Вы тут

Сіла прыцягнення. Чалавеку заўсёды патрэбен нехта іншы


Рамантыка, закаханасць і тым больш секс — гэта толькі для маладых, здаровых і прывабных людзей. Пажылыя мужчыны, якія праяўляюць сексуальную зацікаўленасць, — вычварэнцы, небяспечныя для грамадства. А пажылыя жанчыны, якія захавалі цікавасць да сексу, — амаральныя. Як вам такія перакананні? Блізкія ці не вельмі?


Ні для каго не сакрэт, што дарослыя дзеці часта адмоўна ставяцца да жадання сваіх узроставых бацькоў стварыць новую сям'ю, лічачы, што калі, напрыклад, пажылы мужчына сустракаецца з жанчынай, то яна, напэўна, хоча яго абабраць да ніткі. І што за іх адносінамі абавязкова нешта хаваецца: кватэра, спадчына альбо яшчэ штосьці. А для ўзроставай жанчыны ў нашым грамадстве прадугледжана толькі адна сацыяльная роля — бабулі, якая выхоўвае ўнукаў або корпаецца ў градках. Сама думка пра тое, што чалавек ва ўзросце можа мець жаданне заводзіць новыя знаёмствы, а тым больш (крый божа!) займацца сексам, выглядае для большасці людзей амаль блюзнерствам.

— Але калі вам падабалася чытаць дэтэктывы і есці шакаладнае марозіва ў маладосці, то цалкам верагодна, што і ў 60, і ў 70, і ў 80 гадоў вашы перавагі не зменяцца. Гэтак жа і сексуальнасць, у сталым узросце яе варта разглядаць у кантэксце асобы кожнага чалавека, — лічыць псіхатэрапеўт-сексолаг, дактарант і даследчык сексуальнасці сталага веку Марына СЛАВІНСКАЯ. Сваімі поглядамі на гэтую тэму эксперт падзялілася падчас форуму «Годнае даўгалецце», што праходзіў у Мінску.

Наогул, па ўяўленні маладых людзей і людзей сярэдняга ўзросту, патрэбы пажылых зводзяцца ў асноўным да рэчаў, якія датычацца, хутчэй, медыцыны. Сваякам людзей, якім «за 70», як правіла, і ў галаву не прыходзіць, што тым, акрамя ежы і лекаў, яшчэ штосьці трэба. А ім трэба! І цікавасць да жыцця ў многіх пажылых людзей таксама захоўваецца. Аўтар гэтых радкоў, напрыклад, ідучы са сваім 77-гадовым бацькам праз гарадскі сквер, пачула ад яго задуменную рэпліку: «Як жа спяваюць птушкі, цудоўна, цудоўна...» А яшчэ праз пару тыдняў, зайшоўшы ў яго кватэру, пасярод неверагоднага беспарадку, які ўтварыўся за той невялікі прамежак часу, пакуль да яго ніхто не прыязджаў, убачыла на століку каля ложка раскошны букет позніх восеньскіх кветак, які нібы сышоў з нацюрмортаў XVII стагоддзя. Бо не хлебам адзіным — і гэта датычыцца любога ўзросту.

Увогуле ж, вердыкт навукоўцаў такі: насуперак мноству міфаў пра ўплыў узросту на сексуальнасць псіхічная патрэба ў інтымнай блізкасці і душэўных перажываннях не праходзіць з гадамі, а фізіялагічныя працэсы старэння не блакуюць палавую функцыю. Сексолаг Марына Славінская падзялілася абуральным выпадкам, які, праўда, адбыўся не ў нас: у Ізраілі чацвярых жыхароў прэстыжнага і дарагога дома састарэлых «злавілі» падчас інтымнай блізкасці ў адным ложку. Большасці з іх было за 90, а «застукала» іх медсястра. Яна сумелася і выйшла з пакою, але на наступны дзень адміністрацыя выклікала гэтых пажылых людзей да сябе і нагадала ім аб правілах дадзенай установы, якія забараняюць заняткі сексам. Таксама адміністрацыя адправіла лісты іх дзецям аб неналежных паводзінах бацькоў. Некаторым дзецям было за 70 гадоў...

Растлумачу на ўсялякі выпадак: абуральнымі спецыяліст палічыла зусім не паводзіны пастаяльцаў дома састарэлых, а стаўленне да іх адміністрацыі. «Дык што ж такое сексуальнасць?» — задаецца пытаннем Марына Славінская. І адказвае: гэта энергія, якая падахвочвае чалавека шукаць каханне і адносіны, інтымнасць і блізкасць, і выяўляецца ў паводзінах і пачуццях. Яна існуе ў кожным чалавеку ад моманту яго нараджэння і да канца яго жыцця. І яна важная для псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека ў любым узросце. Сексуальнасць дорыць нам пачуцці кахання, блізкасці, упэўненасці ў сабе і радасці.

***

Альфрэд Кінсі, амерыканскі біёлаг, сексолаг і сацыёлаг, правёў першыя даследванні пра сексуальнасць пажылых людзей. І адзначыў, што сапраўды з узростам назіраецца зніжэнне палавой актыўнасці, перш за ўсё звязанае з фізіялагічнымі зменамі. Але сексуальны інтарэс і жаданне з узростам не змяншаюцца. Так што секс пасля 60, 70 і нават 90 — гэта не выключная з'ява. Напрыклад, па дадзеных Манчэстарскага ўніверсітэта, больш за палову брытанскіх мужчын і каля траціны жанчын, старэйшых за 70 гадоў, сексуальна актыўныя. Аналагічнае даследаванне ў ЗША таксама паказала, што пажылыя амерыканцы не перастаюць займацца сексам. У Расіі з даследаваннямі сексуальнасці, асабліва людзей ва ўзросце, усё крыху больш складана, але, па словах сацыёлага Дзмітрыя Рагозіна, які праводзіў маштабнае апытанне пажылых расіян, у 70—74 гады інтымнае жыццё захоўваецца ў 16 % — гэта менш, чым у Еўропе і ЗША, але ўсё роўна нямала. І, думаецца, у Беларусі лічбы не вельмі адрозніваюцца ад расійскіх. Так што з надыходам пенсійнага ўзросту зусім не абавязкова высакародна згасаць і рыхтавацца да смерці. Вядома, у сталым узросце сексуальнасць можа прымаць іншыя формы. Для пажылых людзей важныя дотыкі, абдымкі — для іх нярэдка гэта і ёсць сексуальнасць.

І, дарэчы, нядаўна аўстралійскія даследчыкі высветлілі: немаладыя людзі, якія займаюцца сексам, у сярэднім валодаюць лепшай памяццю, чым тыя, чыё сексуальнае жыццё пасля 50 гадоў цалкам выключаецца з жыцця. Таксама навукоўцы кажуць, што сексуальна актыўныя пенсіянеры радзей пакутуюць ад старэчай дэменцыі. Вядома, у даследаваннях падобнага роду ёсць сур'ёзны недахоп — яны не дазваляюць выявіць, ці то секс прыносіць пажылым людзям такую карысць, ці то ён сам з'яўляецца следствам захаванага да старасці моцнага здароўя.

Вядома, можна сказаць, што ўсе гэтыя пытанні турбуюць у асноўным адносна невялікую праслойку забяспечаных старых дзесьці там, на Захадзе. А на постсавецкай прасторы, маўляў, надзённыя праблемы накшталт невялікай пенсіі і неабходнасці выкраіць з яе сродкі на аплату ежы, камуналкі, лекаў і падарункаў унукам, цалкам «паралізуюць» сексуальныя жаданні. Тым не менш і Марыну Славінскую, і іншых сексолагаў непакоіць галоўным чынам тое, што любыя праявы сексуальнасці і эратызму ў старэйшым узросце (а «старэйшым узростам» для сексу ў нас лічацца дзесьці 45—60 гадоў) пакрытыя «налётам» сораму. Папросту кажучы, людзям старэйшага ўзросту ў нашым грамадстве адмоўлена ў праве на падобныя рэчы.

Але што б ні дыктавала грамадская думка, з узростам пачуцці не прытупляюцца, і чалавеку заўсёды патрэбен іншы чалавек. А ў праблемы ўзроставай сексуальнасці, дарэчы, пік актуальнасці яшчэ наперадзе — у сувязі са старэннем насельніцтва нашай планеты. Людзі жывуць даўжэй, чым раней, сённяшнія старыя выглядаюць і адчуваюць сябе маладзейшымі, чым іх равеснікі мінулага пакалення. І да сярэдзіны гэтага стагоддзя пажылыя ўжо будуць складаць 20 працэнтаў ад усіх жыхароў планеты, а ў краінах, якіх адносяць да старэючых нацый (у Беларусі ў тым ліку), яшчэ больш.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.