У цэнтры эмблемы — выява замка, а дакладней, дзве яго вежы. З левага боку размешчаны герб горада, а ўнізе белы, нібы павуцінка, ручнік. Каляровы малюнак суправаджаецца надпісамі: «Ліда. 2020. Культурная сталіца Беларусі».
Як расказалі ў аддзеле культуры Лідскага райвыканкама, лагатып створаны самімі лідчанамі. Многія ўстановы ўносілі свае прапановы ў конкурсны адбор. У выніку быў зацверджаны лагатып, які прадстаўляе некалькі адметнасцяў горада. Па-першае, гэта славуты Лідскі замак.
На другой выяве герб горада, на якім залаты леў суседнічае з залатымі ключамі. Дарэчы, сімвал Ліды — адзін з найстарэйшых у Беларусі. Не абышлі дызайнеры і такую асаблівасць горада, як ручнік з элементамі белаўзорчатага ткацтва. Мясцовыя майстры ўзнавілі старажытны від ткацтва, некалькі гадоў таму ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Ці застанецца лагатып культурнай сталіцы 2020 года і надалей гарадскім брэндам, пакуль невядома. Затое дакладна вызначана, як ён будзе працаваць сёлета. Лагатып з'явіцца на сувенірнай і друкаванай прадукцыі, на афішах і ў турыстычных даведніках. Ён будзе суправаджаць усе культурныя святы і мерапрыемствы ў горадзе. Лагатып урачыста прадстаўлены на святочнай цырымоніі адкрыцця акцыі «Ліда — культурная сталіца Беларусі» 21 лютага. Увогуле, сёлета ў рамках акцыі плануецца правядзенне больш чым трох тысяч мерапрыемстваў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».