Вы тут

Прадпрыемствы ЖКГ займаюцца адловам беспрытульных жывёл. Але ці павінны яны гэта рабіць?


Летась у Мінскай вобласці адлавілі больш за пяць тысяч бадзяжных жывёл, толькі 203 з іх знайшлі свой дом. Толькі ўявіце сабе, як лічбы адлову павялічваюцца ў маштабах усёй краіны! І як яны маглі б паменшыцца, калі б кожная служба займалася сваёй справай...


Адсутнасць рэсурсаў

У Беларусі адлоў беспрытульных жывёл рэгулюецца пастановай Савета Міністраў — мясцовыя ўлады вызначаюць спецыялізаваныя арганізацыі, якія будуць займацца гэтым пытаннем у пэўным населеным пункце. У большасці выпадкаў сярод іх аказваюцца прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пры гэтым кожны выезд брыгады ажыццяўляецца за іх сродкі, а кампенсацыю з бюджэту яны атрымліваюць толькі праз некаторы час.

Напрыклад, большасць камунальнікаў Мінскай вобласці (17 з 22 раёнаў. — «Зв.») адлоўліваюць жывёл самастойна, але некаторыя з іх дэлегуюць гэтыя абавязкі сталічнаму КВУП «Фаўна горада». Якое, дарэчы, таксама ўваходзіць у сістэму ЖКГ. Некаторыя арганізацыі ўтрымліваюць жывёл у сямі спецыялізаваных пунктах, якія дзейнічаюць на Міншчыне, а хтосьці адпраўляе іх у Мінск.

На Гомельшчыне працуюць прыкладна па тым жа прынцыпе, у Віцебскай вобласці ёсць 11 пунктаў часовага ўтрымання жывёл, іх адловам таксама займаюцца брыгады, якія стварылі прадпрыемствы ЖКГ. У 2019 годзе спецыялісты правялі 1602 рэйды і адлавілі больш за дзве тысячы беспрытульных жывёл.

У Брэсцкім абласным упраўленні ЖКГ асабліва адзначылі той факт, што гаспадары часта адпускаюць сваіх любімых гадаванцаў на самастойны выгул, а рабіць гэтага зусім не варта. Справа тут не толькі ў адлове, у які могуць трапіць і жывёлы з ашыйнікам, — катоў і сабак збіваюць машыны, іх могуць атруціць ці забіць. У мінулым годзе камунальнікі Брэстчыны адлавілі амаль сем тысяч беспрытульных жывёл. Часова іх утрымліваюць у спецыяльных пунктах Брэста, Пінска, Кобрына, Драгічына, Жабінкі і Століна, а хутка такія ж з'явяцца ў Баранавічах ды Івацэвічах.

— Усё гэта робіцца, каб папярэдзіць тое ж шаленства ці другія інфекцыйныя захворванні, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага абласнога ўпраўлення ЖКГ Андрэй Гашаў. — Спецыялісты выкарыстоўваюць пэўныя прэпараты і сродкі, якія не траўміруюць жывёлу.

У Магілёўскай вобласці адловам беспрытульных жывёл займаюцца толькі дзве службы — спецаўтапрадпрыемствы Магілёва і Бабруйска, якія таксама ўваходзяць у сістэму ЖКГ. Пры неабходнасці камунальнікі з раённых цэнтраў Магілёўшчыны адпраўляюць заяўкі службам і заключаюць дагавор толькі на адзін выезд спецыялізаванай брыгады.

— Гэта зручней — прадпрыемствы ЖКГ страчвалі б больш сродкаў, калі б займаліся адловам жывёл самастойна. І трэба разумець, што гэта не асноўны напрамак дзейнасці нашых арганізацый, ніхто не задумваецца, што, каб утрымліваць тых жа сабак ці катоў, карміць іх, патрэбны вялікія грошы, — лічыць генеральны дырэктар ЖКГ Магілёўскай вобласці Андрэй Разгонаў.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і на Гродзеншчыне — прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння з'яўляюцца падраднымі арганізацыямі і павінны займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі — аказаннем паслуг і абслугоўваннем дамоў.

— Адразу хочацца сказаць, што галоўнае тут, як самі людзі ставяцца да жывёл — яны выпускаюць на самастойны выгул сабак, не стэрылізаваных катоў, а ўсё ж павінна пачынацца з выхавання. Вельмі добра, што валанцёры звяртаюць увагу на праблему, але, як правіла, робіцца гэта толькі на словах, і ў выніку вінаватымі аказваюцца арганізацыі ЖКГ, якія ў прынцыпе гэтым не павінны займацца, — адзначае дырэктар Шчучынскага ЖКГ Андрэй Шкіндзераў. — Што датычыцца адлову, то ў нас створана брыгада з двух спецыялістаў. Канешне, ёсць месца, дзе мы часова трымаем жывёл, але з сабакамі існуе пэўная праблема, хаця за апошнія два гады сітуацыя не такая катастрафічная, як была раней. Калі нам сёння з бюджэту не заўсёды выдзяляюць грошы на рамонт тых жа дзіцячых пляцовак, то адкуль ім узяцца на адлоў і ўтрыманне жывёл?

Даўно вядомы сакрэт

Сітуацыя ў раённых цэнтрах Беларусі складваецца прыкладна аднолькавая — адловам беспрытульных жывёл займаюцца спецыялісты прадпрыемстваў ЖКГ, і ў большасці выпадкаў ім проста не хапае сродкаў і рэсурсаў на тое, каб займацца гэтым пытаннем самастойна, ствараць неабходныя ўмовы для ўтрымання жывёл. Што тут казаць, калі далёка не ў кожным раёне мясцовыя ўлады выдзяляюць прадпрыемствам ЖКГ дастатковыя сродкі на рашэнне глабальных праблем у іх сферы (звязаных з вадой, цяплом ці каналізацыяй —«Зв.»). Вядома, можна стварыць прыгожую карцінку з фантанаў, кветак і ачышчаных вуліц, прычым як ад смецця, так і ад беспрытульных жывёл. За гэтай жа карцінкай ніхто не ўбачыць умоў, у якія могуць трапіць кошкі ды сабакі — жывыя істоты, якія могуць адчуваць страх і боль...

І тут не трэба дзівіцца, што ў той жа Мінскай вобласці ці на Магілёўшчыне звяртаюцца па дапамогу ў абласныя цэнтры — такім чынам камунальнікі толькі спрабуюць эканоміць грошы, якіх і так няшмат. І калі ўжо ўдавацца ў дэталі, то справа тут нават не ў сродках, а ў тым, што павінны быць дакладны раздзел абавязкаў між рознымі структурамі. Чаму ж беспрытульныя жывёлы сталі праблемай менавіта прадпрыемстваў ЖКГ? А не тых жа паляўнічых ці ветэрынарных службаў? Чаму гэта стала праблемай арганізацый, якія павінны займацца кіраўніцтвам агульнай маёмасці ўласнікаў і аказаннем паслуг?

— У іншых краінах дзейнасць такіх кампаній, падобных да нашых прадпрыемстваў ЖКГ ці таварыстваў уласнікаў, ніяк не звязана з утрыманнем жывёл, гэтай справай займаюцца пэўныя службы, адзінае — у кожнай краіне можа па-рознаму быць арганізаваны працэс, — тлумачыць член праўлення Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці Генадзь Калёнаў. — Гэтыя кампаніі не толькі не займаюцца адловам, іх дзейнасць ніяк не суадносіцца з тым жа выгулам сабак ці парушэннямі з боку гаспадароў, якія датычацца ўтрымання хатніх жывёл. Яны ніякім чынам з гэтым не звязаны, так павінна быць і ў нас. Калі мы жадаем вырашыць праблему, то кожны павінен займацца сваёй справай, вось і ўвесь сакрэт.


Так, вельмі проста вінаваціць і нават навешваць ярлык жывадзёраў на прадпрыемствы ЖКГ. Але давайце шчыра: у нас няма ні спецыялізаваных службаў, ні адказнасці для нядобрасумленных гаспадароў, нават няма і адладжанага механізму па аплаце падаткаў за ўтрыманне хатніх жывёл... Але ж і гэта не самае галоўнае. Чаму мы самі паводзім сябе так безадказна, калі адпускаем кошак ці сабак на самастойны выгул, чаму не задумваемся пра неабходную стэрылізацыю і ўвогуле пра лёс меншых братоў? Толькі ўявіце, як маглі паменшыцца лічбы, агучаныя ў самым пачатку, калі б кожны з нас разумеў адну простую праўду — мы ў адказе за тых, каго прыручылі.

Валерыя КІСЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.