх выпадках я проста не ўспомніў бы. Апошняя кніга густа населена канкрэтнымі асобамі, у ёй шмат непрыдуманых падзей і лёсаў. Найперш, зразумела, мой лёс. А паколькі ў ёй не толькі новыя вершы, але і выбраныя з ранейшых зборнікаў, то старыя я адбіраў, прытрымліваючыся ў тым ліку і гэтага прынцыпу: каб кожны з іх быў нейкім дадатковым мазком да ўласнай біяграфіі.
«Развітанне з вечнасцю» пісалася вельмі доўга. Якой кніга будзе, уяўвіў не адразу, пакуль не прыйшла ідэя ўключыць у яе і каментары да вершаў. Бо верш, дакладней, тое, што бачыць чытач, — гэта як мора, на якое ты глядзіш з берагу. Ім можна захапляцца. Але зразумець яго сутнасць, багацце і разнастайнасць можна толькі тады, калі з аквалангам трапіць у глыбіню.
Можна сказаць, што ў большасці сваёй мае каментарыі — гэта аўтабіяграфічныя эсэ. Пра вясковае дзяцінства ў сямідзясятыя гады. Пра маё пакаленне, якое ўваходзіла ў літаратуру ў першай палове 1980-х. Пра тагачасныя адносіны паміж маладымі аўтарамі і мэтрамі. За апошнія дзесяцігоддзі ўсё настолькі змянілася — у жыцці, у літаратуры, што сённяшняя літаратурная, дый не толькі літаратурная моладзь сёе-тое з маіх успамінаў можа чытаць з усмешкай, а можа, яны ёй пададуцца малазразумелымі і нецікавымі. У гэтым, мне здаецца, таксама пэўная камернасць кнігі.
Шчыра кажучы, нават на стадыі вёрсткі яна нараджалася даволі цяжка: які верш за якім паставіць, які ўвогуле зняць. Самае простае — сабраць усё, што апошнім часам напісана, расставіць па датах напісання і выдаць. Але так звычайна робіцца, калі табе дваццаць — дваццаць пяць. З узростам становішся больш самакрытычным і больш востра адчуваеш, што на кніжным рынку ты далёка не адзін. У мяне, напрыклад, ужо даўно назбіралася тэкстаў на кнігу прозы, многія з якіх перакладаліся на замежныя мовы. Але я ўсё чакаю, што з’явіцца нейкая цікавая ідэя — як з каментарыямі да вершаў кнігі «Развітанне з вечнасцю». Лепш не спяшацца, чым пасля шкадаваць, што ідэя прыйшла занадта позна.
Падрыхтавала Яна БУДОВІЧ
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.