Вы тут

У гонар Еўдакіі Лось


Чарговая імпрэза з вялікага цыкла, прысвечанага беларускім паэтам-юбілярам, прайшла ў Таліне


 

Чытачы “ГР” ведаюць: пяць ужо гадоў наш Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзіма” з Эстоніі пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Таліне знаёміць жыхароў Эстоніі з творчасцю беларускіх паэтаў-юбіляраў. Мы надалі ўвагу Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Пімену Панчанку, Паўлюку Пранузе. А летась напрыканцы года больш за 120 чалавек сабралася на Музычна-паэтычную вечарыну “Спяваюць паэты на зямлі…”, прысвечаную 90‑м угодкам паэткі Еўдакіі Лось.

Госці вечарыны агледзелі выставу дзіцячых работ “Вершы Еўдакіі Лось у малюнках”: з конкурсных работ юных мастакоў Беларусі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Расіі ды Італіі. На Міжнародны конкурс паступіла 179 работ ад 175 удзельнікаў. Вітаючы гасцей ды ўдзельнікаў імпрэзы, Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Вячэслаў Качанаў адзначыў, што падобныя конкурсы вельмі спрыяюць развіццю міжнароднай супрацы, паразуменню між людзьмі: “Бо менавіта дзіцячая творчасць служыць правадніком міралюбнасці ды ўмацоўвае сяброўскія стасункі паміж дзецьмі”. Падзякаваўшы актывістам ЦНМ “Радзіма” за вялікую арганізацыйную працу ў часе падобных праектаў, спадар Амбасадар уручыў кіраўніцы Цэнтра вучобы й развіцця “EVA-Studіorum” Ніне Пээрна ўзнагароду Міністэрства замежных спраў Беларусі: медаль “100 год дыпламатычнай службе Беларусі”. Граматамі беларускай дыпмісіі адзначаны пераможцы конкурсу дзіцячага малюнка, падзякі Амбасады атрымалі вучэбна-адукацыйныя ўстановы, удзельнікі конкурсу.

Праца журы на гэты раз была няпростай: большасць дасланых работ — яркія, цікавыя. Давялося выбраць найлепшыя ў пяці ўзроставых катэгорыях ад 5 да 16 гадоў. І ўрэшце вызначылі 19 пераможцаў, многія работы адзначаны падзякамі. У складзе журы працавалі вядомыя рускія мастакі Эстоніі Генадзій Яльцоў ды Алена Міронава-Яльцова, згаданая ўжо Ніна Пээрна, бацькі навучэнцаў Беларускай нядзельнай школы “Буслікі” ды філолагі з Мінска: рэдактар часопіса “Здаровы лад жыцця” Аляксандр Канановіч і педагог Вольга Канановіч. Выступаючы на імпрэзе, старшыня журы Генадзій Яльцоў з задавальненнем адзначыў, што малюнкі з усіх краін-удзельніц паказалі высокі мастацкі ўзровень дзіцячай творчасці, яны багатыя на фарбы, вобразы, у іх разнастайныя стылі, тэхнікі выканання. Алена Міронава-Яльцова нагадала: з кожным годам расце колькасць удзельнікаў. І здорава, што ёсць вялікая цікаўнасць да творчасці беларускіх паэтаў не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

Вечарыну вельмі ўпрыгожылі танцавальныя гурты настаўнікаў і вучняў эстонскай школы з пасёлка Вяэна. Як вядома, 2018–2020 гады ў Беларусі — гэта Трохгоддзе малой радзімы. Мы жывём у Эстоніі, таму для кожнага з нас і Эстонія — малая радзіма. Тым больш для беларускіх дзетак, якія тут нарадзіліся, растуць. Любіць сваю Радзіму дзяцей вучаць дома бацькі, вучаць і ў школе настаўнікі. Яркія выступленні эстонскіх гуртоў засведчылі, што такія намаганні — зусім не марныя.

Гарачымі апладысментамі сустракалі гледачы выступоўцаў, якія чыталі вершы Еўдакіі Лось. Старонкі жыцця паэткі пераклікаліся з яе вершамі — з вуснаў эстонскіх школьнікаў, гасцей нашай імпрэзы. Кажучы пра любоў паэткі да роднага краю, верш “Продкі” прачытала настаўніца з 48‑й мінскай школы Вольга Канановіч. Верш “Голас поля” гучаў ад вучаніц Клаагаскай школы, і яны ж, удзельніцы гурта “Дзяўчаты”, выканалі танец “Васільковае неба”.

А ці ведалі вы, што вершы Еўдакіі Лось перакладзены на 32 мовы свету? Распавядаючы пра тое, госць з Украіны Станіслаў Балабуха прачытаў верш “Роднай мове” ў перакладзе на ўкраінскую (“Ріднай мові”). Закранаючы ваенную тэму, Анастасія Альховік з Беларусі чытала “Дзяўчаты мінулай вайны”. Вучні Беларускай нядзельнай школы “Буслікі” чыталі дзіцячыя вершы паэткі па-беларуску — і яны ж упрыгожылі танцам “Матрёшка” верш “Табе, Расія!”, прачытаны вучаніцай Кехраскай гімназіі. Дарэчы, усіх удзельнікаў, выступоўцаў мы частавалі беларускімі цукеркамі, прысмакамі. Рады былі вітаць на свяце гасцей з мінскай 48‑й школы імя Ф. А. Малышава, 447‑га дзіцячага садка Мінска, з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна (гарадскі пасёлак Смілавічы).

Арганізатары імпрэзы Кэтлін Пукк, Ніна Пээрна з Амбасадарам Вячаславам Качанавым

І завяршыўся наш своеасаблівы Дзень беларускай культуры прыгожым, аптымістычным выступам саліста ансамбля беларускай песні “Світанак” Сяргея Шабадалава з літоўскага Вісагінаса.

А потым — прыгожы стол: смачныя беларускія стравы, цёплыя сяброўскія гутаркі. Нам, арганізатарам, вельмі прыемна было чуць словы падзякі ад эстонскіх вучняў, іх бацькоў за цёплую й душэўную імпрэзу ды бачыць, як усе яны робяць здымкі ля сваіх работ на выставе. А Таццяна Чарвова, навуковы магістр гісторыі культуры, кіраўніца таварыства “Талінскі цэнтр эстэтычнага выхавання”, звярнулася да Нінэ Пээрны з такімі цёплымі словамі: “Ніна, якая ў вас дружная беларуская сям’я! І як добра было сёння з вамі — у такой цёплай лагодзе вечара, проста душа мая адпачывала! Колькі ж укладзена вашае працы й сэрца ва ўсё — а галоўнае, у дзяцей! Яшчэ раз вельмі хочацца павіншаваць вас — з такой заслужанай узнагародай ад усіх нас!”

Святлана Івашкевіч, Эстонія

Ад рэдакцыі. Далучаемся да віншаванняў, спадарыня Ніна Пээрна! Вельмі рады, што вашыя вялікія намаганні, высілкі на нівах народнай, ды й міжнароднай дыпламатыі (з шасці ж краін былі ўдзельнікі чарговага конкурсу!) даюць добры плён. І цесная супраца беларускіх суполак Эстоніі з Амбасадай, яе людзьмі — добры прыклад для іншых. Мы ведаем пра цесную супрацу вашу з 48‑й мінскай школай, з 37‑й гімназіяй, і вось дадаліся Смілавічы. І праз рэдакцыю гатовы далучыцца ў сяброўскае кола нашы землякі: адна са школаў Ляхавіцкага раёна… І колу вашых сяброў — расці: у імя Беларусі, творчасці, радасці.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны