Вы тут

Мінская настаўніца запускае школу для маладых педагогаў


Цікава, чаго баяцца маладыя настаўнікі? Што вучні не будуць успрымаць іх усур’ёз? Аказацца з дзецьмі на розных хвалях? А, можа быць, яны баяцца неадэкватных кіраўнікоў і негатыўнага стаўлення да іх старэйшых калег?


Можна скончыць універсітэт з «чырвоным дыпломам», магістратуру і нават аспірантуру, але гэта яшчэ не гарантыя таго, што ты прыйдзеш у дзіцячую аўдыторыю і ўсё пойдзе як па масле... Адаптацыя ў настаўніцкім асяродку — задача не аднаго дня. І настаўніца рускай мовы і літаратуры Анастасія Ганчарова добра ведае гэта з уласнага досведу. Калісьці яна, з’яўляючыся магістрам педагагічных навук, баялася паказацца некампетэнтнай, і хоць у яе ўзнікала шмат пытанняў штодня, не адважвалася калегам у гэтым прызнацца. Проста сядзела і псавала класны журнал...

— Маладыя ўсур’ёз апасаюцца ціску на іх з боку вучняў, баяцца страціць аўтарытэт, перайсці мяжу «настаўнік-сябар», не знайсці падыход да «асаблівых дзяцей», прымусіць вучняў думаць шаблонна, зламаць іх, укласці ў іх свае думкі— пералічвае Анастасія.

Два гады таму яна запусціла ютуб-канал #ШчасцеНавучаць, дзе давала парады маладым калегам, каб яны не наступалі на тыя ж граблі. А наступным крокам для яе стане «Школа маладога настаўніка».

— Я вырашыла перанесці нашы сустрэчы з анлайн у афлайн, — кажа настаўніца, — бо некаторыя пытанні можна абмяркоўваць толькі ў жывым фармаце. А іх, як я пераконваюся, у маладых педагогаў менш не становіцца. «Школа маладога настаўніка» — гэта цыкл рэгулярных сустрэч, у рамках якіх студэнты выпускных курсаў педагагічных спецыяльнасцяў і настаўнікі-пачаткоўцы змогуць атрымаць ад мяне прафесійную, метадычную і псіхалагічную дапамогу. Якія тэмы будзем абмяркоўваць? Асноўныя памылкі маладых настаўнікаў: як іх пазбегнуць? Дысцыпліна без стрэсу і згуртаванне калектыву. Патрабаванні да правядзення сучаснага ўрока, лічбавыя інструменты ў рабоце настаўніка, складанне канспекта эфектыўных заняткаў. Як правесці першы бацькоўскі сход ці, напрыклад, нестандартны сход з бацькамі? У цэнтры нашай увагі абавязкова будзе эфектыўнае ўзаемадзеянне маладога настаўніка з адміністрацыяй і калегамі... Як папярэдзіць эмацыянальнае выгаранне? Дзе і навошта развівацца прафесійна? Як падрыхтавацца да адкрытых і конкурсных урокаў?

Запланаваныя і практычныя заняткі, у рамках якіх малады настаўнік паспрабуе правесці паўнавартасны ўрок з наступным яго разборам і аналізам.

Увогуле праграма будзе вельмі мабільнай і гнуткай — у залежнасці ад канкрэтных запытаў педагогаў (частата сустрэч — раз на два тыдні да канца навучальнага года). Працаваць будзем у камернай абстаноўцы — у групах па 10 чалавек. Збіраюся прыцягваць і сваіх калег (псіхолагаў, коўчаў), гатовых падзяліцца з маладымі каштоўным досведам. Таму калі вы малады настаўнік ці толькі плануеце ім стаць, чакаю вас на прэзентацыі Школы, якая адбудзецца 25 лютага (рэгістрацыя па спасылцы. Увогуле, маладым трэба абавязкова падтрымліваць стасункі з калегамі: калі ты будзеш адкрыты да людзей, то ўсё пачне ў цябе атрымлівацца. Лепш прыслухацца да парады і паглядзець, што з гэтага атрымаецца, чым праігнараваць і атрымаць уласны досвед цаной проб і памылак.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?