У 2019 годзе Вышэйшая атэстацыйная камісія прысудзіла навуковую ступень 397 саіскальнікам: ступень доктара навук атрымалі 39 чалавек, а кандыдата навук — 358. Вучонае званне прафесара прысвоена 38 саіскальнікам, дацэнта — 351.
Як расказаў журналістам старшыня ВАК Аляксандр ГУЧОК, па колькасці прысуджаных вучоных ступеняў пераважае медыцына. Летась гэта было 77 абароненых дысертацый (або 19,4 працэнта ад агульнай колькасці). У тэхнічных навуках была абаронена 61 работа, у фізіка-матэматычных — 44, філалагічных — 33 работы, эканамічных — 32.
Таксама навуковыя ступені былі прысуджаны 44 замежным грамадзянам з 10 краін: Кітая, В'етнама, Лівіі, Ірака, Ірана, Казахстана, Расіі, Нігерыі, Украіны і Туніса. Найбольшая колькасць замежнікаў, якія абараняліся ў Беларусі, былі грамадзянамі КНР (15 чалавек). І сем грамадзян Беларусі абаранілі свае навуковыя работы за мяжой (тры доктарскія і чатыры кандыдацкія).
Увогуле колькасць прысуджаных па выніках 2019 года вучоных ступеняў доктара і кандыдата навук зменшылася ў краіне на 26,4 працэнта ў параўнанні з 2018 годам.
Сярэдні ўзрост саіскальнікаў вучонай ступені кандыдата навук набліжаецца цяпер да 36 гадоў, доктара навук — да 51 года. Сярод дактароў навук 463 уладальнікі гэтай ступені маюць узрост ад 65 да 69 гадоў і 535 чалавек — ад 70 да 74 гадоў. Жанчын сярод дактароў навук толькі 560, мужчын — дзве тысячы. А сярод кандыдатаў навук (усяго іх налічваецца 14 340) прыкладна 7,5 тысячы мужчын і 7 тысяч жанчын.
— Працэнт зніжэння колькасці абароненых навуковых работ датычыцца галоўным чынам кандыдацкіх дысертацый, — патлумачыла галоўны вучоны сакратар Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Вольга ДУБАНЕВІЧ. — Мы аналізавалі дынаміку прысуджэння вучоных ступеняў, пачынаючы з 2008 года, і звярнулі ўвагу на тое, што колькасць абароненых доктарскіх дысертацый істотна не змяншаецца: яна вагаецца ад 40 да 50 работ у год. А вось зніжэнне колькасці абароненых кандыдацкіх мы прагназавалі, таму што на гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны. Працэс атэстацыі шчыльна звязаны з працэсам падрыхтоўкі навуковых кадраў. І калі паглядзець статыстыку па колькасці прынятых у аспірантуру і колькасці выпушчаных з яе, то мы бачым там разрыў, які павялічваецца. Паказчык абароны кандыдацкіх дысертацый у год заканчэння аспірантуры застаецца невысокі (ён вагаецца ад 5 да 9 працэнтаў).
Калі сёння сярэдні ўзрост саікальніка кандыдацкай ступені набліжаецца да 36 гадоў, то можна спрагназаваць, што па самым аптымістычным сцэнарыі навуковец выйдзе на абарону доктарскай работы цягам бліжэйшых 10-15 гадоў, таму ўзроставая структура дактароў навук па-ранейшаму будзе пасунута бліжэй да пенсійнага ўзросту.
Аляксандр Гучок праінфармаваў, што ў 2019 годзе ВАК не зацвердзіў 47 дысертацый (у 2018 годзе — 29).
З 47 дысертацый 14 работ (6 доктарскіх і 8 кандыдацкіх) былі адхілены Прэзідыумам ВАК. 33 дысертацыі (6 доктарскіх і 27 кандыдацкіх) былі зняты саіскальнікамі з разгляду ў ВАК для дапрацоўкі.
Па пяці доктарскіх і трох кандыдацкіх Прэзідыумам ВАК ствараліся камісіі для ўстанаўлення фактаў некарэктных запазычанняў і падлогу матэрыялаў, уключаных у дысертацыі. Па прадстаўленні згаданых камісій Прэзідыум ВАК зняў дзве доктарскія і дзве кандыдацкія дысертацыі з правам іх абароны не раней, чым праз пяць гадоў.
Дысертацыі адхіляліся ў сувязі з адсутнасцю навуковай навізны прадстаўленых вынікаў, а таксама спасылак на аўтара і крыніцу пры выкарыстанні матэрыялаў і вынікаў, якія належаць іншым даследчыкам.
На адмоўныя рашэнні, прынятыя Прэзідыумам ВАК і саветамі па абароне дысертацый, былі пададзены 12 апеляцый. Задаволена з іх толькі адна па доктарскай дысертацыі. У 2018 годзе такіх апеляцый было пададзена пяць, а задаволена з іх адна.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв'ю: noi.md
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!