Вы тут

Яўген Бушкоў: Я адчуваю сябе гатовым узяцца за ўнікальны твор


Калі вы ніколі не былі ў Белдзяржфілармоніі, то раім пачаць з канцэртаў заслужанага калектыву «Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі». Гэта заўсёды ўнікальная праграма і музычныя прэм’еры. Мы даведаліся ў Яўгена Бушкова, галоўнага дырыжора Дзяржаўнага камернага аркестра, аб тым, што чакае ў другой палове філарманічнага сезона, паразмаўлялі пра ролю дырыжора ў аркестры і яго асабістае прызначэнне ў сучаснай музычнай культуры.


— Яўген Робертавіч, якія сюрпрызы рыхтуеце?

— У лютым у абанеменце «Юбілейны» адбудзецца канцэрт, прысвечаны творчасці Пятра Чайкоўскага, чыё 180-годдзе сёлета свякуе ўвесь свет. У праграме прагучаць найбольш вядомыя творы кампазітара, у тым ліку «Варыяцыі на тэму ракако», «Pezzo capriccioso» для віяланчэлі і до мажорная «Серанада для струннага аркестра». За дырыжорскім пультам у гэтым канцэрце будзе стаяць мой калега Аляксандр Высоцкі, салістка  — беларуская віяланчэлістка, якая цяпер жыве і працуе ў Францыі, Антаніна Жарава.

У красавіку па-за рамкамі абанементаў упершыню ў Беларусі адбудзецца канцэрт музыканта і кампазітара Нэя Разаўра (Ney Rozauro)  — бразільскага віртуоза, выканаўцы на ўдарных інструментах, папулярнасць якога ў музычным свеце, асабліва сярод перкусіяністаў, можа параўнацца з папулярнасцю Чайкоўскага ў рускамоўным асяроддзі.

У маі да закрыцця сезона запланаваны прыезд двух музыкантаў, якія сёння жывуць і працуюць у Нідэрландах. Гэта беларускі піяніст Віталь Стахіевіч і яго партнёр бельгійскі трубач Вім ван Хасэлт. Паслухаць адразу двух салістаў даводзіцца нячаста. Адзінае, аб чым я папрасіў, каб гэта не быў твор, які ўжо стаў традыцыйным для спалучэння фартэпіяна з трубой  — першы канцэрт Шастаковіча. Мы будзем іграць другі канцэрт Шапэна для фартэпіяна (210-годдзе кампазітара святкуецца сёлета). У другім аддзяленні — грандыёзны твор венгра Бартака «Дывертысмент». Я сам доўга ішоў да гэтай музыкі, чакаў моманту, калі штосьці адкрыецца ўнутры і захочацца яе выканаць. У артыстаў бываюць розныя перыяды, розныя музычныя сімпатыі, і трэба злавіць момант, калі прыходзіць такое жаданне, прытым вельмі яснае... Зараз я адчуваю сябе гатовым узяцца за гэты ўнікальны твор, паставіць яго.

— А што для дзіцячай аўдыторыі?

— У лютым нас чакае вялікая падзея, у тым ліку ў гісторыі беларускай музыкі. Камерны аркестр на працягу апошніх трох сезонаў цесна супрацоўнічае з беларускімі кампазітарамі. У сусветнай практыцы гэта называецца «Composer in residence». Пры такім супрацоўніцтве ў кампазітара з’яўляеццца магчымасць працаваць з канкрэтным калектывам: яго складам і мастацкім кіраўніком, тымі інструментамі, якія ёсць у аркестры. Як вынік  — нараджэнне новага твора. Вынікам працы з Канстанцінам Яськовым стала цудоўная містэрыя «Кросны Макошы» — п’еса, напісаная для народнага голасу і аркестра ў вялікім складзе, спалучэнне даволі рэдкае. Галіна Гарэлава прысвяціла нашаму аркестру і мне твор для струннага аркестра з саліруючай скрыпкай, які называецца «Страдывары». Я нават пасля 17-гадовага перапынку ўзяў скрыпку і выканаў сола. Наступным нашым аўтарам стала малады кампазітар Любоў Кунейка. Яна па маёй прапанове напісала дзіцячую музычную казку «Брыдкае качаня». Такім чынам пашырыўся нацыянальны беларускі музычны рэпертуар для маленькіх слухачоў. Тут сюжэт Андэрсена, пашыраны склад аркестра з духавымі і ўдарнымі, а таксама з удзелам дзіцячага хору. Сусветная прэмьера, казкі адбудзецца 8 лютага. Усе гэтыя гады, што мы ладзім дзіцячыя серыі, дзе выступаю і як дырыжор, і вядучы, і выдумшчык, я марыў аб такой падзеі. Па-мойму, трэба, каб стваралася штосьці новае і для дзяцей. Асабліва прыемна, што менавіта малады кампазітар напісала новы твор, бо яна бліжэй да пакалення бацькоў тых, да каго, па сутнасці, мы звяртаемся.

— Які з мноства створаных вамі праектаў найбольш запомніўся вам асабіста?

— Мне асабіста дарагі дзіцячы абанемент, бо ўжо шмат гадоў укладваю ў яго частку сваёй душы. І неверагодна прыемна, калі атрымліваецца выклікаць цікавасць да класікі — сёння слухачы маленькія, а праз некалькі гадоў гэта ўжо дарослыя людзі,  — якія прыходзяць на канцэрты ці самі становяцца музыкантамі. Прыемна бачыць шчаслівыя вочы, удзячныя за праекты, звязаныя з выступленнямі ў хоры ці ансамблях, што мы прапаноўваем. Праз некаторы час, бывае, атрымліваю водгукі, што гэтыя дні, гэтыя выступленні засталіся найбольш светлымі ўспамінамі з дзяцінства.

— Вы аднойчы сказалі, што ігра з дырыжорам — гэта выказванне самога дырыжора. Што вы мелі на ўвазе?

— Сённяшнім аркестрам дырыжоры як кіраўнікі, па сутнасці, не патрэбныя. Бо ўзровень музіцыравання калектыву і дысцыпліны музыкантаў настолькі высокі, што ў прынцыпе яны могуць абысціся без дырыжора, сыграць разам і без яго. Дырыжор неабходны для таго, каб суб’ектыўна адухатварыць тую музычную тканіну, якая закладзена ў нотах. Указанне ў нотах — рэч дастаткова фармальная, а ступень ажыццяўлення кожным канкрэтным музыкантам ці групай музыкантаў  — асноўнае адрозненне адной інтэрпрэтацыі ад другой. Таму, мне падаецца, аркестр вызначае асоба — дырыжор ці музыкант, якім ёсць што сказаць, ёсць што ўвасобіць у жыццё.

— Як у такім выпадку музыканты дамаўляюцца паміж сабой?

— Як правіла, музыканты, калі працуюць без дырыжора, садзяцца такім чынам, каб усе маглі бачыць адзін аднаго. Лідарам абавязкова выступаюць адзін ці два музыканты, якія ўзначальваюць розныя групы інструментаў. Безумоўна, заўсёды ролю лідара ў аркестры займае першы скрыпач і, як правіла, гэты чалавек для сваіх калег аўтарытэт. Акрамя таго, скрыпачу для кіравання аркестрам неабходна мець калегу, напрыклад, які ўзначальвае духавую групу. Гэта можа быць першы флейтыст ці першы габаіст. Наяўнасць дырыжора не ёсць простая неабходнасць сумеснага паказу і арганізацыі дзейнасці музыкантаў. У іх ёсць паміж сабой сувязь, якая ўсёй групе інструментаў дае магчымасць уступаць адначасова. Таму што яны адчуваюць адзін аднаго, бачаць краем вока жэст першага флейтыста ці чуюць сумесна ўзятае паветра ў духавікоў перад тым, як тыя возьмуць свае гукі. Чым лепшы аркестр, тым дакладней наладжаны гэтыя механізмы. Аркестр высокай якасці нават пры сярэднім дырыжоры здольны граць зладжана.

— Можна сказаць, што за 10 гадоў працы з камерным аркестрам Беларусі вы сабралі «вашых» людзей?

— Хочацца верыць, што я ўнёс сваю лепту ў творчае фарміраванне сённяшняга складу музыкантаў, у фарміраванне іх дасведчанасці. Гэты аркестр на працягу многіх гадоў займае лідзіруючую пазіцыю ў музычным асяроддзі Беларусі. Але, тым не менш, бывалі розныя перыяды. Мне падаецца, што нават пры змене пакаленняў, што зараз адбываецца, мы пачынаем разумець некаторыя рэчы нават без тлумачэння адзін аднаму. Таму што музыканты ўжо разумеюць прынцыпы, якіх я прытрымліваюся. Гэта вельмі каштоўна, бо скарачае час на абмеркаванне і рэпетыцыі.

— Якім бачыце асабістае прызначэнне ў музыцы?

— Разумееце, самому цяжка вызначыць сваё прызначэнне. Я не магу жыць без музыкі. У перыяд, калі не іграў на скрыпцы, калі можна было пачаць займацца чым заўгодна  — з нуля,  — я ўсё роўна абраў музыку. Думаю, што прызначэнне маё заключаецца ў тым, каб праз музыку перапрацоўваць энергію ў больш тонкую. Таму што мова музыкі ў стане данесці да людзей такія рэчы, якія нельга перадаць словамі і якія ў прынцыпе служаць таму, каб мы станавіліся лепшымі, адчувалі танчэй. Таму столькі ўвагі я ўдзяляю канцэртам для дзяцей  — гэта іх развівае, нават калі не будуць займацца музыкай прафесійна. Я служу музыцы. І важна, каб яна выконвалася ў першапачатковым выглядзе і некранутай прыгажосці, каб несла тое эстэтычнае задавальненне, якое не можа прынесці ніводны з відаў мастацтва.

Вераніка ВЕЛЬБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».