У Мінскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі размесцяць каля 200 кітайскіх студэнтаў, якія вяртаюцца з радзімы ў Беларусь. Учора ўвечары туды засяліліся 32 з іх, яны прыляцелі прамым рэйсам з Пекіна. Тут яны пройдуць абавязковае аздараўленне і акліматызацыю. Пакуль у Беларусі каранавіруса няма. Усе кітайскія студэнты, акрамя таго што праходзяць каранцінныя мерапрыемствы на радзіме, правяраюцца лабараторнымі метадамі пры прылёце ў аэрапорт Мінск — аналіз робіцца на месцы на працягу некалькіх гадзін. Размяшчаць іх у аздараўленчых цэнтрах на першыя два тыдні пасля вяртання — дадатковая мера бяспекі.
— У «Загор'і» можа быць паселена да 200 чалавек. Але варта ўлічваць той факт, што мы падзяляем плыні, каб тыя, хто разам прыляцеў, разам і назіраліся. Адпаведна, калі свабодныя месцы ў пакоі застаюцца і нехта прылятае праз два-тры дні, мы іх засяляем ужо ў асобныя пакоі, — адзначыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.
Ён падкрэсліў, што ў аздараўленчыя цэнтры «Брыганціна» (там зараз жыве 149 чалавек) і «Загор'е» засяляюцца здаровыя людзі, якія не маюць патрэбы ў лячэнні. І персанал медустаноў будзе прыязджаць на работу і з'язджаць у звычайным рэжыме, бо гэта не каранцінны аб'ект.
— Трэба разумець, што кітайскія студэнты прайшлі каранцінныя мерапрыемствы ў КНР. Таму рызыка заражэння мінімальная і звязаная з пералётам. Усе арганізаваныя мерапрыемствы дазволяць звесці яе да нуля, — падкрэсліў міністр.
Ежу студэнтам будуць гатаваць у мясцовай сталоўцы і прыносіць у пакоі. На паверсе будзе дзяжурыць медсястра. Студэнты будуць выходзіць са сваіх блокаў толькі па неабходнасці і з дазволу медперсаналу, а дыхаць свежым паветрам змогуць на балконах.
Пры гэтым міністр нагадаў, што большасць кітайскіх студэнтаў не выязджала ў Кітай на канікулы.
— Калі мы бачым кітайскіх, карэйскіх, в'етнамскіх, японскіх грамадзян, якія ходзяць у нас па вуліцах, — гэта тыя людзі, якія ў нас вучацца і не пакідалі Беларусь ці завяршылі медыцынскае назіранне. Пацыентаў з каранавірусам у Беларусі няма. Лабараторыя працуе ў кругласутачным рэжыме, аналіз робіцца на працягу некалькіх гадзін. За мінулыя выхадныя пацыентаў з падазрэннем на каранавірус у нас не было. Тым, хто паступіў з прыкметамі віруснай інфекцыі, зрабілі тыпіраванне, каранавірус не пацвердзіўся.
Усяго на канікулы ў Кітай выехала 920 студэнтаў. Плануецца, што да сярэдзіны сакавіка яны будуць вяртацца ў Беларусь.
Па апошніх звестках Дзяржаўнага камітэта па ахове здароўя КНР, колькасць ахвяр каранавіруса ў Кітаі вырасла да 1779 чалавек, з іх 1696 — у правінцыі Хубэй. Усяго зафіксавана 70 548 захварэлых, вылечылася больш за 10,8 тысячы чалавек. Больш за 150,5 тысячы пацыентаў знаходзіцца пад медыцынскім назіраннем.
Алена КРАВЕЦ
Прэв'ю: bigpicture.ru
У Беларусі распрацавана і рэалізуецца Стратэгія інавацыйнага развіцця транспартнага комплексу да 2030 года.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца