Вы тут

Нацбанк: Інфляцыя да канца года не перавысіць 5%


Як мы ўжо паведамлялі, з 19 лютага стаўка рэфінансавання зніжаецца з 9 да 8,75 % гадавых, стаўка па крэдыце овернайт — з 10 да 9,75 % гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт — з 8 да 7,75 % гадавых. Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка краіны па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на брыфінгу ў сераду.


Фота БЕЛТА

Ключавыя фактары, якія браліся пад увагу

Кіраўнік галоўнага банка краіны адзначыў, што на працягу гэтага года інфляцыя будзе знаходзіцца ў межах устаноўленага мэтавага арыенціру — 5 працэнтаў. У прагнозе ўлічаны запланаваны рост рэгуляваных цэн і тарыфаў, які будзе апярэджваць павелічэнне агульнага ўзроўню цэн. Пры гэтым фундаментальныя фактары, абумоўленыя станам нацыянальнай эканомікі і мерамі макраэканамічнай палітыкі, сфарміравалі аснову для забеспячэння ўмеранага характару інфляцыйных працэсаў.

«Па выніках 2019 года прырост спажывецкіх цэн склаў 4,7 % пры мэтавым параметры 5 %. Гэта крыху ніжэй, чым мы ацэньвалі. У сваю чаргу, базавая інфляцыя запаволілася да 3,5 % і захаваецца паблізу гэтага ўзроўню на працягу 2020 года», — адзначыў Павел Калаур.

Уплыў фундаментальных знешніх і ўнутраных фактараў будзе спрыяць дасягненню мэтавага параметра па інфляцыі і ў сярэднетэрміновым перыядзе.

Першае, на што звярнуў увагу спікер, — знешнія ўмовы застануцца спрыяльныя для дынамікі цэн у нашай краіне. Пазітыўным фактарам тут з'яўляецца запаволенне ў 2019 годзе інфляцыі ў Расіі і нізкі рост цэн у краінах Еўрапейскага саюза. На працягу 2020 года інфляцыя ў гэтых краінах, нягледзячы на яе паступовае паскарэнне, будзе заставацца ніжэйшая за мэтавыя арыенціры.

На гэтым фоне чакаецца падтрыманне нейтральнага характару манетарнай палітыкі Банка Расіі. Працяг мяккай палітыкі Еўрапейскага цэнтральнага банка і Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША прадугледжвае захаванне нізкіх працэнтных ставак у развітых краінах. У гэтых умовах не праглядаецца ўзмацненне рызык адтоку капіталу з краін, якія развіваюцца, і, адпаведна, ціск на іх валюты, перш за ўсё на расійскі рубель.

У сукупнасці знешнія фактары па-ранейшаму будуць аказваць стрымліваючы ўплыў на рост цэн у нашай краіне на тавары, што імпартуюцца.

Другое. З боку ўнутранай эканомікі таксама не чакаецца праінфляцыйнага ціску. Чаму? Спецыялістамі прагназуецца захаванне ўмеранага спажывецкага попыту. Гэтаму будзе спрыяць збалансаваны рост заработных плат на фоне запаволення спажывецкага крэдытавання.

Разам з тым варта ўлічваць, што павелічэнне выдаткаў, у тым ліку звязанае з захаваннем сацыяльнай накіраванасці бюджэту, будзе адбывацца на фоне памяншэння валютных паступленняў. У выніку фіскальная палітыка набудзе нейтральны характар і не паскорыць інфляцыйныя працэсы. Прагназуецца, што ў сярэднетэрміновым перыядзе курс нацыянальнай валюты будзе знаходзіцца паблізу раўнавагі.

Што датычыцца рызык ва ўнутранай эканоміцы, то ў асноўным яны маюць доўгатэрміновы характар. Гэта інфляцыйныя чаканні. Па выніках апытанняў, запаволенне інфляцыі спрыяе іх зніжэнню. Ва ўмовах забеспячэння цэнавай стабільнасці з боку чаканняў не прагназуецца значнага дадатковага праінфляцыйнага ўплыву. Разам з тым іх павышаны ўзровень і адчувальнасць да змены цэн на асобныя групы тавараў застаюцца фактарам рызыкі.

Улічваючы сукупнасць усіх пералічаных вышэй фактараў, праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання.

Сезонны попыт і каранавірус

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», Павел Калаур адзначыў, што цяперашняя сітуацыя на валютным рынку абумоўлена сезонным попытам. Гэты попыт «трохі скарэкціраваны перагаворным працэсам з Расійскай Федэрацыяй». Статыстыка паказвае, што па выніках студзеня насельніцтва купляла замежнай валюты больш, чым прадавала. Праўда, гэта розніца не такая істотная. Па выніках лютага Нацбанк не чакае нейкага значнага ўплыву на сітуацыю на валютным рынку.

Пры гэтым старшыня праўлення Нацбанка лічыць, што на валютным рынку сёлета валацільнасць (зменлівасць цаны) будзе большая, чым летась. «Гэта правільна для таго, каб курс быў па-сапраўднаму плаваючы. У перспектыве мы павінны перайсці да рэжыму курсу, які свабодна плавае, дзе не павінна быць нават аднадзённых згладжванняў. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта ўсвядомленыя дзеянні, накіраваныя на рашэнне доўгатэрміновых праблем. Што датычыцца сітуацыі ў найбліжэйшай перспектыве, гэта будзе залежаць у тым ліку і ад таго, наколькі будуць рэалізоўвацца рызыкі, завязаныя на эпідэмію каранавіруса. Як бы то ні было, гэта прама паўплывае на сусветную эканоміку, нейкі ўскосны ўплыў акажа на Расію і на нас».

Сітуацыя будзе залежаць ад таго, наколькі хутка суб'екты гаспадарання Беларусі і Расіі дамовяцца аб цане на нафту, якая пастаўляецца. «Гэта сапраўды аказвае ўплыў на інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва», — удакладніў Павел Калаур.

«Утаймаванне» растэрміноўкі было ўзважаным рашэннем

Старшыня праўлення адзначыў, што навядзенне парадку з растэрміноўкамі было не спантанным, а цалкам вывераным рашэннем. «Мы за гэтым працэсам даўно сачылі, ацэньвалі выгады і выдаткі для ўсіх удзельнікаў рынку, у тым ліку для дзяржавы. Улічвалі не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя аспекты. Гэтае рашэнне не накіравана на забарону выкарыстання картак растэрміновак, гэтае рашэнне прынята для таго, каб зрабіць працэс празрыстым і ў разумных межах». Да таго ж спікер расказаў, як ездзіў нядаўна на малую радзіму. «Там траціна пенсіянераў з сацыяльнымі пенсіямі пачынае залазіць у растэрміноўку. Кажуць — «так бясплатна». Але гэта не так», — кажа галоўны банкір.

Як паведамляла «Звязда», нядаўна Нацбанк рэкамендаваў банкам абмежаваць памеры ўзнагароджанняў, якія ім павінны выплачваць крамы за афармленне растэрміноўкі. Памер такой камісіі ў некаторых банках даходзіў да 30 %.

«Мы папрасілі іх абмежаваць памер такога ўзнагароджання да 4 %». Цяпер банкі пачалі скарачаць максімальныя тэрміны, на якія даецца растэрміноўка плацяжу. На думку Паўла Калаура, банкі сталі прымаць правільныя рашэнні. Ён прывёў у прыклад адну з камерцыйных фінансавых устаноў: «Ёсць пэўны тэрмін, калі растэрміноўка бясплатная, астатні тэрмін, калі чалавек хоча растэрміноўку на больш працяглы час, — пад пэўны працэнт у залежнасці ад тэрміну. Гэта вырашае дзве праблемы: камісія ва ўзаемаадносінах паміж банкам і гандлёвымі сеткамі знаходзіцца ў разумных межах, а чалавек здзяйсняе менш спантанныя дзеянні».

Іпатэка «прытармазіла» на юрыдычных пытаннях

Гэты механізм вырашэння жыллёвага пытання пачне працаваць, калі будзе створаны прымальны механізм рэалізацыі закладу. Пра гэта заявіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц. Ён адзначыў, што Нацыянальны банк браў удзел у распрацоўцы праекта ўказа аб іпатэцы. «Напэўна, той праект дакумента, які ёсць, з'яўляецца нейкім кампрамісам на сённяшні дзень. Зразумела, што сёння пытанне іпатэкі ўпіраецца не столькі нават у фінансавыя пытанні і кошт рэсурсаў, колькі ў пытанні юрыдычнага характару, звязаныя з рэалізацыяй самога закладу. Безумоўна, гэты механізм павінен быць рабочым. Калі гэта ўдасца вырашыць — усё будзе працаваць».

Нагадаем, праект указа па іпатэцы распрацаваны, і ў найбліжэйшы час яго пакладуць на стол Прэзідэнту. Дакумент, у якім прапісаны пытанні развіцця будаўніцтва на ўмовах доўгатэрміновай пазыкі, грунтуецца на існуючым законе «Аб іпатэцы», але з улікам усіх праблемных момантаў. Паралельна рыхтуецца і праект указа аб будаўніча-жыллёвых зберажэннях. Як чакаецца, пры рэалізацыі гэтага праекта ў Беларусі будуць улічваць магчымасці насельніцтва. Напрыклад, прапануецца будаваць у краіне больш маленькіх кватэр.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.