Жыццё валанцёраў вельмі яркае і насычанае. Літаральна кожны дзень яны здзяйсняюць добрыя ўчынкі, дапамагаюць дарослым і дзецям. Кожны з іх заслугоўвае таго, каб пра яго даведаліся. Менавіта для гэтага штогод БРСМ праводзіць конкурс «Валанцёр года». Адной з пераможцаў у намінацыі «Асабісты ўнёсак 2019 года сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі» стала студэнтка чацвёртага курса факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Віялета Аляшкевіч.
— Валанцёрствам я пачала займацца яшчэ ў школе, з восьмага-дзявятага класа. Педагог-арганізатар прапанавала, я зацікавілася і паспрабавала. Першым вопытам стаў удзел у навагоднім канцэрце для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Потым мяне гэта справа захапіла. Стала сама цікавіцца валанцёрскім рухам: наведваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, пажылых людзей і проста ўдзельнічаць у розных акцыях. Напрыклад, раздавала ўлёткі аб правілах паводзін на чыгунцы, — прыгадала дзяўчына.
Пасля школы Віялета паступіла ва ўніверсітэт, але дапамагаць людзям не перастала. З першага курса запісалася ў валанцёрскі клуб ВНУ «Добрае сэрца». Стала наведваць дзіцячыя інтэрнаты і сацыяльна-педагагічныя цэнтры, бальніцы, дамы для пажылых людзей.
— Часам, рыхтуючыся да чарговага майстар-класа, магу ўсю ноч заліваць гіпсавыя фігуркі ці майстраваць кветкі, якія дзеці будуць потым размалёўваць. Цяпер рэалізую ўласны праект «Найлепшы сябар» з выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага і анкалагічнага цэнтраў. Валанцёрства займае амаль увесь вольны час, таму рэдка бачуся з сябрамі, ды і дадому ў Асіповічы прыязджаю нячаста. Па мне, вядома, сумуюць... Але я нічога з сабой зрабіць не магу — мне падабаецца дапамагаць людзям, гэта ж крута!
Мінулым летам Віялета адкрыла для сябе спартыўны кірунак і стала лідарам групы валанцёраў на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Дзяўчына каардынавала работу каманды колькасцю больш за дваццаць чалавек
— У мяне была вельмі адказная работа. Дзякуючы свайму кіраўніку Алене Кузьміной, хлопцам і дзяўчатам з каманды я стала больш камунікабельная і мэтанакіраваная. Праводзіла круглыя суткі на стадыёне «Дынама», затое набыла шмат новых сяброў, а таксама бясцэнны вопыт. Цяпер працягваю займацца спартыўным валанцёрствам.
Адзінай складанасцю, якая ўзнікае ў жыцці валанцёра, дзяўчына называе нежаданне дзяцей адпускаць яе. А такія сітуацыі ўзнікаюць досыць часта:
«Яны вельмі хутка прывыкаюць да нас, адчуваюць, што мы іх не шкадуем, а размаўляем на роўных».
У конкурсе «Валанцёр года — 2019» студэнтцы прапанавалі паўдзельнічаць куратары валанцёрскага клуба. Для яго Віялета рабіла відэаролік і прэзентацыю аб сваёй дзейнасці. А потым заставалася толькі чакаць абвяшчэння вынікаў.
Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.