Вы тут

Інжынер-праграміст на працягу двух гадоў стварае «жывыя» лялькі


Таццяна КОСТУСЕВА па прафесіі інжынер-праграміст, працуе ў адной з паспяховых фірмаў па вырабе пластыкавай прадукцыі. Свабоднага часу ў гераіні не так многа, аднак калі ўсё ж з'яўляецца некалькі хвілін, яна думае аб... ляльках. Маладая рамесніца на працягу двух гадоў стварае прыгожыя цацкі для сябе і іншых і лічыць, што гэты занятак — на ўсё жыццё.


— Творчасць суправаджала мяне з ранняга дзяцінства ва ўсякіх сваіх разнастайных формах, але больш за ўсё падабалася рабіць нешта сваімі рукамі. Аднак нельга сказаць, што бацькі мяне ў гэтым падтрымлівалі. Наадварот, лічылі, што мастак асуджаны на галечу, лепш засяродзіць увагу на нечым іншым. Таму паступіла ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі і атрымала добрую спецыяльнасць, па якой цяпер і працую. Аднойчы, калі «шпацыравала» па прасторах інтэрнэту, знайшла інфармацыю пра лялькі — яны кранулі да глыбіні душы. Унутры нешта прачнулася, заварушылася, і я зразумела: мая творчая энергія, патэнцыял збіраліся доўгія гады, і прыйшоў час, каб іх рэалізаваць.

Таццяна лічыць, што такія задаткі ў яе ад сваякоў — дзядзька быў мастаком, увесь яго вясковы дом нагадваў карцінную галерэю. Ды і тата — на ўсе рукі майстар.

— Я чэрпала патрэбную інфармацыю з сеціва або даведвалася ад іншых захопленых. Чытала, як робяць лялькі, не выходзячы з дому, і загарэлася ідэяй таксама іх ствараць. Галоўнае, каб родныя не былі супраць эксперыментаў, у тым ліку з выкарыстаннем розных хімічных рэчываў. Увесь працэс пачынаецца з выбару матэрыялу. Для будуарных лялек я выбрала палімерную гліну — яна добра падыходзіць, таму што па сваіх уласцівасцях падобная на пластылін. Гэтую гліну трэба выпякаць у печы. Часам муж заходзіць дадому са словамі: «О, нешта смачнае гатуецца... А-а-а, зноў там твае галовы» (усміхаецца). Калі дэталі зроблены, ідзе іх шліфоўка, потым падрыхтоўка да роспісу, пакрыццё спецыяльным поліўрэтанавым лакам, а пасля — размалёўка частак цела: дзесьці акрылам, дзесьці — акварэллю. І зноў пакрыццё лакам. Калі ўсё гатова, пераходжу да збору лялькі. У нагах і тулаве — шплінты (гнуткія мацаванні). Дзякуючы ім вырабы атрымліваюцца вельмі пластычныя, быццам жывыя.

На ляльках гераіні відаць усе чалавечыя асаблівасці: радзімкі, вяснушкі або невялікія маршчынкі. Менавіта гэта і прыцягвае да цацак. Што цікава, валасы на іх — гэта казіная шэрсць, яе дасылаюць з Расіі, дзе знаёмая суразмоўніцы займаецца развядзеннем гэтых жывёл і прадае незвычайную сыравіну лялечнікам. Таццяна прыводзіць яе ў патрэбны выгляд: расчэсвае, абстрыгае як трэба і фарбуе, мацуе на магніты да галавы.

— На стварэнне будуарнай лялькі траціцца месяц-два. Хутчэй за ўсё, напачатку давядзецца сапсаваць шмат матэрыялу: я захоўваю дома пакет з непатрэбнымі дэталямі — гэта мая памяць і вопыт. Паняцце «лялечнік» аб'ядноўвае шмат навыкаў з розных прафесій. Гэта і мастак (суразмоўніца на некаторых цацках выкарыстоўвае роспіс хной — мехендзі), і цырульнік, і дызайнер (моднае адзенне гераіня стварае цалкам самастойна), і механік. А яшчэ... урач. Каб правільна разлічыць прапорцыі цела, трэба ведаць чалавечую анатомію.

Самыя папулярныя лялькі ў калекцыі — шарнірныя. Яны могуць прымаць любыя чалавечыя позы.

— На стварэнне менавіта такой адной можа пайсці да года, яны вельмі далікатныя ў рабоце. Лепіцца майстар-мадэль, з якой пасля здымаюцца формы для вырабу копій-адлівак з дапамогай розных тэхналогій. На працягу месяца ствараюцца і формы для розных дэталяў. З імі таксама трэба шмат працаваць — перарабляць, падганяць. Праходзіць некалькі папярэдніх зборак, перш чым усе яны ідэальна стануць на свае месцы. Далей — размалёўка. Гэта той момант, калі лялька «ажывае» і ўжо глядзіць на вас маленькімі вочкамі. Апошні этап — зборка, адзенне і замацаванне парыка. Кожнаму творцу знаёмыя душэўныя пакуты: сёння атрымалася добра — адчуваеш сябе таленавітай, назаўтра нічога не выходзіць — я няздара, — кажа гераіня.

Суразмоўніца ўдзячная сваім цацкам за тое, што яны адкрылі ёй новы свет з цікавымі людзьмі: «Калі мы з імі сустракаемся, прысутныя звычайна нас запамінаюць, бо ўсе сталы хутка ператвараюцца ў выстаўку нашых работ. Ды і самі перыядычна іх арганізоўваем у горадзе».

Таня расказала, што працаваць над лялькамі ёй значна лягчэй начамі. Тут важна выконваць толькі адно правіла — не садзіцца за справу без добрага настрою.

— Гэта чароўны час, калі ўся сям'я ўжо спіць, ніхто не перашкаджае напоўніцу атрымліваць асалоду ад працэсу. Калі ёсць жаданне нешта ўвасобіць, магу займацца гэтым суткамі. Але пасля абавязкова патрэбны перапынак на тыдзень ці месяц. Стварэнне цацак магу параўнаць з нараджэннем дзіцяці: ніколі не адгадаеш, які ў яго будзе характар, але дакладна ведаеш, што будзеш яго любіць. У кожнай — пэўныя эмоцыі, у некаторых ёсць імя. Часам лялькам не падабаюцца сукенкі, якія я пашыла для іх, колер валасоў і гэтак далей. Гляджу і разумею: трэба нешта іншае, таму імкнуся «дагадзіць» сваім цацкам, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз кажа Таццяна. — Усе яны ствараюцца ў адзіным экзэмпляры, некаторыя з іх — пад уплывам натхнення ад кнігі ці фільма. Ёсць немаўляткі, прынцэсы, дарослыя дамы, а вось хлопчыкаў пакуль што няма.

Рамесніца прызнаецца: напачатку захаплення лялькамі ніякіх планаў наконт заробку яна не рабіла, бо ў першую чаргу была мэта ствараць, а не прадаваць. Аднак цяпер перадаваць прыгажосць, нават у добрыя рукі, танна не можа — пакупнік павінен разумець яе каштоўнасць, тое, колькі сіл, часу было ўкладзена.

— У глыбіні душы хацелася б, каб хобі стала маёй асноўнай работай, але пакуль што гэта толькі мары. Цяпер такая справа найперш для душы. Прыемна бачыць, што мае лялькі выклікаюць цікавасць у рознай аўдыторыі. У планах — пачаць рабіць цацкі з фарфору. Гэта складана і затратна, але ў той жа час вельмі прыгожа. Дарэчы, да крытыкі адносна свайго захаплення стаўлюся станоўча, бо галоўнае, каб творчасць выклікала эмоцыі ў чалавека.

Дар'я ШЛАПАКОВА, Мінск — Гомель — Мінск

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Будуарныя і шарнірныя, або Як ажывіць ляльку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?