Вы тут

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»


«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму»Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 працэнтаў звольненых у запас увосень мінулага года вайскоўцаў тэрміновай службы.


Як мы ведаем хіба што не з дзяцінства, у арміі загады не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. Але за гэтым кароткім выслоўем хаваецца такая рэч, як мікраклімат у падраздзяленні. Ці лёгка будзе яго камандзіру знайсці кантакт з падначаленымі? І наколькі добра будзе працаваць зваротная сувязь? Менавіта таму неадрыўнай часткай працы Узброеных Сіл з'яўляецца ваенная сацыялогія, якая і заклікана шукаць адказы на гэтыя краевугольныя пытанні.

У беларускай арміі Цэнтр псіхалагічных і сацыялагічных даследаванняў быў сфарміраваны ў 2004 годзе. Да таго яго функцыі выконвала створаная некалькі дзясяткаў гадоў таму лабараторыя грамадскага аналізу і сацыялагічных даследаванняў Ваеннай акадэміі. Наша гутарка — з загадчыкам Цэнтра падпалкоўнікам Васілём Караткевічам.

— У 2018 годзе пачалася навукова-даследчая работа, мэтай якой было высветліць, як жа тэрміновая ваенная служба ўплывае на асобу салдата. Гэтае апытанне было суцэльным, у ім паўдзельнічалі ўсе вайскоўцы перад іх звальненнем у запас. Мы даследавалі тое, як на светапогляд уплываюць такія рэчы, як вайсковы калектыў, побытавыя ўмовы, аўтарытэт камандзіра, баявая падрыхтоўка, распарадак дня, арганізацыя вольнага часу. Карацей кажучы, мы распрацоўваем анкетныя матэрыялы, зыходзячы з задач, якія стаяць перад Узброенымі Сіламі.

— А калі перайсці да лічбаў?

— Напрыклад, колькасць тых, хто лічыць, што з імі адбыліся станоўчыя змяненні, павялічылася да 86 працэнтаў. Цікава, што мы назіраем істотны рост задаволенасці відамі забеспячэння. Што да побытавых умоў, то цяпер яны задавальняюць 84 % вайскоўцаў супраць 82 % годам раней. Палепшылася і лазнева-пральнае абслугоўванне. Калі станоўчыя адказы датычна яго далі год таму 76 % апытаных, то цяпер іх ужо 83 %. Важна, што ў параўнанні з вынікамі папярэдняга даследавання ў два разы вырасла ступень здаволенасці вайскоўцаў памерам грашовага забеспячэння.

— Нядаўна сацыёлагі правялі апытанне. Што з атрыманымі вынікамі адбываецца далей?

— Усе нашы даследаванні — гэта не сухое давядзенне камандаванню лічбаў пра тое ці іншае пытанне. Мы праводзім глыбокі аналіз сітуацыі і па яго выніках выдаём рэкамендацыі аб тым, што ж можна змяніць у лепшы бок. За апошні час у Беларусі былі прыняты два Указы Прэзідэнта, якія скіраваны на паляпшэнне сацыяльнага статусу вайскоўца і прадастаўленне яму прэферэнцый. Былі таксама прыняты змены ў Працоўны і Жыллёвы кодэксы. Фактычна ў канву гэтых дакументаў ляглі думкі, выказаныя салдатамі тэрміновай службы падчас апытання.

Напрыклад, за прадастаўленне льгот пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы тым, хто адслужыў, выказаліся больш за палову апытаных. Яны аргументавалі сваю пазіцыю тым, што падчас службы ў арміі шмат што забываецца. Цяпер яны могуць вучыцца на падрыхтоўчых аддзяленнях і факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі за бюджэтны кошт. Галоўнае — мець рэкамендацыю ад воінскай часці і сярэдні бал не ніжэй за шэсць. Вельмі вострае пытанне палягала ў тым, каб пасля службы ў арміі вярнуцца на ранейшае працоўнае месца незалежна ад формы ўласнасці наймальніка. Шмат хто з салдат зарабляў грошы ў прыватнікаў, а яны без паважных на тое прычын доўга трымаць працоўныя месцы вольнымі не будуць. Цяпер жа працоўнае месца захоўваецца ў любым выпадку.

Зноў жа, пераважная большасць вайскоўцаў выказалася за тое, каб уключыць перыяд службы ў арміі ў страхавы стаж, які будзе аказваць уплыў падчас выхаду на пенсію. У мінулым годзе ў арміі пачаўся пераход на ваенную форму новага ўзору. Адметна, што на гэта таксама паўплывала наша сацыялагічнае апытанне. У лістападзе 2018 года задаволенасць якасцю нашэння, яе трываласцю, камфортам і лёгкасцю прання складала 67 % рэспандэнтаў. Нягледзячы на тое, што атрымліваць новую форму вайскоўцы яшчэ не скончылі (працэс будзе доўжыцца да канца 2020 года), колькасць салдат, якія далі станоўчы адказ датычна якасці абмундзіравання, падскочыла да 76 %. А гэта паказвае на тое, што мы рухаемся ў правільным кірунку.

— Не менш важнае пытанне і мікраклімату на ўзроўні зносін паміж салдатамі. Фактычна ў адным памяшканні, у адных умовах аказваюцца прадстаўнікі розных сацыяльных груп, якія былі прызваны. Магчыма, у жыцці па-за плотам часці яны ніколі і не перасякуцца...

— Менавіта для таго нашы псіхолагі і сацыёлагі пачынаюць працаваць з вайскоўцамі з першых жа дзён, як толькі яны пераадзяваюцца ў ваенную форму. Па-першае, гэта звязана з пытаннямі адаптацыі да новых умоў, якія рэзка змяніліся. Звычайна гэты працэс доўжыцца, як правіла, ад месяца да трох. Па-другое, мы вывучаем умовы, якія дапамагаюць самім людзям стаць лепшымі, якія ўплываюць на іх у станоўчы бок. У топ-5 такіх умоў уваходзіць знаходжанне ў мужчынскім калектыве, неабходнасць самастойна прымаць рашэнне, патрабуецца рабіць усё самастойна і максімальна хутка, асаблівыя ўмовы знаходжання, у тым ліку і палявыя, а таксама неабходнасць у першую чаргу разлічваць на сябе.

А калі скласці аналагічны рэйтынг здабыткаў падчас службы ў арміі, то да іх адносяцца ўменне цаніць час, свабоду дзеянняў, большую самастойнасць, новы жыццёвы досвед і глыбокае разуменне такога паняцця, як сяброўства. Іх адзначылі ад чвэрці да паловы апытаных.

— Ці можаце вы сцвярджаць, што ў нашай арміі не засталося месца для міжасобасных канфліктаў?

— Адкажу мовай лічбаў: дзевяць з дзесяці ўдзельнікаў апытання выказалі задаволенасць узаемаадносінамі ў салдацкім калектыве, 87 % апытаных адзначылі здаровыя, таварыскія ўзаемаадносіны з непасрэднымі камандзірамі. Гэтыя вынікі на 5-7 % перавышаюць дадзеныя мінулага года. Мы злучаем гэты паказчык з задаволенасцю ўзроўнем арганізацыі заняткаў па баявой падрыхтоўцы, якую выказалі больш трох чвэрцяў звольненых у запас.

— А якая роля афіцэрскага складу — камандзіраў рот, узводаў — у згуртаванні вайсковых калектываў?

— Адно з пытанняў анкеты было сфармулявана так: «Ці пашлі б вы са сваім камандзірам у разведку ці ў бой?» І без малога 80 % апытаных са сваім камандзірам гатовыя кінуцца ў бой. Дзякуючы асабістаму прыкладу афіцэраў, мэтанакіраванаму навучальна-выхаваўчаму працэсу 76 % рэспандэнтаў роту прыраўнялі да сваёй сям'і. Чатыры пятых удзельнікаў апытання лічаць сваіх камандзіраў прафесіяналамі ваеннай справы.

У 2017-м годзе мы вырашылі правесці эксперымент. Пэўны пералік пытанняў быў зададзены новаму папаўненню, а калі яно звальнялася ў 2019-м, мы іх паўтарылі. І атрымалася, што тэрміновая служба ўплывае на маладых людзей пазітыўна. Так, на пытанне «Як аднесліся бацькі да вашага прызыву» станоўча адказаў спярша 61 % маладых людзей, а праз паўтара года — ужо 71 %. Рост такога ж паказчыка, так бы мовіць, у асабістай скіраванасці яшчэ большы — з 46 % да 61 %. Павялічваецца і колькасць тых, хто ганарыцца сваёй краінай, — да 78 %. Але на гэта трэба глядзець пад іншым ракурсам. Справа ў тым, што да нас ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў прызываюцца ўжо сфармаваныя асобы. І існуючыя тэндэнцыі адназначна паказваюць на тое, што з патрыятычным выхаваннем да прызыву справы абстаяць не вельмі добра. Яго трэба ўзмацняць, але рабіць гэта ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

Сцвярджаючы, што армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму, большасць учарашніх салдат і сяржантаў тэрміновай службы ўпэўнены: абарона дзяржавы — абавязак кожнага грамадзяніна.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: «Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы