Вы тут

Год прыгожа пачыналі!


У пару Навагодніх святаў шмат было прыемных клопатаў у праўлення, актыву Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска­-Беларускае Братэрства 2000”


Ірына Глуская на Калядных святах

Гэта быў для сяброў маіх па суполцы, можна сказаць, святочны навагодні марафон. Спачатку, праводзячы 2019‑ы, актыў зладзіў і правёў для дзяцей цыкл тэатралізаваных прадстаўленняў “Зімовая казка” — у партнёрстве з Цэнтрам пазашкольнай адукацыі “Творчество”. Сцэнары ж такіх імпрэзаў штогод складаюць беларускія педагогі Іна Сухачэўская, Наталля Ганчарова ды Ірына Ключнікава.

У Доме культуры “Заря” дзеткі з беларускіх сем’яў паўдзельнічалі ў традыцыйным міжнацыянальным дзіцячым свяце “Огоньки дружбы” — яго фінансуе Адміністрацыя губернатара, інфападтрымка — на Доме дружбы народаў Самарскай вобласці. Шмат пазітыўных эмоцый перапала дзетвары ад казачных прыгод, навагодніх песень, танцаў, сюрпрызаў і, вядома ж, падарункаў.

Падводзячы вынікі мінулага года, прэзідэнт САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская згадала: яшчэ ў студзені 2019‑га беларусы прымалі на самарскай зямлі старэйшага дарадцу Пасольства Беларусі ў Расіі, кіраўніка Дзелавога і культурнага цэнтра Васіля Чэрніка, потым правялі круглы стол і канцэртную праграму “Жывём і памятаем” — да 75‑годдзя вызвалення Беларусі. Ды й увесь год прайшоў пад знакам вялікага свята гістарычнай Бацькаўшчыны.

Навагоднія прадстаўленні для дзяцей змяніла Раство, і ўвечары 6 студзеня сябры суполкі паўдзельнічалі ў святочным набажэнстве ў Храме ў гонар Трох Свяціцеляў. Пры тым самы юны беларус Арцёмка Курмакоў упершыню бачыў такое. У святочныя дні мае сябры наведалі й Самарскую Алімпійскую вёску: маштабны спартыўны праект, адкрыты зусім нядаўна, 28 снежня. А вялікі агульны збор праўлення, актыву суполкі на Святкі быў 8 студзеня. У насычанай праграме свята знайшлося месца й Калядным традыцыям, забавам на вуліцы каля ёлкі ды за святочным сталом. Накрытым, дарэчы, з улікам беларускіх звычаяў: былі пераважна стравы нацыянальнай кухні.

Яшчэ адзін крэатыўны ход: святочны стол накрывалі дружна пад беларускія песні ў выкананні салістак вакальнага ансамбля “Каданс”: Анастасіі Гуркінай, Арыны Дунаевай, Крысціны Сухачэўскай, Таццяны Даутавай ды Іны Ігараўна Сухачэўскай, мастацкай кіраўніцы. Паводле традыцыі пад абрус святочнага стала паслалі сена — як згадку, што маленькі Ісус ляжаў у яслях. На стол паставілі 12 святочных страў і посуд з зернем, у цэнтры размясцілі Куццю (ячменную кашу з мёдам) як галоўную святочную страву. Яе, дарэчы, па традыцыі гатуе Ірына Глуская, а кожная беларуская сям’я прыносіць свае адметныя стравы. Скажам, Іна Сухачэўская з дочкамі Крысцінай і Насцяй згатавалі рыбу й грыбы, Юлія Цяплянская з Георгіем Курмаковым з дачы прывезлі мочаныя яблыкі, квашаную капусту. Валеры Барсук частаваў сяброў пірагамі й піражкамі з сакрэтам, Арына Дунаева з мужам — бліноў напяклі ды з рознай начынкай на стол выставілі. А сям’я Гуркіных здзівіла ўсіх прыгажосцю блінных вузельчыкаў — таксама з розным начыннем. З ягад і мёду гаспадынькі зрабілі збіцень (гарачы адвар з траў і спецый з мёдам) і жур (аўсяны кісель).

Пірагі ды піражкі з сакрэтам для варажбы займалі асаблівае месца на святочным стале. Тыя, у якіх былі прыхаваны пяцірублёвыя манеты, дасталіся Крысціне Сухачэўскай ды Анастасіі Гуркінай. Так што, калі верыць прыкметам, будуць дзяўчаты ўвесь год пры грашовым дастатку.

Ад Калядных свят і варожбаў навагодні марафон самарскіх беларусаў перайшоў у сустрэчу Старога Новага года. Моладзь суполкі сустракала яго на плошчы Куйбышава: ля галоўнай ёлкі. Наведалі рэзідэнцыю Самарскага Дзеда Мароза й Снягуркі, перадалі прывітанне ад беларускага Дзеда Мароза, пакаталіся на горках і катку ды яшчэ раз уступілі ў Новы 2020 год — юбілейны для САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000” (што бачна й па яе назве).

У святочныя дні праходзілі як ранішнікі й вечары, так і дабрачынныя акцыі. Напрыклад, Валеры Барсук (а ён дэпутат Думы гарадской акругі Самара, памочнік прэзідэнта беларускай суполкі па сувязях з грамадскімі аб’яднаннямі й дэпутацкім корпусам) сумесна з Адміністрацыяй Савецкага раёна абласнога цэнтра 30 снежня правялі штогадовае (пятае ўжо) тэатралізаванае навагодняе свята для дзяцей. Там падарункі атрымалі больш за 300 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзеткі з сем’яў, якія знаходзяцца ў складаных сацыяльных умовах. Валеры Міхайлавіч расказвае: крыху раней сябры яго даведаліся, што ў адной самарскай сям’і 11‑гадовая Марына, так склалася, стала адзінай, як кажуць, апорай і надзеяй. Дзяўчынка жыве з мамай і бабуляй, але мама — інвалід, цяжка хварэе і ўжо доўга ляжыць у шпіталі. А бабуля паралізаваная, не ўстае. І ўсе клопаты па доме, доглядзе за роднымі кладуцца на яе. Сябры дэпутата наведалі Марыну, прывезлі ёй прадукты, гасцінцы. Даведаліся: дзяўчынка хацела б мець партатыўную калонку для смартфона. І напярэдадні Новага года Валеры Барсук прывёз ёй партатыўную акустычную сістэму. “Радасці, вядома, не было межаў, — з пэўнай доляй тугі кажа Валеры Міхайлавіч. — Бачачы такое, разумееш надзвычай востра: як мала трэба, каб пабольшала шчасця ў гэтага чалавека, маленькай гераіні нашых дзён”.

Аргкамітэт па падрыхтоўцы й правядзенні юбілейных імпрэзаў беларускай суполкі звяртаецца да сяброў і партнёраў: давайце разам зробім год 2020‑ы цікавым, запамінальным. Пішыце нам на электронную пошту: nіckboyko@yandex.ru У вас ёсць прапановы наконт сумесных юбілейных праектаў? Паспрабуем рэалізаваць іх разам!

Мікалай Бойка, г. Самара

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».