Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Мы... Паасобку? Ці разам?

Фота novaya.by

Можа, гэта з узростам, але ж вечарам, калі сон не ідзе, на памяць прыходзіць рознае — і сумнае, і смешнае.

Пачалося яно са звычайнай аб'явы: кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі заклікала жыхароў выйсці на суботнік, навесці парадак у дварах ды пад'ездах. Прачытаў і, шчыра кажучы, не надта задумаўся.

А ўвечары, помню, падымаюся на свой паверх (лямпачка ці тое перагарэла, ці нехта скраў) і ўвесь час на штось натыкаюся. На сваёй пляцоўцы — не паверыце — на пакінутыя некім... граблі.

Атрымаўшы імі па лбе, хоць-нехаць падумаў, што дзікуны мы пакуль у побыце. Так, скуркі ад бананаў у вокны ўжо не выкідваем, не высыпаем смецце пасярод вуліцы, але ж ад гэтага адышлі недалёка. Дастаткова зірнуць на дзверы пад'ездаў, на пакарабачаныя паштовыя скрынкі, на размаляваныя сцены...

І ў дварах не намнога лепш: то патаптаныя клумбы, то пясочніцы як сабачыя туалеты, то зламаныя дрэўцы...

Карацей, пасля такога вось роздуму я цвёрда вырашыў прыслухацца да заклікаў камунальнай службы — прыняць удзел у суботніку. А значыць, назаўтра ж, прыхапіўшы венік і анучку з вядром, рушыў за парог кватэры.

Пачаў з прыборкі нейкіх скрынак на лесвічнай пляцоўцы і амаль адразу пачуў гучныя крокі. Думаў, што падмога ідзе, і памыліўся: гэта адзін з суседзяў спяшаўся ў краму (зранку, што называецца, «трубы гарэлі»). Але ж ля мяне прыпыніўся, спытаў: «Гэта што — ты бардак тут развёў?»

Я ад нечаканасці аж заікацца стаў: як можна, маўляў, такое падумаць?! Я ж па аб'яве... Парадак наводжу... «А табе што — больш за ўсіх трэба?» — спытаў сусед.

І тым самым, ну вядома ж, сапсаваў мне настрой, але адступаць не было куды: я стаў змываць са сцяны каракулі нейкага «мастака», які да непрыстойнасці перайначыў песню «Наш Борка — бабнік»...

Сцерці заставалася апошняе брыдкае слова, калі з кватэры вышэй выйшла маладзіца з дзяўчынкай. «Мама, ты казала, што на сценах пісаць нельга, — залапатала малая. — А дзядзька вунь піша...»

Не паспеў я рот адкрыць, каб запярэчыць, як мама раптам выдала: «Дзядзя дрэнны. Пагразі яму пальчыкам: ну-ну-ну». — «Гэта не я, — хацеў растлумачыць ім. — Гэта нехта іншы...» — «Не трэба, — шматзначна падміргнула мне жанчына. — Гэта — з мэтай выхавання». — «Добра, болей не буду», — паабяцаў я ў адказ і ўбачыў, як тут жа на верхняй пляцоўцы «намалявалася» бабуля. «Паглядзіце на яго, — заклікала тая ўголас, — ён — не будзе! Ды ведаем мы такіх! У крыві ў вас крэмзаць! На нешта лепшае вы не здатныя...»

Вось гэтага нервы ўжо не вытрымалі, я падумаў, што сусед і праўда меў рацыю: мне трэба зусім не больш. А ў выніку...

У тыя цяпер ужо далекаватыя гады вясновы суботнік у нашым доме так і не адбыўся. Але ж гэта — палова бяды! Бяда, калі не адбудуцца наступныя, бо тады мы ніколі не навядзём належнага парадку ў сваім пад'ездзе, сяле ці горадзе, мы па-ранейшаму будзем адчуваць сябе людзьмі часовымі на гэтай зямлі, якім няма для чаго аб'ядноўвацца і няма, як быццам, аб чым клапаціцца разам. Ці не так?

Мікалай Глеб, аг. Падлессе, Ляхавіцкі раён


Каханне з выпрабаваннем

Фота Depositphotos.com

Не так даўно мы з мужам адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця. З гэтай нагоды гасцей не збіралі — пасядзелі сваёй сям'ёй, павячэралі. Потым мужчыны сталі гуляць у шахматы, а мы, жанчыны, — прыбіраць са стала, мыць посуд. «Пашанцавала вам з мужам, — сказала тады нявестка (яна першы год у нашай сям'і). — Такое ўражанне, што вы ні разу не пасварыліся... Ну, па-сапраўднаму: з біццём посуду, з заявай на развод...» — «Чаго не было, таго не было, — засмяялася я. — Развесціся нам ніколі не хацелася. А вось не пажаніцца — гэта, здаецца, маглі»...

Карацей, давялося ўспомніць мінулае.

Мы з Мішам пазнаёміліся ў хімчыстцы: ён туды прынёс касцюм, я яго прыняла. Забіраць ён прыйшоў назаўтра, у канцы рабочага дня, і праводзіў мяне дадому. Аб чым тады размаўлялі, ужо не ў памяці, але з ім было вельмі цікава — настолькі, што я не магла дачакацца раніцы і новага спаткання.

Міша прызначаў іх амаль кожны вечар. Мы з ім хадзілі ў кіно, у парк, на канцэрты заезджых артыстаў, у выхадныя часам ездзілі на пікнікі за горад... І расставаліся ўсё цяжэй і цяжэй, бо хацелася быць разам.

Здавалася б, ніякіх перашкод — заява ў загс і кропка. Да гэтага ўсё ішло, прычым досыць хутка... То ў Мішавай мамы быў дзень нараджэння, і ён сказаў, што найлепшым падарункам была б я сама, калі б прыйшла... І я чамусьці згадзілася. То потым мой бацька сабраўся на дачы заліваць падмурак пад веранду, а Міша прызнаўся, што ўмее замешваць бетон...

Мы з ім гаварылі пра вяселле. Але ж неяк пасля работы (як зараз помню, у пятніцу) схадзілі ў кіно. Міша праводзіў мяне, мы трохі пастаялі ў пад'ездзе, а потым я (была не была!) запрасіла яго зайсці на чай. І было ж куды: мая бабуля пасля выхаду на пенсію пераехала жыць у вёску, я засталася гаспадыняй у яе кватэры. Усё там было маленькае — адзін пакойчык (хоць і з балконам), куханька, ванна разам з прыбіральняй — але ж асобнае і як бы маё.

Дык вось: Міша тады ўпершыню пераступіў парог вітальні. Я запрасіла яго ў пакой, сказала, каб быў як дома... Што хаваць, мне хацелася, каб ён асвойтаўся, каб убачыў, як чысценька там, як прыгожа...

У яго, праўда, былі іншыя жаданні. Ён адмаўляўся ад пачастунку, не адпускаў мяне на кухню, але я ўсё ж пайшла. І — галоўнае — хвілін на дзесяць яго пакінула, а вярнулася і, можна сказаць, не пазнала. Майго любага — як падмянілі! Нейкі разгублены стаў і нібы не са мной: то з рук не выпускаў, а то сеў насупраць і маўчыць... Потым кажа: «Дадому пара».

А мне тады што — трымаць яго, казаць, што мог бы і застацца?..

Назаўтра, з самай раніцы, ён, праўда, пазваніў, сказаў, што захварэў — прастыў. Пытаюся, можа, прыехаць, прывезці мёду з малінай?.. Кажа: «Не трэба». І голас пры гэтым, як быццам нармальны — ні табе насмарку, ні кашлю не чуваць.

Два дні мы вось так пражылі — суботу з нядзеляй. Я месца сабе не знаходзіла. А паралельна, каб хоць трохі супакоіцца, стала яшчэ большы бляск дома наводзіць: перабіраць усе палічкі, перамываць посуд, адзенне — адкрыла ўрэшце дзверы на балкон і... усё зразумела.

Мая бабуля вельмі сябравала з суседкай Аронаўнай, шмат дапамагала ёй, бо тая цяжка хварэла. І калі ўжо зусім перастала хадзіць (нават у прыбіральню), сын зрабіў ёй адмысловае крэсла. У сядзенні звычайнага драўлянага (са спінкай і падлакотнікамі) выразаў дзірку, пад якую (і зноў жа на спецыяльна прыладжаную палічку) ставіўся дзіцячы гаршчок з накрыўкай. Хворай пры патрэбе заставалася зняць яе і з ложка пералезці ў крэсла...

Дык вось, з'язджаючы ў Ізраіль на так званае ПМЖ, сям'я Аронаўны, шмат што пакідаючы на ўспамін сваякам, не забылася пра сяброў-суседзяў. Бабулі (наколькі я ведала) дастаўся гадзіннік з зязюляй і чайны сервіз... І яна ж, як выглядала, на ўсякі выпадак (ні памперсаў для дарослых, ні спецыяльных вёдзер-туалетаў тады не было, здаецца) забрала і сяброўчын «стульчак». «Нашто ён табе?! — па тэлефоне і ледзь не плачучы пыталася я ў бабулі. — З-за яго мяне хлопец кінуў...» — «Ну і радуйся, — «суцешыла» тады яна, — бо грош цана таму хлопцу! Дурыла нейкі... Спалохаўся... Уцёк... Знайшоў з-за чаго!»

Бабуля, ну вядома ж, праўду казала, але мне ад яе было не лягчэй, бо Міша і праўда баязліва збег. Яно ж так выглядала?

А на самай справе ў панядзелак раніцай ён з'явіўся і сказаў, каб я ўзяла з сабой пашпарт. Ён, маўляў, пра ўсё дамовіўся: нас распішуць (хоць сабе і сёння). А значыць, мы будзем разам! І тады перажывём усё — і добрае, і дрэннае...

Вось такая была прапанова рукі і сэрца, вось такі ўспамін праз 30 гадоў.

Вольга Р., г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.