Перабірала ў мінулую суботу кніжкі ў шафе, і раптам з томіка Даўлатава выслізнуў чырвоны квадратны канверцік. Валянцінка, пра якую зрэдку — пад настрой — згадвала і думала, што яна згубілася за пераездамі-рамонтамі... І вось зусім неспадзявана трымала ў руках загадкавае пасланне з мінулага тысячагоддзя — мініяцюрную паштоўку-сэрцайка, на якой друкаванымі літарамі выведзены тры словы: «Люблю. Кахаю. Спадзяюся»...
Яе мне калісьці, гадоў мо дваццаць назад, у дзень Святога Валянціна падсунулі пад дзверы кабінета яшчэ да прыходу на працу. Я тады легкадумна паклала яе да астатніх «валянцінак», якіх па маладосці на 14 лютага шмат пісалі адно аднаму з нагоды і без, — і забылася. Адзінае, што тады крыху збянтэжыла, — калі аўтараў падобных, у большасці сваёй жартаўлівых, пасланняў я вызначыла дакладна (а некаторыя дык у той жа дзень аб'яўляліся самі) — гэта так і засталося ананімным. Спачатку было нават цікава і інтрыгуюча — калі сур'ёзна невядомы пісаў, дык жа павінен неяк аб'явіцца. Пасля нават трохі пазлавалася на аўтара: на што ты «спадзяешся», калі маўчыш і ніяк не пакажашся? Праз некаторы час канверцік быў засунуты ў чытаную-перачытаную кніжку і разам з ёй надоўга забыты. Згадваўся гады ў рады — пад настрой, разам з іншымі непаразуменнямі, якіх даволі шмат было ў асабістых стасунках (а ў каго іх, непаразуменняў, не бывае?)...
Але павінна было прайсці амаль дваццаць гадоў, каб прыйшоў той узрост, у якім мае бабка і мама былі, і ўжо неаднойчы, бабулямі, каб самой сабе (не з жалем пра няспраўджанае, а проста канстатуючы) сказаць: а можа, у тым, што гэты чалавек так і не выявіў, акрамя як на паштоўцы, свае пачуцці, ты вінаватая сама? Бо гэта ж было крута і смешна: «абломваць» тых, хто праяўляў увагу, прычым публічна, часам здзекліва. Проста так, дзеля забавы, дзеля адчування ўласнай прывіднай улады. Успамінаць пра падобныя выбрыкі сёння і сорамна, і прыкра, але што ж ты ўжо з гэтым зробіш...
Пра гэты выпадак і свае думкі я разгаварылася з даўнімі прыяцелькамі, з якімі нарэшце сабраліся акурат назаўтра, у нядзелю. У нас па-рознаму склаўся лёс, але, як высветлілася, у кожнай ёсць свой «шкілет у шафе», які на гэты самы лёс, напэўна, здорава паўплываў. Прынамсі, так можна меркаваць, але хто ведае, як насамрэч? Я перадам іхнія тры маналогі ад першай асобы, так лягчэй і пісаць, і чытаць. Імёны ўсё ж змяню, хаця наўрад ці хто, акрамя іх саміх, маіх дзяўчат па гэтых гісторыях пазнае.
Наталля, 45 гадоў, паспяховы журналіст, разведзеная, гадуе дачку: «Калі на трэцім курсе былі, першакурснік да мяне заляцаўся, харошанькі такі, рыжанькі, Сярожам звалі. Статны хлопец, высокі, спартсмен. Такая моц, такая надзейнасць ад яго зыходзіла нават у сямнаццаць гадоў. Закаханы быў так, што аж рукі дрыжалі, калі са мной гаварыў. І ён мне падабаўся вельмі. Лавіла сябе на думцы, што вось такога мужа сабе хачу. Але дзе ж там — з першакурснікам звязвацца: засмяюць усе ў інтэрнаце. «Адшывала» яго, казала: падрасці, маўляў, трохі. Ён нават на летніх канікулах мне дадому званіў (дзе толькі хатні нумар мой узяў?), прасіўся: можна да цябе прыеду. Я толькі разрагаталася ў адказ. А сама ўжо ў жніўні сумаваць па ім пачала. Планавала: вось пачнуцца заняткі — і нікому яго не аддам. А 1 верасня на агульным факультэцкім сходзе дэкан, перш чым усіх віншаваць, прапанаваў хвілінай маўчання ўшанаваць студэнта, які загінуў. Сярожу. Ён дзесьці дома на аголены высакавольтны провад у траве выпадкова наступіў. Якраз праз некалькі дзён пасля таго, як я яму прыязджаць забараніла... Я часта пра яго думаю. Пра тое, як бы маглі жыць доўга і шчасліва. Што не выходзіла б замуж у трыццаць пяць толькі дзеля таго, каб дзіця нарадзіць. Што ўсё б у жыцці магло па-іншаму быць...»
Вольга, 46 гадоў, вядомы адвакат, не замужам, дзяцей няма: «З Валодзем я пазнаёмілася ў тралейбусе. У той вечар мой каханы зноў прасіў мяне пачакаць, казаў, што не можа развесціся з жонкай, пакуль малыя дзеці. Ехала са спаткання, утаропіўшыся ў шыбу, а слёзы засцілалі вочы. І тут гэты маладзенькі лейтэнант сеў побач і расказвае нешта пра каханне з першага погляду. Я толькі падумала: што яны сёння ўсе дамовіліся мяне да плачу давесці? А ён і не жартаваў зусім. Кожны дзень сустракаў мяне на маім прыпынку, калі вярталася з работы, і ўпрошваў аб спатканні. А я ж такая крутая, дарослая, і каханак у мяне класны — толькі пасмейвалася. Не ведаю, на колькі б яго хапіла так хадзіць, калі б аднойчы мяне з тым, іншым, не ўбачыў. Мы з тралейбуса выходзілі, а ён стаяў на прыпынку і глядзеў. Больш я яго не бачыла... Мой жа дагэтуль з сям'і сысці не можа — цяпер ужо ўнукаў яму шкада. Дваццаць тры гады мінула, а я Валодзеў позірк дагэтуль згадваю...»
Ірына, 45 гадоў, дызайнер, у дэкрэце з двухгадовым сынам: «Калі мы з Андрэем пяць гадоў назад пажаніліся, усе захоплена казалі: маўляў, вось нарэшце сваё шчасце сустрэлі. І ніхто не ведае, што шчасце тое мы сустрэлі, калі нам па сямнаццаць было. Мы ж былі аднакурснікамі, у адным інтэрнаце, на адным паверсе жылі. Андрэй адразу да мяне сімпатыю праяўляў, але ж мне здавалася, што як мінімум прынц на белым мерседэсе павінен за мной прыехаць. Так і адвучыліся ўсе пяць гадоў: ён да мяне — я ад яго. Потым па розных гарадах раз'ехаліся, нават не чулі адно пра аднаго, а шэсць гадоў таму выпадкова ў Мінску сустрэліся. У мяне асабістае не склалася, а ён сказаў, што мяне чакаў. Я вось цяпер гляджу на нашага малога і думаю: у чым гэта дзіця вінавата, што яго маці такая дурніца была? У нас жа, каб я не «выдурвалася», ужо б унукі маглі быць. А так... У Андрэя два інфаркты было, мяне здароўе падводзіць. Як гэта дзіця на ногі паставіць, каб яно хоць школу скончыла?..»
...Прыйшоўшы дадому, я зноў палезла ў кніжную шафу. Карцела нешта перачытаць, недзе я гэта бачыла. Ну, вядома, Караткевіч, «Ладдзя роспачы»: «...сустрэліся, але яна легкаважна адрынула цябе, не ведаючы, што скора, вельмі скора прыходзіць вялікае Позна»... «Дорыце ім срэбныя люстэркі. А я дарыла б ім люстэркі будучага. Я дарыла б ім замест люстэрка — чэрап. «На, дурніца, глядзі. На, глядзі, якая ты будзеш заўтра. Не подлічай. Кахай, калі кахаюць цябе...»
Вы, напэўна, здагадаліся, каму з персанажаў належаць гэтыя словы. Якія варта нагадаць сёння, у дзень святога Валянціна, калі ўсё здаецца проста, лёгка і часам смешна.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Прэв'ю: k-j.by
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!