Вы тут

Дар'я Значонак. Сказ пра тое, як Гнядаш цмокаў падмануў (урывак)


Дар'я Значонак з адзнакай скончыла факультэт прынттэхналогій і медыякамунікацый БДТУ і цяпер працуе рэдактарам у выдавецка-паліграфічным цэнтры. Сярод найбольш моцных захапленняў — авіяцыя і ўсё звязанае з ёю, асабліва ў кантэксце Вялікай Айчыннай вайны.


Карта чэрціцца на пяску спрытна, выверанымі да аўтаматызму рухамі. Мусіць, таму, што дваццаць трэці раз за дзень. Палявы аэрадром, раскіданыя сям-там плямкі вёсак, лясны масіў, разрэзаны дарогамі... А вось і стужка чыгункі — тая самая, над якою ён мог бы цяпер ляцець на сваім І-16 разам з эскадрылляй. Можа, яго нават узяў бы вядзёным старшы лейтэнант Караткоў, які тыдзень таму заваліў «юнкерс», а пазаўчора — «месер». Невыносны Лёўка Касценчык, якому вечна да ўсяго ёсць справа, гатовы пабіцца ў заклад, што праз год намесніку камандзіра эскадрыллі не будзе куды чапляць ордэны.

А ён, Саша Гнядых, паставіў бы на паўгода.

— Ты, Сань, не перажывай, фрыцы так адразу не перавядуцца, — самавіта выцягваў куранячую шыю Лёўка, пакуль тэхнік перад вылетам зашчоўкваў на ім замкі парашута. — Абяцаю не біць усіх дачыста, пакіну колькі і на тваю долю. Па-таварыску. А наогул — хіба ў лётчыка толькі ў паветры праца? Ты ў нас хлопец вачасты, дык і на зямлі занятак будзе... А вы як лічыце, таварыш старшы лейтэнант?

— Слушна кажаш, малеча! Вачасцікі таму і на вагу золата, што заўсёды знойдуць сабе справу. Ну а пры патрэбе і языкатых ёсць да чаго прыстасаваць! — Караткоў бадзёра пляснуў Лёўку па вузкім плечуку. У прымружаных вачах, сінейшых за фарбу, якою размалёўваюць ніжнюю паверхню самалётных крылаў, так і бліскацелі смяшынкі.

Пакуль Лёўка з вохканнем паціраў плячо, Караткоў дабрадушнай гарою навіс над Сашам, які моўчкі сядзеў у траве.

— Не дрэйф, сябрук, паляціш наступным разам. Калі ўсё так выйшла, што ж цяпер? Ты, галоўнае, час не губляй, скіруй на штось карыснае — што ў палёце спатрэбіцца. Лётаць, брат Сашка, трэба з розумам! Бывае, і для таго, каб упасці, даводзіцца мазгамі паварушыць...

Хлапечая галава толькі ўгнулася ніжэй, і Караткоў шырокай далонню ўскудлаціў схілены каштанавы чуб.

— Не насупліваемся, глядзім весялей! Колькі яшчэ будзе тых вылетаў!.. Ну давай, думай, гэта ты ўмееш. Як вярнуся — праверу, згода?..

Пруток замірае над скончанай картай — яшчэ больш дакладнай і падрабязнай, чым дваццаць дзве ранейшыя, бязлітасна сцёртыя ў пакаранне за недасканаласць. Лёўка пакуль блага ведае раён, сам абмовіўся, але Караткоў усё роўна вылецеў у пары з ім. А Сашаў «ішачок» — вунь ён, расчаравана высіцца між пустых стаянак трэцяй эскадрыллі, па самую кабіну завалены дрэўцамі для маскіроўкі.

Але самалёт крыўдуе хаця б моўчкі. Тэхнікі ды механікі, напрыклад, маўчаць не ўмеюць — да таго разышліся, што Сашу нават у адной гімнасцёрцы гарачыня прабірае, дарма што дрэвавыя кроны шчодра расквеціў верасень.

— Разумею, каб машыны ўсе паразбітыя, — чуецца ад групкі тэхнічнага складу нягучнае, але выразнае бурчанне, якое амаль не перакрываецца бразганнем інструментаў. — Разумею, каб не ўзлётка, а дрыгва — ботаў не выцягнеш. Не па-мужчынску...

— І то праўда! Небушка нібы шчоткай адшураванае, ані хмаркі, а спраўны «ішак» — у стойле. Лётчык-знішчальнік, ага. Вось мой бы Глеб Андрэіч на яго месцы...

Не, немагчыма зноў чарціць! Саша адшпурвае пруток у траву і скурчваецца, апусціўшы падбародак на складзеныя рукі. Па звычцы прыкідвае адлегласць да прутка: недзе за паўтара метра ўпаў. Не, дакладны метр семдзесят, вакамер не падмане. Тэхнары — метраў за дзесяць. А колькі да «ішака»? Здаецца, сорак — сорак пяць, не менш. Да стракатых жа бярозак, якія працягнуліся ладным шэрагам па той бок узлётнай паласы, — усе дзвесце.

А паласа, дарэчы, караткаватая. Не, узляцець-сесці — гэта без праблем, ён пакуль ні на адной трэніроўцы не схібіў. Але ж то ў лётнае надвор'е. І без спешкі. А калі Лёўку ўзяць... Хаця Лёўка якраз сядзе, ён дзе хочаш сядзе — проста каб нос уцерці. А вось Слаўку трэба папярэдзіць, няхай не забывае ўважліва планаваць заход. У вучылішчы вечна адна песня была: то недалёт, то пералёт...

— Бачце, маўчыць. Дальбог — маўчыць! — змоўніцкі шэпт.

— Маўчыць... Ну-ну, хай маўчыць, з гэтым у яго на выдатна! От каб справай заняцца, механізмы лішні раз даследаваць...

— Хто ўжо як, а я лічу: правільна яго Канстанціныч, надалей мо не будзе соплі жаваць!

— За што хоць пацана?

— Цьфу, яшчэ б за што талковае. Бязглуздае жарабя... Цікаваць трэба, калі кампалка не ў гуморы, ды выдаваць вітанні ў час! Калі і ў палёце гэткі ж маруда...

— Э-э, ды што казаць! Камандзіры цяперака наогул не тыя, пасля гэнай вучобы. Сяржанты адны. Ім і ўзляцець — навука, а то на штурмоўку...

Над аэрадромам раскочваецца густое гудзенне — гэта заходзіць на круг пара пузатых, як чмялі, «ішакоў». Хто вярнуўся? Паперадзе зніжаецца «васьмідзясятка» Глеба... ой, старшага лейтэнанта Федарэнкі, значыцца, вядзёным у яго Слаўка Новік. Хаця апошні і без таго пазнавальны: самалёт бедака зноў грузна плюхаецца коламі вобземлю — каб не прывязныя рамяні, гаспадар узараў бы носам узлётку. Калі і вядучы прыкмеціў пасадачку — ох-ох-ох...

Схамянуўшыся, Саша ўсхопліваецца з падасланай скураной курткі і таропка адступае, даючы «васьмідзясятцы» заруліць на стаянку. Не дакруціўся яшчэ вінт, але раз'ятраны Глеб паспявае і адшпіліцца, і скінуць парашутныя лямкі, і пераскочыць цераз борт з папяросай у зубах.

— Цыркавая трупа, а не эскадрылля знішчальнікаў! Адзін касавокі, другі разява, трэці... — Ён драпае Сашу калючым позіркам і пстрыкае запальнічкай, прыгорбіўшы хударлявыя плечы. Лапаткі тапырацца, як паўскладзеныя крылы ў каршуна. — Дзе камэск?

— На разведку вылецеў, разам з камандзірам палка, — апярэджваючы Сашу, дакладвае маленькі жвавы Глебаў тэхнік, што на чале наземнай каманды яго самалёта. — Рабят, варушыцеся! Кулямётныя стужкі сюды! І дзе захрас бензазапраўшчык?..

Змардаваны Слаўка ўсё ніяк не выкараскаецца з кабіны, заблытаўшыся ў парашуце. Саша пытальна ўзнімае бровы, і той з-за спіны Глеба крадком чыркае рукой па горле: няма жыцця, дружа, усе сілы высмактаў!

А Глеб рэзка азіраецца да ўзлёткі, дзе заканчвае прабег яшчэ адзін «ішак», цяжка аддыхваючыся дымнымі клубамі.

Адзін?

— А вось і сокал наш ясны-прыўкрасны! У паветры мы, значыць, блукаем, а дадому вяртаемся дакладна да абеду. Ну-ну, шыкоўненька...

Праз купку заклапочанага тэхскладу, якая абкружыла патрапаны самалёт, прабіваецца Лёўка і, спатыкаючыся, брыдзе да эскадрыллі. Нядаўняй паблажлівай упэўненасці як і не было: вочы бегаюць, пальцы без канца папраўляюць планшэт, які збіўся набок.

— Касценчык, халера! Ты дзе павінен быць? Ты з кім абавязаны быў вярнуцца? — насоўваецца на яго Глеб з пагрозлівымі ноткамі ў голасе.

— Таварыш ста...

— Дзе вядучы твой, пытаюся?!

— Ды не ведаю я!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.