Вы тут

Вячка Целеш ды іншыя


На выставе, якая ладзілася ў латышскай сталіцы, Амбасадар Беларусі Васіль Марковіч уручыў медаль “100 год дыпламатычнай службе Беларусі” вядомаму беларускаму мастаку з Рыгі


Вячка Целеш

У кожнага з нас ёсць улюбёны куточак на зямлі: ці то вёсачка, ці то горад. Беларускія мастакі Латвіі з аб’яднання “Маю гонар”, безумоўна, любяць Рыгу. Вулкамі яе, здаецца, блукае рэха стагоддзяў, тут, пад вятрамі Балтыі, асаблівы водар кавы ў маленькіх кавярнях… Гэта горад, дзе лёгка набыць можна маленькі кавалак бурштыну: як сваё асабістае сонца. І ў Рызе жывуць прыгожыя, таленавітыя людзі — кожны са сваім унутраным святлом. Гэта горад з адметнай дынамікай, колерамі, танамі й паўтанамі, рытмамі. Карацей: нібы створаны ён для мастацтва й мастакоў. Пэўна, таму і прыйшла ідэя сябрам суполкі “Маю гонар” падзяліцца сваімі ўражаннямі аб Рызе, перанесенымі на палотны. Як там у Максіма Танка: “Я мушу пакінуць адбітак жыцця/ На камні, жалезе і золаце”. Спіс носьбітаў, мяркую, можна пашыраць!

Напрыканцы верасня‑2019 у памяшканні Рыжскай думы па ініцыятыве Вячкі Целеша прайшла чарговая выстава нашых дарагіх мастакоў. Кожны з іх сродкамі выяўленчага мастацтва падзяліўся з рыжанамі, гасцямі горада сваімі ўражаннямі пра Рыгу, якая стала для іх не проста месцам сталага жыцця, а моцнай любоўю назаўжды.

Вернісаж — заўсёды “момант ісціны” для людзей мастацтва, яго прыхільнікаў. Гэта хваляванні, спадзяванні, парыванні душы, высокая энергетыка сутворчасці… Сустрэча з мастацтвам вымушае нас “вібраваць” адпаведным чынам. А якое шырокае гэта энергаполе! Прыгажосць, хуткаплыннасць жыцця, чалавечая годнасць, маральная чысціня, Радзіма, Вечнасць… Усё жыццё мы ў пошуках: дзе сапраўдныя сябры, дзе наша дарога, дзе самае галоўнае ў свеце?. А мастак яшчэ й шукае стылёвую палітру, мастацкія сродкі, каб перадаць, “пакінуць адбітак” сваіх думак, уражанняў, эмоцый, азарэнняў. Ці ж не цуд: уважлівы, праніклівы позірк творцы выхоплівае з паўсядзённасці нешта істотнае, своеасаблівае і, спыняючы імгненне, у той жа час доўжыць яго ў Вечнасці. На гэты раз на выставе мы знаёміліся з працамі Вячкі Целеша, Віктара Малышчыца, Надзеі Ізянёвай, Ірыны Кароль, Ганны Пепіні, Аліны Літвіненка, Кацярыны Озберг. З прыязнасцю ўспрынялі й працы фотамастакоў Лявона Маствілішскага ды Алены Ціхаміравай.

Лявон Маствілішскі. Рыжскія сілуэты.

Восень — гэта бадай што заўжды пара незвычайнай прыгажосці. А восень у Рызе штораз адметная, лічаць рыжане: багатая і на фарбы, і на добрыя справы. Сімвалічна яшчэ, калі ўвосень людзям аддаецца належнае за іх заслугі. Вось і Вячка Целеш цалкам заслужана, як лічаць беларусы Рыгі, адзначаны юбілейным медалём Міністэрства замежных спраў Беларусі. Узнагароду “100 год дыпламатычнай службе Беларусі” вядомаму дзеячу беларускага руху ўручыў Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч.

Паважаны ўраджэнец Ваўкавыскага раёна Гродзеншчыны — і сапраўды, смела скажу, патрыярх народнай дыпламатыі ў прасторы Беларусь — Латвія. З гэтай нагоды Вячка Целеш расказвае сябрам, як у 1994‑м у былой сваёй майстэрні сустракаўся з Айварам Калве. Шчыра, пра многае гутарылі два сябры, мастацтвазнаўцы, публіцысты: беларус Вячка Целеша і латыш Айвар Калве. І ўжо тады ў знак пашаны й сяброўства падараваў Айвар яму кнігу з надпісам: “Беларускаму паслу ў Рызе”. А дзейнічала ўжо тады ў Рызе “Беларуская хатка”, у якой утульна было ўсім прыхільнікам беларускай мовы, культуры, мастацтва й музыкі. Там слова наша роднае па-сяброўску гучала разам “з латышскім словам трапяткім”, як пісаў нехта з паэтаў.

В. Целеш. Інтэграцыя. Нацюрморт з Рыжскім і Беларускім бальзамам.

Прайшлі гады. Хоць “Беларускай хаткі” ў Рызе больш няма, але ёсць аж цэлы “беларускі дом”: Амбасада Рэспублікі Беларусь. Ёсць наша Беларуская школа імя Янкі Купалы. Ёсць вялікі Саюз беларусаў Латвіі, Таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, Таварыства “Вытокі” ды іншыя сляды беларускай прысутнасці ў горадзе. А самае галоўнае — ёсць людзі, якія ўсе разам і кожны паасобку робяць нешта пасільнае, прыгожае на карысць нашай Бацькаўшчыны. Ну а вам, шаноўныя мастакі, асаблівая наша ўдзячнасць. Новых непаўторных вам уражанняў жадаю. І не толькі рыжскіх!

Ганна Іванэ, г. Рыга

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.