На святкаванне 20‑гадовага юбілею Ліепайскага беларускага таварыства “Мара” яго актывісты запрасілі ганаровых гасцей, шматлікіх сяброў з розных гарадоў ды таленавітых артыстаў з роднай Бацькаўшчыны
Суполка “Мара” святкавала 20‑годдзе — шырока й прыгожа. 6 снежня ў Ліепаю прыехалі госці з Беларусі, Літвы, з латышскіх гарадоў Рыгі ды Вентспілса. У святочным канцэрце паўдзельнічалі ансамбль беларускай песні “Паўлінка” з Ліепаі, а таксама госці з горада-пабраціма Гомеля: заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, ансамбль танца “Дружба” (якім кіруе Алена Цімашэнка). Імпрэза ладзілася ў плыні традыцыйных восеньскіх Дзён беларускай культуры ў Латвіі. А праходзяць дні штогод, нагадаем, пры падтрымцы Саюза беларусаў Латвіі, Амбасады Беларусі ў Латвіі. На гэты ж раз да прыгожай, сяброўскай справы далучылася й Ліепайскае самакіраванне.
Канцэрт адкрываў вітальным словам старшыня праўлення суполкі “Мара” Віктар Янцэвіч. Ён жа й расказаў коратка, як утварылася суполка, чым жыла, што плануюць зрабіць актывісты бліжэйшым часам. Суполка, нагадаў, жыве з дэвізам “Любі Латвію, памятай Беларусь”, паядноўвае неабыякавых да беларускай справы людзей — тых, хто актыўна ўдзельнічае ў зберажэнні й пашырэнні культурнай спадчыны, народных традыцый, роднай мовы беларусаў.
Сярод ганаровых гасцей, якія выступілі на сцэне з віншаваннямі ў адрас юбіляра, былі мэр Ліепаі Яніс Вілніціс, дэпутат Гробінскай краёвай думы Генадзій Яфімаў, консул Генконсульствы Расіі ў Ліепаі Дзмітрый Багданаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч, эксперт па пытаннях недзяржаўных арганізацый у Ліепаі Брыгіта Дрэйжэ, прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур з Беларусі Аляксандр Валодчанка, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, прадстаўнікі няўрадавых арганізацый нацыянальных меншасцяў Ліепаі, Вентспілса, Рыгі.
Вітаючы юбіляраў, Амбасадар Васіль Марковіч адзначыў, што за 20 гадоў дзейнасці “Мара” стала неад’емнай часткай ліепайскага грамадства. Актывісты суполкі ўдзельнічаюць у гарадскіх і латвійскіх святах, ладзяць гастролі знакамітых беларускіх калектываў у Ліепаю: “Беларусы Ліепаі адчынілі Беларускі дом за сотні кіламетраў ад Бацькаўшчыны, на беразе Балтыйскага мора. І дзякуючы таму ў Ліепаі ёсць месца, дзе можна беларусам сустрэцца, пагаварыць, падзяліцца радасцю й паспяваць нашы родныя, матуліны песні”. Васіль Міхайлавіч дадаў, што Беларуская грамада ў Ліепаі — сапраўды жывы, нефармальны асяродак, у якім супляменнікі разам радуюцца й светла тужаць па Бацькаўшчыне, а працуючы на карысць краіны, дзе знайшлі сваё шчасце, дзе нарадзіліся іх дзеці і ўнукі, — усё ж заўсёды памятаюць і родную Радзіму-Беларусь.
Напрыканцы святочнага канцэрта гурт “Паўлінка” ды ўдзельнікі праекта “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму” (ужо шосты год яго рэалізуе “Мара”, у праекце паўдзельнічала звыш 350 школьнікаў і прадстаўнікоў моладзі) разам спявалі песню “Родная мова”. Да Дня беларускай культуры ўдзельнікі праекта з ліку навучэнцаў мясцовых сярэдніх навучальных устаноў пад кіраўніцтвам настаўніц Таццяны Курдзекі ды Таццяны Пярчаткінай падрыхтавалі выставу пра беларусаў, якія жывуць у Ліепаі, пакінулі след у яе гісторыі ці культуры. Выстава размяшчалася ў фае залы, пры ўваходзе на канцэрт.
Вядучая канцэрту Жанна Буйніцкая дзякавала ўсім, хто за час дзейнасці суполкі “Мара” спрычыніўся да яе карысных грамадскіх спраў. І запрасіла тых, каму цікавыя культура, традыцыі, сучаснае жыццё беларусаў прыходзіць у Беларускі дом — ён па вуліцы Яня, 8.
Анжэла Фаміна, г. Ліепая
Фота Вольгі Грынюк і Вікторыі Іонінай
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.