Ганна і Улада Альхоўскія — вядомыя беларускія пісьменніцы і сцэнарысткі. А ў жыцці мама і дачка — вялікія сяброўкі. Іх кнігі — дэтэктыў, фэнтэзі ці любоўны раман — лёгкія і аптымістычныя, як і самі жанчыны. Нават калі сямейнае жыццё Ганны пайшло пад адхон, яна не дазволіла сабе «раскісаць», а адкрыла новую, захапляльную старонку сваёй біяграфіі.
Мы сустрэліся ў кавярні, і калі б я загадзя не ведала, хто мае суразмоўніцы, падумала б,
што гэта, хутчэй, сёстры з пэўнай розніцай ва ўзросце, чым мама і дачка. І справа не столькі ў знешнім выглядзе, колькі ў зносінах, пазбаўленых іерархіі, але з такім цяплом, якое можа быць толькі ў вельмі блізкіх і родных людзей.
— Ганна, напэўна, вы выйшлі замуж гадоў у 18?
Ганна: — А я думала, вы спытаеце, хто мой касметолаг (смяецца). Замуж выйшла ўжо ў свядомым узросце — у 25 гадоў. З мужам пазнаёмілася на працы, у нас быў класічны службовы раман. І ў той час, і цяпер мне здаецца, што гэта добрая магчымасць лепей пазнаць чалавека. Тады на спатканнях, цяпер у сацсетках усе імкнуцца быць лепшымі, чым насамрэч. Зрэшты, да канца пазнаць чалавека, напэўна, немагчыма, нават пражыўшы з ім шмат гадоў.
— Гэта значыць, развод для вас быў сюрпрызам?
Ганна: — Развод быў маёй ініцыятывай. Муж, як гаворыцца, даў нагоду, а прычына — класічная: волас сівее, галава шалее.
— А колькі гадоў тады было дзецям?
Ганна: — Уладзе 19, Стасу — 15.
— Звычайна ў такіх сітуацыях жанчыны імкнуцца захаваць сям'ю, як кажуць, дзеля дзяцей...
Ганна: — Спачатку я таксама думала: заплюшчу вочы, можа, тое захапленне мужа пройдзе... Але вельмі хутка зразумела, што часам менавіта дзеля будучыні дзяцей і трэба скасоўваць шлюб. Я не хацела, каб сын бачыў, што вось так можна паводзіць сябе ў адносінах да сям'і, не хацела, каб дачка бачыла, што жанчына можа многае трываць.
— Як дзеці паставіліся да вашага рашэння?
Ганна: — Па-рознаму. Улада, мне здаецца, з нараджэння мудрае дзіця, яна мяне падтрымала. Стас больш хваравіта ўспрыняў маё рашэнне.
Улада: — Не ведаю, як маленькія дзеці, але падлеткі сапраўды адчуваюць, бачаць, разумеюць, што з бацькамі нешта не так. Гэта вельмі пакутліва, таму што ты любіш маму і тату — гэта самыя родныя і блізкія людзі. Міжволі думаеш, што ў іх сапсаваных адносінах ты таксама неяк вінаваты. Увогуле, гэта выпрабаванне для дзяцей, і ў некаторых сем'ях яно доўжыцца на працягу некалькіх гадоў. Таму я згодная з мамай: не трэба захоўваць тое, чаго ўжо няма.
— А ў вас атрымалася мірна падзяліць маёмасць?
Ганна: — Так, пра гэта мы змаглі дамовіцца. Але паколькі галоўным здабытчыкам у сям'і быў муж, то фінансавае становішча пагоршылася. Вядома, у мяне ёсць прафесія, але пасля замужжа «хадзіла» ў два дэкрэты запар. Потым выйшла на працу, але з-за маёй занятасці менш увагі даставалася дзецям, мужу, ён і прапанаваў пакінуць працу: маўляў, усім забяспечу. Уласна, кнігі я пачала пісаць пасля разводу з-за жадання зарабіць.
— Дзеці і вы прывыклі да забяспечанага жыцця. Як яны ўспрынялі неабходнасць жыць сціпла? Часам у такіх сітуацыях дзеці хочуць кампенсаваць свае душэўныя раны нейкімі падарункамі, дарагімі рэчамі. Зноў жа, не хочацца выглядаць горш за аднагодак.
Ганна: — Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала з дзецьмі. Яны разумелі і прымалі абставіны, якія склаліся, і «дай», «хачу» я ад іх не чула. Наадварот, яны самі стараліся зарабіць з юных гадоў. Я не падавала на аліменты, спадзяючыся на сумленне былога мужа.
Улада: — Магчыма, нам было лягчэй, таму што ў нас быў забяспечаны перыяд у жыцці. Бацькі заўсёды давалі мне і брату кішэнныя грошы, мы вучыліся імі распараджацца, таму да фінансаў стаўленне было досыць усвядомленае. Тата аплачваў маё навучанне ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Я ўжо была паўналетняй, і ён сапраўды дапамагаў не па выканаўчым лісце, а па сумленні, за што я яму вельмі ўдзячная.
— Ганна, пасля скасавання шлюбу жанчыны часам хочуць адпомсціць былому мужу. Хтосьці хутка знаходзіць новага — больш статуснага або багацейшага за папярэдняга, іншыя забараняюць мець зносіны з дзецьмі. Як вы перажывалі той перыяд?
Ганна: — Гэта не мае метады. Наш развод — не падстава пазбаўляць дзяцей бацькі, тым больш што і ён не спыняў з імі зносіны. Шукаць новага мужа не было часу, ды і выбару практычна няма ў сваёй узроставай катэгорыі. Вядома, мне было няпроста, але ратавала пісьменніцтва. Гэта як курс бясплатнай псіхатэрапіі — раскладваеш усё па
палічках, аналізуеш, разумееш прычыны, чаму так адбылося. А яшчэ гэта выдатная магчымасць напісаць кнігу аб тым, што «нашы перамаглі» і спраецыраваць яе на сваё жыццё. Адпомсціць, калі ўжо так хочацца, можна літаратурнаму герою, прататыпам якога з'яўляецца рэальны чалавек.
Улада: — Муж і жонка разышліся, а бацькі ў нас засталіся! І зараз у іх нармальныя адносіны, можна сказаць, сяброўскія.
Улада ў гасцях у маці.
— А чым займаецца Стас?
Ганна: — Моўшн-дызайнер. Ён да гэтага не адразу прыйшоў. Сын вучыўся ў матэматычнай гімназіі, займаў прызавыя месцы на банкаўскай алімпіядзе. Натуральна, сабраўся паступаць у эканамічны ўніверсітэт на банкаўскую справу. Літаральна ў першыя дні заняткаў ім сказалі: забудзьцеся пра трэйдынг, біржы, нічога гэтага ў нас няма, будзеце звычайнымі касірамі. Гэта яго расчаравала. Чым далей вучыўся, тым больш разумеў, што выкладчык не жартаваў. Пасля другога курса сказаў, што больш вучыцца не хоча. На сямейным савеце вырашылі, што дадзім яму год на пошук цікавай прафесіі. І ён па-добраму шукаў сябе, стараўся падпрацоўваць у гэты перыяд таксама. У выніку самастойна асвоіў прафесію моўшн-дызайнера. Цяпер у яго ёсць пастаянныя заказчыкі. Самае галоўнае, што яму падабаецца тое, што ён робіць.
— Не кожны малады чалавек можа сказаць бацькам: усё, не хачу больш вучыцца.
Ганна: — Удзячная сыну, што ён вызваліў ад марнавання грошай, бо яго навучанне аплачвала я. У мяне няма гэтай істэрыі: дзіцяці абавязкова трэба вышэйшая адукацыя. Дзіцяці патрэбна цікавая прафесія, добры заробак. Жыццё паказвае, што прасунутыя наймальнікі глядзяць не на дыплом, а на тое, што ты ўмееш рабіць.
— Ганна, вы ўжо гатовыя стаць бабуляй?
Ганна: — Ад мяне тут нічога не залежыць. Дзеці пакуль не стварылі свае сем'і, і я не збіраюся на іх ціснуць. Не разумею гэтых размоў, што «ўжо пара», «сяброўкі даўно замужам» і асабліва «гадзінік цікае». У наш час усё гэта не аргументы. Я хачу, каб яны былі шчаслівыя, пражылі сваё жыццё, як яны хочуць, а не арыентаваліся на нейкія стэрэатыпы.
Улада: — Удзячная бацькам, што яны сапраўды на нас не ціснуць. Думаю, усяму свой час. Лепш пачакаць, але выйсці замуж адзін раз і назаўжды. Так, шкада, у мяне перад вачыма шмат студэнцкіх шлюбаў, якія распаліся, і далёка не ва ўсіх гэта працэс прайшоў цывілізавана. Аптымізм выклікае тое, што ёсць прыклады такіх стасункаў у сям'і, якіх і мне хацелася б. Вось да гэтага і імкнуся.
— Два творчыя чалавекі побач ды яшчэ з адной сферы дзейнасці... Ці бываюць уколы творчай рэўнасці?
Ганна: — Ведаю, што дачка мае больш таленту, чым я. Лічу: гэта выдатна, што дзеці ў чымсьці нас пераўзыходзяць. Пісьменніцтва — гэта як паветра для Улады. Для мяне гэта ў большай ступені рамяство.
Улада: — Не буду «мерацца» талентамі, проста скажу, што радуюся поспехам мамы. Яна малайчына! Заўсёды ідзе наперад: цяпер піша сцэнарыі для серыялаў.
— Вы адразу сказалі, што па жыцці яшчэ і сяброўкі. Раскажыце, як пабудаваць такія адносіны?
Улада: — Мне здаецца, трэба шчыра цікавіцца сваімі дзецьмі, размаўляць з імі, не ціснуць аўтарытэтам. Напэўна, проста любіць. Гэта так цудоўна, што я магу пра ўсё на свеце пагаварыць з мамай!
Ганна: — Так, дзеці павінны адчуваць, што бацькі любяць іх безумоўна. Бацькам трэба ледзь не з нараджэння дзіцяці выбудоўваць з імі сяброўскія адносіны, каб дзеці не баяліся нас. Я рада, што ў мяне была магчымасць пэўны час не хадзіць на працу, а займацца дзецьмі. Аднак і я, і іншыя жанчыны цяпер з-за гэтага трапілі ў «пенсійную пастку». Нават два дэкрэтныя адпачынкі, выключаныя са страхавога стажу — гэта сур'ёзная праблема. Але я ні аб чым не шкадую, таму што ў мяне цудоўныя дзеці.
— Ганна, засталося спытаць, дык хто ж ваш касметолаг — сапраўды выдатна
выглядаеце.
— Дзякуй. Збольшага ў гэтым «вінаватая» генетыка. Ну і я сама ўнесла ўклад: перакананая, што твар адлюстроўвае тое, што ў чалавека на душы. Калі ты ныеш, што ўсё дрэнна, усе вакол вінаватыя, ніякія касметолаг з пластычным хірургам не дапамогуць. Жыццё з усімі яго складанасцямі цудоўнае і хуткабежнае, таму трэба радавацца кожнаму дню. Смех разгладжвае зморшчынкі. Таму я і пішу смешныя і вельмі аптымістычныя кнігі.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота з асабістага архіва Ганны і Улады Альхоўскіх
На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.