Вы тут

Яўген Анташкевіч: Я прывязаны не да часу, а да гісторыі!


За пяць гадоў Яўген Анташкевіч стаў папулярным аўтарам гістарычных раманаў, у тым ліку пра Першую сусветную вайну, дзе многія падзеі адбываюцца на тэрыторыі нашай краіны. Адметны той факт, што Яўген Міхайлавіч — спадчынны афіцэр і  кадравы разведчык. Нарадзіўся ён у 1952 годзе ва Урупінску Валгаградскай вобласці. Пасля вучобы ў  Вышэйшай школе КДБ СССР працаваў ва Упраўленні КДБ Хабараўскага краю, на Дальнім Усходзе Расіі. Там захапіўся гісторыяй харбінскай эміграцыі, малавядомымі падзеямі Першай сусветнай вайны. Падчас міжнароднай кніжнай выстаўкі карэспандэнт «ЛіМа» пагутарыў з пісьменнікам пра прыроду творчасці, пра чалавека ўвогуле. Як аказалася, Яўген Міхайлавіч — яшчэ і кітаіст, таму размова пачалася з яго захаплення Усходам.


Фота з асабістага архіва Яўгена Анташкевіча

— Яўген Міхайлавіч, што агульнае вы заўважылі ў светапоглядзе народаў Усходу і Захаду?

— Калі светапогляд розных народаў раскласці на элементарныя часціцы, то яны будуць адны і тыя ж, розніца акажацца толькі ў іх злучэннях і канфігурацыях. Напрыклад, людзі харчуюцца рысам, кукурузай і пшаніцай, але ўсё гэта  — злакі. Якая розніца паміж відамі злакаў — прыкладна такая ж і ў светапоглядзе.

Але яна сапраўды ёсць і найбольш рэльефна праяўляецца ў бачанні ідэальнага свету. Вось тут і канцэнтруюцца ўся разнастайнасць і ўсе несупадзенні. Можна прывесці аналогію: любаванне калекцыянера сваёй калекцыяй. Японец, кітаец ці карэец назірае за траекторыяй падзення на зямлю пялёстка з кветкі вішні ці слівы. А  калі праілюстраваць на прыкладзе рускага чалавека — дык гэта ціхі выдых на краі бясконцага поля з пералескамі... Размаітасць вялікая, як і ўяўленні пра смерць і пра тое, што будзе пасля. Розніцу ў светапоглядзе ілюструе разнастайнасць казак пра жыццё і міфаў пра смерць, якія прыдумалі людзі на Усходзе, Захадзе, Поўдні і Поўначы; у кожнага сваё бачанне прыўкраснага і таго, што выклікае пачуццё жаху.

Усё гэта стала рэлігіямі  — яны ў чымсьці злучыліся, у  чымсьці паўплывалі адна на адну і разышліся па ўсёй зямлі (але не далей за яе). Вынікам была пабудова Вавілонскай вежы і тое, што людзі перасталі разумець сабе падобных. Але ж знайшліся перакладчыкі! Таму ўсё ж кардынальных адрозненняў няма, але варыятыўнасць ёсць.

— У вас не гуманітарная адукацыя. Якія асаблівасці вашай працы спрыялі таму, што вы сталі пісьменнікам?

— Займаўся інфармацыяй, яе здабываннем, апрацоўкай, аналізам, усім, што звязана з тэкстамі рознага ўзроўню і стылю. Была таксама і праца з людзьмі — гэта давала характары, матывацыю ўчынкаў і шмат іншага, чаго не прачытаеш у падручніку. Ды калі б я не стаў пісьменнікам, а застаўся ваенным, то жыў бы толькі адной паловаю жыцця.

— Вы заўжды скрупулёзна вывучаеце крыніцы пра падзеі, якія адлюстроўваеце ў творах, прыязджаеце ў тыя мясціны. Дзе былі ў Беларусі і як адчулі сябе ў цэнтры далёкіх гістарычных падзей?

 — Праехаў ад Брэста да Гродна, наведаў Мінск, Хатынь, Смаргонь, Маладзечна, Крэва, Барысаў… Пабываў у Белавежскай пушчы. Калі пісаў «Хронікі аднаго палка», асноўнымі крыніцамі былі дакументы па баявых дзеяннях, загады па войсках, схемы і карты, але найперш дапамаглі людзі — сучаснікі, гісторыкі, краязнаўцы, асабліва спецыялісты па тым перыядзе са Смаргоні: Уладзімір Прыхач, Аляксей Бумай, дырэкцыя мясцовага краязнаўчага музея. Мне паказалі месцы баёў, магілы часоў Першай сусветнай (яны добра даглядаюцца), мяне пазнаёмілі з мясцовай бібліятэкай — таму не стаў пашыраць расповед пра падзеі вайны па гарызанталі, а  паглыбіў яго, узяў за аснову абарону Смаргоні і нас тупленне пад Баранавічамі.

— Чытаеш згаданы твор, напрыклад, як Сашка, апрытомнеўшы ў траншэі, спрабуе выратавацца, хаваючыся ад асколкаў бомб сярод мёртвых немцаў, — і не ўзнікае да ворага ніякай нянавісці... Як вы дасягнулі надзвычай глыбокага псіхалагізму, быццам прысутнічалі ў той час побач з героямі?

— Стаўленне да ворага ў мірных жыхароў і тых, хто ваяваў, рознае. Звычайнаму абывацелю вораг уяўляецца адзінай шэрай безаблічнай масай пачвар, якая насоўваецца, каб знішчыць. Мірныя жыхары не думаюць, што вораг складаецца з індывідуумаў, што кожнага з іх нарадзіла мама, клікала раніцай на сняданак, ласкава гладзіла па валасах. Паглядзіце любы ваенны фільм — убачыце, як ворагі натоўпам скачуць на конях ці выскокваюць з грузавікоў, бягуць і страляюць — вы не пачуеце іх імёнаў.

 На вайне гэта выглядае па-іншаму, асабліва калі салдат ваюе доўга, як Сашка, — некалькі гадоў. На вайне прысутнічае «звярыная злосць» — але гэта злосць звера, а не да звера! Хоць ніякі нармальны чалавек не хоча ператварыцца ў звера. Такія былі на вайне — іх баяліся і свае: ці мала чаго можна чакаць ад звера! Іх не любілі і так і называлі: «звер» альбо «смерці шукае». І пазбягалі, бо ў смерці каса шырокая.

Але калі на нейтральнай паласе адшуквалі крыніцу, то па начах да яе хадзілі салдаты і з адных акопаў, і з другіх, там сустракаліся і не стралялі адзін у аднаго. Бо ўсім хацелася і піць, і жыць. Бывала, што перагукаліся з акопу ў акоп, знаёміліся, распавядалі пра сем’і, пра дзяцей, пра тое, што елі. А потым беглі і стралялі...

Жыло жаданне перамагчы, але не азвярэць.

Задача пісьменніка — слухаць, а не замінаць, глядзець і бачыць, а не штурхаць і навязваць сваю думку... Калі пішаш гістарычную прозу, людзі і падзеі, пра якія распавядаеш, існуюць там, а чытачы — тут. Я як аўтар жыву паміж імі...

— Над чым вы працуеце цяпер?

— Шмат сіл забірае праца ў  Расійскім экалагічным руху, створаным месяц таму, работа над задачамі намесніка галоўнага рэдактара літаратурна-асветніцкага часопіса «Отечественные записки». Ёсць задума (і пэўныя крокі па яе рэалізацыі) напісаць ваенную аповесць пра князя Ігара, у якой за аснову ўзятае «Слова пра паход Ігаравы».

— Час, калі адбывалася дзеянне ў вашых папярэдніх творах, — ХХ стагоддзе, а тут  — князь Ігар — Х! Бездань у тысячагоддзе!

— Але ж я прывязаны не да часу, а да гісторыі! Для мяне ўся гісторыя чалавецтва  — гэта не перыяды, а непарыўны ланцужок падзей, у якіх удзельнічаюць людзі. Як чалавеку сістэмнаму мне ўсё адно, дзе знаходжуся, галоўнае  — наколькі добра ўяўляю ланцужок, наколькі тонкія і празрыстыя сценкі так званай машыны часу, у якой перамяшчаюся з Вялікага Ноўгарада часоў Гастамысла ў Полацк, калі ў гэтым горадзе пачынаў вучобу Францыск Скарына. Майстэрства пісьменніка залежыць ад таго, колькі з таго часу яму невядома і наколькі цікава рабіць мастацкую рэканструкцыю. І як пісьменніку мне не настолькі цікава пісаць — гэта проста мая работа — мне цікава чытаць і даведвацца новае, а потым уладкоўваць гэтае новае ў агульную канву.

«Слова»  — вельмі складаны твор, які не даецца адразу, на адным толькі ўяўленні: як ішлі ваяры, куды ішлі, якім жахлівым было сонечнае зацьменне... Гэта былі эпахальныя падзеі, якія прывялі да эпахальных вынікаў, а тыя, у сваю чаргу, — таксама да нечага (пытанне: да чаго?).

Пісьменніцтва, па сутнасці,  — даследчыцкая праца, якая павінна папулярызаваць нашу гісторыю, расшыфраваць яе для чытача, простага карыстальніка, падобна таму, чым у антычныя часы займаліся акыны, казачнікі, гамеры і гусляры.

Вучоныя «рыюць» сыры матэрыял, а пісьменнікі мусяць зрабіць з яго мастацтва — гэта і ёсць галоўная задача творцы.

 Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.