Вы тут

Аляксандр Чахоўскі: У юнацтве праз жанчын нават рыдаў


Пра мелодыю кахання, пра жанчын і пра стаўленне да іх сёння зноў паразважаем у нашай рубрыцы. Сваімі думкамі гэтым разам падзяліўся Аляксандр Чахоўскі — вядомы імпрэсарыа і заснавальнік праекта MuzzіcDom, створанага для арганізацыі канцэртаў акадэмічнай музыкі ў нестандартных фарматах.


— Самае цудоўнае ў жанчынах — гэта...

— Жаночая эстэтыка. У мяне нават ёсць невялікая калекцыя вінтажных фотакартак. Цікава назіраць за сімпатычнымі дамамі, якія праходзяць па вуліцы ў прыгожых убраннях. І здорава, што ўсе такія розныя! Дзяўчыны прыгожыя, калі падабаюцца сабе — людзі хутка паддаюцца гэтаму зачараванню.

— Што адштурхвае ў жанчынах?

— У жанчынах цудоўнае ўсё, нават агіднае.

— Хіба такое магчыма?

— Ва ўсім павінен быць баланс! Што здараецца паміж жанчынай і мужчынам пасля вырашэння жорсткага канфлікту? Абдымкі, пацалункі і г. д. Гэта ж класна, што ёсць эмацыянальная разрадка. Калі гэта не вядзе да дэградацыі адносін, што дрэннага?

Я, як чалавек, які трохі разумее псіхалогію, ведаю, што няма дрэнных мужчын і жанчын. Кожны рана ці позна знойдзе сваю пару. Хоць нават не ведаю, ці патрэбна ў сучасным грамадстве гэтая пара. Свет рухаецца да чагосьці новага.

— Але ці верыце вы ў каханне?

— Вядома, як у яго не верыць? Проста паняцце кахання ў кожнага сваё. Для мяне каханы чалавек — гэта перш за ўсё сябра, аднадумца. Рамантыка — добра, але гэта толькі прыступка на шляху да кахання. А вось прыняцце ўсіх недахопаў чалавека і праца над сваімі мінусамі ператвараецца ў моцныя адносіны. Часам глядзіш, што адбываецца паміж людзьмі, з-за чаго мы сварымся, і думаеш: «Ну якая гэта лухта!» Асабліва ў параўнанні з тым, якія беды адбываюцца ў свеце.

— Самае дзіўнае ў жанчынах — гэта...

— Іх здольнасць інтэрпрэтаваць інфармацыю. Напрыклад, пішаш нешта ў сацсетках, не надаючы словам моцнай эмацыянальнай афарбоўкі. А з рэакцыі разумееш, што ты ледзь не абразіў чалавека. Там цябе ўжо блакіруюць па ўсіх пазіцыях. Вось гэта перакручванне проста здзіўляе. Таму я аддаю перавагу асабістым сустрэчам, няхай гэта і старамодна.

— Што ні ў якім разе нельга казаць жанчыне?

— Усё можна, пытанне ў тым, калі і як. Нельга зневажаць чалавека, трэба гаварыць у канструктыўным кірунку. Напрыклад, пра няўдалы секс. Пра гэта не вельмі прынята казаць, але калі гэтага не рабіць, людзі будуць мучыць адзін аднаго. А так можна абмеркаваць усё ці схадзіць на трэнінг. Або сітуацыя: дзяўчына прывыкла позна класціся спаць і адпаведна прачынаецца амаль у сярэдзіне дня. Гэта шкодзіць яе ж здароўю. Але як сказаць ёй пра гэта? Усё залежыць ад стасункаў. Можа, вы прыдумаеце сумеснае хобі і будзеце, напрыклад, хадзіць у басейн раніцай.

— Канстанцыя Моцарт любіла пагуляць і пафліртаваць з мужчынамі, але Моцарт усё роўна моцна кахаў яе. А Наталля Рахманінава літаральна завязвала мужу шнуркі на чаравіках. Каму б вы аддалі перавагу?

— Калі б мне сказалі выбраць, гэта была б гісторыя Моцарта. Шнуркі я і сам сабе магу завязаць.

— Лепшая музычная кампазіцыя пра жанчын і каханне...

— Апошняя арыя, якую спявае Віялета ў «Травіяце». Гераіня памірае і ўручае каханаму медальён, які просіць перадаць яго будучай жонцы. Трагічны твор, які ўзрушае філасофіяй і задумай. А калі ўзгадваць сучасныя кампазіцыі, то гэта Rednex — «Wіsh you were here». Дзяўчына спявае пра тое, што кожная cекунда без любімага як хвіліна, а кожная хвіліна як дзень. Кранальны тэкст і добрая музыка.

— Каб перажыць расстанне, мы, дзяўчынкі, заядаем боль цукеркамі і глядзім «Секс у вялікім горадзе». А як спраўляюцца мужчыны?

— Ніхто не напіваецца ў барах, як прынята лічыць. Многія пачынаюць факусавацца на працы, падарожнічаюць, размаўляюць з блізкімі. Складана ўспомніць свой вопыт, апошні раз мяне кідалі гадоў 20 таму. Але ў юнацтве ўсякае было, памятаю, нават рыдаў.

— Пра што ўсё ж гавораць мужчыны, калі збіраюцца разам?

— Мы мала гаворым пра жанчын, хіба толькі калі нядаўна быў нейкі цікавы вопыт, ці калі сядзім у бары насупраць сімпатычнай дзяўчыны. Часцей мы абмяркоўваем свае хобі, планы, падарожжы, палітыку, адукацыю, навуку, экалогію і адвечнае «куды рухаецца свет».

— Пра што не падазраюць пары, калі ўступаюць у шлюб?

— Яны наогул шмат чаго не падазраюць. Шлюбы ў нас — гэта поўны інфантылізм. Часам я «працую» князем Антоніем Вільгельмам Радзівілам у Нясвіжскім палацы. Там праходзяць тэатралізаваныя выступленні, у тым ліку ёсць паслуга «Княжацкае вяселле». Па тым, як пара паводзіць сябе на цырымоніі, магу выказаць здагадку, як складзецца іх лёс у бліжэйшыя гады. Бывае, нявеста агрэсіўная або жаніху ўсё «да ліхтара». Становіцца зразумела, што гэта толькі вяршыня айсберга. Хоць, вядома, я магу памыляцца.

І напрыканцы...

— Нашы дзяўчаты такія прыгожыя! Асабліва калі смяюцца, калі адкрытыя і шчырыя ў зносінах. Я хацеў бы сваёй працай рабіць так, каб іх унутраны свет быў яшчэ больш багатым, каб яны натхняліся і ніколі не паглыбляліся ў перажыванні.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».