Вы тут

Адкуль у працадаўцаў паходзіць дэкрэтафобія?


Колькі гадоў? Замужам? Дзеці ёсць? Нараджаць збіраешся? Гэтыя пытанні, якія мы, жанчыны, даўно прывыклі чуць на сумоўях, насамрэч з'яўляюцца дыскрымінацыяй. Замужнія жанчыны да 35 гадоў без дзяцей, незамужнія жанчыны да 35 гадоў без дзяцей, жанчыны з дзецьмі да дзесяці гадоў і жанчыны ў дэкрэце... Вось найбольш уразлівыя групы працаздольных людзей у Беларусі. Прычым гэта непасрэдна звязана з іх сямейным становішчам, сцвярджаюць даследаванні аб'яднання «Гендарныя перспектывы».


«Вы нам не падыходзіце!»

Рэпрэзентатыўнае нацыянальнае апытанне «Гендарныя перспектывы» правялі ў 2018 годзе. Вывучаючы рынак працы ў цэлым, эксперты ўлічвалі дыскрымінацыю падчас прыёму на работу (пытанні, якія не могуць прысутнічаць у патрабаваннях да суіскальнікаў), а таксама непасрэдна на рабоце, у тым ліку сексуальную, гаворыць Алена АРЦЁМЕНКА, даследчык і сацыёлаг.

Згодна з апытаннем, з дыскрымінацыяй пры працаўладкаванні ці на рабочым месцы сутыкаліся 85 % беларусаў. Пытанні пра сямейнае становішча падчас прыёму на работу задавалі ў 27 % выпадкаў, прычым часцей за ўсё жанчынам. У прыёме на работу адмаўлялі з-за наяўнасці дзяцей 6 % апытаных. З-за сямейнага становішча і планаў на дзяцей — 5 %. З-за цяжарнасці — каля 1,5 %.

Дыскрымінацыя на рабоце праяўляецца ў непавышэнні заробку, непрасоўванні па службе, непрыемных жартах, часта звязаных менавіта з полам. З гэтым сутыкаліся 5 % рэспандэнтаў-мужчын і 20 % жанчын.

— Мы задаліся пытаннем, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца жанчына падчас водпуску па доглядзе за дзіцем і выхаду на працу пасля дэкрэту. Каля 26 % жанчын мелі тут пэўныя праблемы, — канстатуе Алена Арцёменка.

Часцей з ўсё, гэта адмова пераводу на больш лёгкія ўмовы працы (з чым сутыкнуліся 13 % жанчын). 8 % жанчын адмовілі ў рабоце з-за цяжарнасці, 7 % схілялі да пераходу на іншую пасаду пасля выхаду з дэкрэту, а 4 % адмаўлялі працягваць кантракт з-за цяжарнасці.

«Штраф» за бацькоўства

Магчымасць ісці ў дэкрэт у Беларусі замест матулі прадастаўляецца тату ці іншым сваякам жанчыны. Аднак дагэтуль яна не вельмі папулярная, таму што на рынку працы існуе нераўнапраўе паміж заробкамі мужчын і жанчын. 39 % татаў сведчаць, што ім эканамічна нявыгадна даглядаць дзіця, бо яны зарабляюць больш, чым жонкі. Сапраўды, калі ў 2005 годзе сярэдні ўзровень жаночага заробку складаў 79,1 % ад мужчынскага, то ў 2018 ён знізіўся да 72,7 %, канстатуе Марыя АКУЛАВА, эксперт цэнтра эканамічных даследаванняў BЕRОС.

Узровень розніцы паміж заробкам меншы ў прыватным сектары.

— Магчыма, з-за таго, што ў камерцыйных структурах не існуе штатных раскладаў і тарыфных ставак. Працадаўцы глядзяць на ўзровень кваліфікацыі, на тое, які здабытак ты прынясеш кампаніі, — мяркуе яна.

У эканамічных даследаваннях існуе такі тэрмін, як «штраф за бацькоўства». Для мужчын гэта з'ява не характэрная.

— А вось для жанчыны, у якой ёсць дзіця, «штраф за бацькоўства» складае 14,5 % — настолькі менш яна будзе зарабляць, чым жанчына, у якой дзяцей няма. «Штраф» будзе вар'іравацца ў залежнасці ад узросту дзіцяці — чым ён меншы, тым большыя страты, — кажа Марыя Акулава.

Адукацыйны ўзровень таксама ўплывае на памер зніжэння заробку. Высокакваліфікаваныя жанчыны губляюць 20,4 %, з сярэднетэхнічнай адукацыяй — 13 %, а жанчыны з сярэдняй адукацыяй — 8 %.

— Складана казаць, ці дыскрымінацыя гэта. Хутчэй, гэта асаблівасці функцыянавання рынку працы, — дадала спецыяліст. — З аднаго боку, у нас шчодрая дзяржпадтрымка мацярынства. З іншага — трохгадовы дэкрэт прыводзіць да пагаршэння якасці кваліфікацыі жанчыны. За гэты час яна становіцца менш канкурэнтаздольнай, бо не мае магчымасці развівацца. Беларусі, пэўна, прыйдзецца скарачаць тэрмін дэкрэту, бо гэта негатыўна сказваецца на росце ВУП краіны і мы ставім жанчын у няроўныя ўмовы на рынку працы. Інфраструктуры, каб выйсці на працу раней, не існуе, а няня абыходзіцца дорага. Сярэднестатыстычнай сучаснай сям'і не патрэбна пяць дзяцей. Чым вышэй эканамічнае развіццё краіны, тым менш там нараджальнасць, бо для людзей больш важна інвеставаць у чалавечы капітал дзіцяці, а не ў іх колькасць. Многія краіны стымулююць не столькі фінансавую падтрымку нараджальнасці, колькі сумяшчэнне працы і нараджэння дзяцей з наладжваннем адпаведнай інфраструктуры.

«Касмічная» работа і рэальнасць

Ва ўсіх правілах ёсць выключэнні. У ІT-кампаніях, напрыклад, навучанне супрацоўнікаў вельмі дарагое, яно доўжыцца практычна год, таму больш выгадна іх затрымліваць, чым шукаць новых, упэўнена Таісія ПАСТУХОВА, РR-партнёр кампаніі SоftTесо. У іх арганізацыі рэалізуецца праект «Гендарная роўнасць на працоўным месцы».

— Палова менеджараў у нашай кампаніі — дзяўчаты з дзецьмі ці цяжарныя, а мужчыны — шматдзетныя бацькі. Многія працуюць сем'ямі. У нас гнуткі графік і магчымасць аддаленай работы. Многія працуюць дома, знаходзячыся ў дэкрэце, а ў кампаніі створаны ўмовы для часовага знаходжання дзетак, уключаючы аніматараў.

Калі пераключыцца з работы ў канкрэтнай кампаніі на больш звыклую рэальнасць, то статыстыка пакажа, што ў нашай краіне не вельмі высокая гатоўнасць людзей абараняць свае правы на працы. Толькі 25—30 % нешта прадпрымалі, каб адстаяць свае інтарэсы.

— З гэтай колькасці толькі 5 % звяртаюцца да нас па дапамогу ў працоўнай тэматыцы, — заўважыла Таццяна СТРЫЖЭЎСКАЯ, дырэктар «Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын». — Палова ўсіх зваротаў спрацоўвае на папярэджанне, бо жанчына адчувае, што яе хочуць звольніць ці проста выжываюць з калектыву.

Аднак ёсць і дакладныя прыклады дыскрымінацыі. Так, на месца адной з жанчын, якая выйшла з дэкрэту, узялі іншага спецыяліста. Другой прапанавалі выйсці на чвэрць стаўкі, бо «дзіця малое, толку будзе мала». Трэцюю (ваеннаслужачую) ставілі ў нарад. Чацвёртай (з дзіцем-інвалідам) адмовілі ў змяшчэнні працоўнага графіку. Пятая проста зразумела, што не спраўляецца пасля выхаду з дэкрэту, бо ніхто не дапамог ёй адаптавацца, але затое яе пазбавілі прэміі, і гэта таксама дыскрымінацыя.

Калі падчас прыёму на работу працадаўца цікавіцца вашым сямейным становішчам і колькасцю дзяцей, адкажыце сустрэчным пытаннем «З якой мэтай вы гэтым цікавіцеся?», раіць Таццяна Стрыжэўская. Бо гэтае пытанне не датычыцца прафесійных якасцяў і адказваць на яго не абавязкова. Праўда, пры гэтым жанчына рызыкуе адразу ўвайсці ў канфрантацыю з патэнцыйным кіраўніком.

З іншага боку, яго занепакоенасць таксама можна зразумець, бо калі спецыяліст будзе часта сыходзіць на бюлетэнь, іншым прыйдзецца працаваць за яго. Аднак сучасны наймальнік адстае ад рэальнасці, яму таксама трэба мяняцца і разумець, што ў дэкрэт ці на бальнічны можа пайсці любы з бацькоў, а не толькі маці. Да наймальніка неабходна прад'яўляць больш высокія патрабаванні. Хто застанецца працаваць, калі захаваецца гендарная і ўзроставая дыскрымінацыя? Гадоў праз 20 пенсіянераў у нас будзе больш, чым працаздольных. Тады адзіным выйсцем стане працоўная міграцыя або стварэнне такіх эканамічных умоў, калі жанчына не будзе пакутаваць ад дэкрэтафобіі і зможа нармальна працаваць і гадаваць дзяцей.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: ostro.org

Загаловак у газеце: Працаваць нельга нараджаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».