Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дзень нараджэння

grounde.ru

Надзя і Ала (гэта цяпер яны ўжо Сямёнаўна ды Іванаўна) сябравалі з самага маленства, а потым ужо і сем'ямі. Дапамагалі адна адной, разам нешта святкавалі, разам гаравалі... Так лягчэй, так зручней па жыцці і нават весялей. Да таго ж лецішчы ў гэтых кабет аказаліся побач.

...У той год і якраз там, на дачы, пад квітучымі ружамі, Сямёнаўна захацела адсвяткаваць свой дзень нараджэння. На яго — ну вядома ж — запрасіла і сяброўку з мужам, паабяцала, што пачастуе маладзенькай бульбай.

Ад яе — з кропам, з гарачай катлеткай ды ў добрай кампаніі, пад кілішак віна — не адмовіўся б, мусіць, ніхто. Вось і Іванаўна з радасцю прыняла запрашэнне, муж яе першым сказаў, што ў госці трэба паехаць загадзя...

Жонка з ім не спрачалася, а таму Карп Мікітавіч завёў сваю «капейку», пасадзіў побач жонку і павёз, прычым памалу, бо яны не спяшаліся ды і дарога на пасёлку дрэнная; дзень будні, з людзей нікога і нідзе...

Пад'язджаюць такім чынам бліжэй да сяліб — сваёй і сяброўскай — і вачам не вераць: нехта ў іхнім гародзе... Бульбу капае ці што?

— Сямёнаўна?!

— Далібог!

— Стой! Мы едзем назад, — згледзеўшы гэта, камандуе Іванаўна.

— Гэта з чаго б? — не зразумеў яе муж. — Там жа наша бульба!

— Ну і халера з ёй... Разварочвай машыну. Прыедзем вечарам, як запрашалі, — адразу да стала.

— Але чаму?

— А то не разумееш: у чалавека свята — дзень народзінаў, а мы яму «падарунак» зробім — зловім за копкай бульбы. Табе гэта трэба?

Факт, што за святочны стол пад чырвонымі ружамі госці паселі разам з гаспадарамі і бліжэй да вечара. Выпілі за дзень нараджэння Надзеі Сямёнаўны, за тое, што яна — цудоўная гаспадыня: вырасціла, бач, такую смачную разварыстую бульбу.

— Можа, і наша не горшай будзе? — наліваючы ў чаркі, прамовіў Карп Мікітавіч.

— Ну вядома, — згадзілася з ім імянінніца. — Агароды ж у нас побач, зямелька адна. Дык з чаго вашай бульбачцы горшай быць?

Потым яны пра іншае пагаманілі, паспявалі, нават патанцавалі. Добрае было святкаванне. Як і працяг сяброўства... Шчырага? Ці ўсё ж не вельмі?

Зоя Наваенка,

Глыбоцкі раён.


Няроўны шлюб?

Mir24tv.ru

Не ведаю, як у іншых, у мяне — год пачаўся новы, а вось сябры прыходзяць старыя: у паштовай скрынцы зноўку мая «Звязда», па пятніцах — нават з «...Народам»! Шчыры дзякуй газеце за магчымасць падзяліцца перажытым-незабытым, расказаць праўдзівыя гісторыі з жыцця сваіх блізкіх і родных.

...Нашу Зоську — невялічкую, спрытную, рыжаватую — можна было сустрэць ледзь не ўсюды. Мала хто з яе равеснікаў мог столькі працаваць і столькі... танцаваць, хоць жылося дзеўцы і цяжка: сям'я вялікая, бедная...

Для таго, каб неяк выбрацца з галечы, каб дапамагчы сваёй маці і малодшым братам, Зося падалася ў заробкі, апынулася ў Латвіі, на хутары ў аднаго досыць заможнага гаспадара. Зямлі той меў шмат, каб яе абрабляць, людзей не хапала (нават пяці дарослых сыноў) — даводзілася некага наймаць.

Праўду кажуць: хлеб батрачы, што сабачы: і сонца часам паліла, і дождж паліваў, але ж справа рабілася, працавалі разам — і батракі, і гаспадары. Прычым старэйшы з сыноў — так сталася — упадабаў нашу Зоську, вырашыў жаніцца.

Уся радня тады паўстала: як? Яна ж батрачка, чужынка?! Але Карл (так звалі дзецюка) быў чалавекам рашучым, сказаў:

— Калі не Соф'я (Зоську ён так называў), то ніхто мне больш не патрэбны.

А ў месцах тых завядзёнка: пакуль старэйшы сын не ажэніцца, малодшыя таксама права не маюць.

Так што змірыліся бацькі, далі маладым кавалак зямлі, дапамаглі будавацца. Але ж нявестку па-ранейшаму не прымалі. Пры сустрэчы, як той казаў, круцілі насамі ці нават пераходзілі на іншы бок вуліцы. У гэткіх выпадках хто-ніхто, відаць, крыўдаваў бы. Зося — не (ці віду не падавала?). Яна заўсёды ўсім усміхалася, з лёгкім паклонам казала свой «Добры дзень!» і вучыла мову, традыцыі, звычаі... З часам нарадзіла дзяцей, чым сцяну між раднёй разбурыла дарэшты...

Карл быў нашмат старэйшы за Соф'ю, але на хутары непадалёк ад Ліепаі яны разам пражылі доўгае і шчаслівае жыццё.

Што дапамагло? Думаю, Зосьчына мудрасць. Да многіх яна прыходзіць з гадамі, з жыццёвым вопытам, да некага — з радкамі паэта (помніце: «Якім не будзеш малайцом, — / Старайся не забыцца, / Што лепей плакаць з мудрацом, / Чым з дурнем весяліцца...»). А нехта, здараецца, прымае з малаком маці.

Таіса Несцяровіч,

м. Кляннік, Смалявіцкі раён.


Віват сяброўству!

Летась — і найбольш, вядома, у верасні — шмат казалася пра яднанне ўсходніх і заходніх беларусаў. Вось і я пра яго, пра тое ж яднанне, — на прыкладзе двух хлапчукоў, якіх лёс развёў, а потым узяў і звёў.

...Мой бацька, наколькі помню, увесь час працаваў брыгадзірам у калгасе і вельмі любіў чытаць: як толькі вольная хвіліна, — адразу ж за газету, за кніжку. З імі часам соладка засынаў... Ды не аб тым размова.

Недзе ў пачатку 90-х ён атрымаў ліст з Польшчы. Хваляваўся — чытаў, перачытваў, пісаў і перапісваў адказ. Не абы-каму, — генералу Войска Польскага, з якім некалі, да 1939-га, пяць гадоў вучыўся ў нашай вясковай школе.

А вось далей іх шляхі разышліся: бацька застаўся дома, Косцік — сын былога асадніка — разам з сям'ёй з'ехаў на Захад. Але ж не забыўся!

Праз паўстагоддзя засумаваў, напісаў пісьмо. Што цікава, генерал майму тату — па-руску, а вось тата яму — па-польску. І тым самым, відаць, «падштурхнуў» сябрука ў дарогу — на малую радзіму, у Беларусь.

...Трэба сказаць, што сустрэча з ёй была досыць цікавай. Так атрымалася, што мы з дзецьмі ўваліліся да бацькоў на пару гадзін пазней, і мама адразу ж са смехам стала расказваць, як вітала госця-замежніка, як шчыра той цешыўся, што вёска «нідзе не дзелася», што хата яго сябрука амаль на тым жа месцы (хоць ужо і не тая...), што ягоны Янэк як жыў, так і жыве!

— А дзе ж ён сам? — пытаўся генерал у мамы.

— Радоўку адбывае, кароў пасе.

Госць — як мама казала — аж прысеў ад нечаканасці:

— Як гэта — пасе?.. Янэк, што, — пастух? Ён найпершым вучнем у школе быў... Я — другім і то, бач, генерал...

Прыйшлося патлумачыць, што тут да чаго, а потым госць ужо і сам прыпомніў, што радоўкі былі заўжды.

...Можа, яму і яшчэ што на памяць прыйшло б, але тут заявіліся мы — двое дарослых, двое дзяцей і Буш — кот пароды мэйн-кун. Можа, і мнагавата гасцей, але ж генерал той, дзякаваць богу, чалавекам быў простым, нос не задзіраў: мы хутка знайшлі агульную мову, а Буша ён нават палюбіў. Два сябрукі і кот часам да позняй ночы сядзелі ў двары пад навесам, размаўлялі, смяяліся, успаміналі былое. Краем вуха я чуў — не толькі пра поспехі ў вучобе, але і пра сумесныя гульні-паходы, няўдалыя «набегі» на сады па яблыкі ды грушы, свае сімпатыі да настаўнікаў і дзяўчынак...

Ката, каб не дакучаў, мы нанач спрабавалі зачыняць у хляве, але ён рабіў падкопы і сыходзіў. Мусіць, амуры круціў з мясцовымі кошкамі.

Яму, карацей, у вёсцы добра было, нам — таксама: побач з бацькавай хатай працаваў тады Дом культуры,
за 20 капеек паказвалі цікавае кіно...

Дарэчы, неяк раз, вярнуўшыся з прагляду, у хатняй паўцемры мы ўбачылі... знак вікторыі, прычым — «з падачы» генерала, які спаў (?!), «пятую кропку» пакінуўшы на падлозе, а галаву і ногі задраўшы ўверх.

Як потым здагадаліся, пад госцем проста «злажылася» раскладушка (ад канапы госць высакародна адмовіўся, сказаў, што яму, як сапраўднаму вайскоўцу, на карысць будзе трохі нязручнасцяў).

...Карацей, у дзяцінстве ў нашага бацькі быў сапраўдны сябар, і мы з ім быццам парадніліся.

Іван Гаральчук, г. Мінск


Хто шмат жадае, той... дулю мае?

...Наста днямі расказала,

Як мужчыну выбірала.

Быў вясёлым той аповед

І праўдзівым...

Хоць у «...Провад»!

Час вучобы ў дзеўкі ззаду,

Ёсць прафесія, пасада,

І кватэра, і машына,

Каб да іх яшчэ й мужчына...

Яна чула: па падборы

Ёсць у сеціве канторы:

Як пасьянс, складаюць пары.

Без шуміхі, без піяру...

Жаль — не танны «ўваход» —

«Адшпілі» рублёў... пяцьсот.

Але ж потым без ваганняў

Можна йсці на «паляванне»!

Перш за ўсё мільгаюць твары:

І мадэляў, і пачвараў...

Варыянтаў — праўда! — процьма:

За адным — здаецца б, лёцьма,

За другім — не зварухнуся...

Думкі ў роскід, сэрца ў скрусе,

Бо ёй жыць бы — не тужыць...

З дурнем кашы не зварыць.

Не бярэ ў разлік старога —

З ім мітрэнгі будзе многа:

То капрызы, то хваробы,

Без пары ад'есць вантробы...

Браць п'янтоса? Не дай бог!

(Тут іх многа ля дарог...)

Прыгажун да пары будзе!

Добра выйсці з ім у людзі.

І фігура — што ў атлета?

Нараджу здаровых дзетак.

От каб ён яшчэ й багаты —

З домам,

фірмай, «Вольвай», «яхтай»...

Каб умеў пажартаваць

І абняць-пацалаваць...

Каб сям'і сваёй трымаўся

Каб работы не баяўся...

Дзеўка ў трансе, «віртуале»,

Што ж чакае ў «рэале»?

Бачыць нейкага абмылка,

Той з лагоднаю ўхмылкай,

Праўду-матку выдае:

«Залатых — не існуе,

Марна, пані, іх шукаць,

Хіба ўзяць ды пакахаць:

Раз любімы — то й харошы...»

— І за гэта ўзялі грошы?!

У вачах у дзеўкі — змрок:

Дарагім ёй стаў урок:

Паўзарплаты аддала —

Засталася, з чым была.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?