Свае першыя апавяданні Уладзімір Навумовіч надрукаваў яшчэ ў 1963 годзе. І хоць з прозай не развітваўся ніколі, пазней значна больш часу стаў аддаваць літаратуразнаўству. Зрэшты, гэтага ад яго вымагае і шматгадовая праца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Сёння Уладзімір Аляксандравіч — дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры, з'яўляецца кандыдатам філалагічных навук. Ён аўтар дзясятка манаграфій і вучэбных дапаможнікаў.
Ну а ў якасці доказу таго, што проза для яго не стала чужой, прывяду хоць бы такія факты: летась у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў эпісталярны раман Уладзіміра Навумовіча «Вабюліманс», прысвечаны Максіму Багдановічу, а сёлета аўтар рыхтуе да выдання свой наступны буйны твор.
Алесь БАДАК
У падручніках па вывучэнні замежных моў даволі часта сустракаюцца літаратурныя байкі з малюнкамі. Сядзіць кошка каля мышынай нары і чакае, калі нарэшце з'явіцца доўгачаканая здабыча. Сіднем сядзіць каторую гадзіну, а мышкіна норка як была пустая, так і заставалася. Сядзіць-сядзіць кошка, а потым даўмелася: «Дай я пагаўкаю». Мышка, пачуўшы брэх сабакі, задумалася: «Ага! Калі там сабака, дык кошкі там не можа быць і напамінку». Выбралася наверх — тут яе кошка і заграбастала. Аблізваецца і кажа: «Добра ведаць хоць адну замежную мову!»
...Гэта здарылася ў гады Другой сусветнай вайны.
Люты і крыважэрны кіраўнік Трэцяга рэйха Адольф Гітлер, каб не дапусціць адкрыцця другога фронту на Захадзе апроч той бясслаўнай вайны, якую немцы вялі на Усходзе, дзе яго білі ўжо ў хвост і ў грыву, гналі назад у яго звярынае логава, загадаў сваім галаварэзам пад кіраўніцтвам вядомага тэрарыста, авантурыста і бандзюка, начальніка спецкаманды па выкраданні і знішчэнні відных военачальнікаў на чужой тэрыторыі Ота Скарцэні пранікнуць на тэрыторыю Злучаных Штатаў Амерыкі з мэтай ажыццявіць замах на кіраўніка дзяржавы. Восень 1944 года. Акцыя падпалкоўніка СС Ота Скарцэні па знішчэнні галоўнакамандуючага саюзнымі войскамі Эйзенхаўэра павінна была пасеяць сумненні ў неабходнасці вайны на два фронты, «закінуць» у галовы заакінскіх ваяк сумяціцу і неразбярыху, парушыць планы «арміі наступу». Фашысцкія полчышчы ў самыя бліжэйшыя часы планавалі новыя наступальныя баі ў Ардэнах. Таму нечаканая і неверагодная вылазка за акіян павінна была дапамагчы ў падрыхтоўцы маштабных аперацый нямецкіх войск на новым напрамку ваенных дзеянняў.
Што далей? Загад фюрэра неабходна было выканаць у самыя кароткія тэрміны. Ота, бесшабашны і ваяўнічы Ота, вырашыў падысці да выканання аперацыі з усёй сур'ёзнасцю і максімальнай падрыхтоўкай. Стаўка Гітлера распрацавала і зацвердзіла падрабязны план дыверсіі пад кодавай назвай «Аперацыя «Грыф». Апантаны і вопытны дыверсант, якім быў Ота Скарцэні, сабраў каманду з трох тысяч афіцэраў і салдат, якія ведалі англійскую мову і лёгка маглі на ёй размаўляць. Была прадумана цэлая праграма дзеля таго, каб незаўважна пранікнуць на чужацкі бераг, увайсці ў давер да ворагаў і свабодна пачуваць сябе ў зусім варожым асяроддзі. Дыверсійныя банды праходзілі спецыяльную вывучку.
Апроч удасканальвання мовы, вывучэння асаблівасцяў англійскага і амерыканскага вымаўлення дыверсанты вучыліся цадзіць сліну скрозь зубы, плявацца і гучна размаўляць, нястрымна рагатаць без належнай прычыны, навучыліся жаваць гумку, лёгка засвоілі ўменне паляпваць па плячы субяседніка. Ота, кажуць, нават адкрыў фабрыку па выпуску доўгіх шкарпэтак, бо амерыканскія салдаты любілі закідваць ногі на стол, ці на табурэт у часы адпачынку. Нялёгка давалася шпіёнам Скарцэні весці вольную і прыветлівую гутарку, але пры гэтым не даставаць рукі з кішэняў, нават калі перад імі знаходзіліся вайскоўцы, якія былі старэйшыя па званні. Яны вучыліся курыць амерыканскія сігары, нязмушана закідваць галаву пры размове, седзячы на крэсле, усміхацца на ўсе трыццаць два зубы, ускокваць нечакана і гэтак жа нечакана садзіцца, штохвілінна хадзіць па пакоі, заглядваць у вочы таварышу, абменьвацца цыгарэтамі, сувенірамі. Пінжакі ў амерыканцаў, калі нават гэта былі мундзіры, заўсёды наросхліст, калі не было мундзіраў, дык рукавы сарочак закасаны, белыя накрухмаленыя каўнерыкі свабодна вытыркаліся і ўпіраліся ў падбародак. Нямецкія авантурысты нават спрабавалі навучыцца закідваць валасы на загрывак неяк нялоўка, своеасабліва, адным кідком галавы ўверх, вольнымі і рэзкімі рухамі, на манер амерыканскіх хлопцаў. Ужываліся ў чужое асяроддзе любымі сродкамі. Манеры засвойваліся цяжка, але настойліва. Але калі вы хочаце ведаць змест, вы будзеце слухаць словы, а калі вы хочаце зразумець сэнс — слухайце гукі.
Амерыканская разведка не спала ў шапку. Контрразведка ЗША распрацавала шэраг хітрых тэстаў, пытанняў, заданняў, адказы на якія маглі ведаць толькі «сапраўдныя амерыканцы». Напрыклад: «Хто такі «Голас?» Адказ: «Фрэнк Сінатра». Задавалі вымавіць словы «вянок», «гірлянда», якія правільна маглі гучаць у вуснах толькі тых, хто валодаў амерыканскім варыянтам англійскай мовы. Шмат немцаў і нават англічан трапіла пад падазрэнне і было арыштавана.
Аванцюра гітлераўцаў была выкрыта простым словам, якое няправільна ўжылі дыверсанты. Пераклад — гэта тое ж самае, што пераход за лінію фронту. Пра той эпізод паведамляла шведская прэса ў артыкуле «Аперацыя «Грыф». Там гаварылася: 13 снежня 1944 года каля адной з бензазаправачных калонак на краі Ардэнскага лесу спыніўся джып, у якім сядзела чацвёра салдат у амерыканскай форме.
— Бензін, калі ласка, — сказаў кіроўца маладому хлопцу ў амерыканскай форме, калі той падышоў да машыны. Амерыканец хацеў ужо заправіць джып, але насцярожыўся, падаў сігнал ваенным паліцэйскім. Адчуўшы небяспеку, джып сарваўся з месца і памчаўся поўным ходам. На абледзянелай дарозе ён сутыкнуўся на сустрэчнай паласе з аўтакалонай.
— Гэтыя тыпы — немцы! — выгукнуў амерыканскі салдат. — Я адразу зразумеў.
— Якім чынам? — спыталіся паліцэйскія.
— Шафёр папрасіў «бензін» і прамовіў «калі ласка».
— Што было не так?
— Нашы хлопцы кажуць проста «газ»...
Так адно няправільна ўжытае слова прывяло да поўнага краху складана выбудаванай і хітрасплеценай варожай аперацыі на чужых землях.
Увага! Конкурс працягваецца!
Шаноўныя аўтары, нагадаем яго ўмовы:
- апавяданне на беларускай мове, якое нідзе дагэтуль не друкавалася;
- разглядаецца толькі адзін твор ад аднаго аўтара;
- памер тэксту да 5 старонак (ці да 10—12 тысяч знакаў).
Абавязкова паведамляйце сваё прозвішча і імя (сапраўдныя), імя па бацьку, дакладны паштовы адрас і поўныя пашпартныя звесткі (нумар і серыя, кім і калі выдадзены, асабісты нумар), а таксама кантактны тэлефон. Калі ласка, дадайце колькі слоў пра сябе: чым займаецеся, калі пачалі пісаць і якім тэмам аддаяце перавагу.
Апавяданні накіроўвайце на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, Мінск, 220013, з пазнакай «На літаратурны конкурс». Можна дасылаць апавяданні на электронны адрас іnfо@zvіаzdа.bу — таксама з пазнакай «Літаратурны конкурс». Звярніце ўвагу: рэдакцыя пакідае за сабой права не рэцэнзаваць і не вяртаць творы.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.