Вы тут

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля


На чэмпіянаце Еўропы па барацьбе ў Рыме беларуская зборная заваявала восем узнагарод, тры з іх залатыя. Старшыня федэрацыі гэтага віду спорту Камандар Маджыдаў адзначыў, што спартсмены паказалі вельмі яркую барацьбу, заваявалі нават больш узнагарод, чым было запланавана, а значыць, уся каманда працуе ў правільным кірунку. Такія вынікі асабліва цешаць напярэдадні летніх Алімпійскіх гульняў.


Адну з залатых узнагарод выйграў прадстаўнік грэка-рымскай барацьбы Максім Нягода. Ураджэнец Барысава палепшыў свае вынікі на юніёрскіх і маладзёжных чэмпіянатах і нечакана для канкурэнтаў стаў першым сярод дарослых. Пакуль Максім выступае ў катэгорыі 63 кг, але гэтая вага не алімпійская, таму, магчыма, хутка мы ўбачым маладога беларуса ў больш цяжкай катэгорыі. Пра тое, што самае складанае ў барацьбе, і чаму ўсе браты Нягоды займаюцца гэтым відам спорту, Максім расказаў у сваім інтэрв'ю.

«Змагацца, як на вайне»

— Максім, з якімі чаканнямі вы адпраўляліся на чэмпіянат Еўропы?

— Думаю, кожны спартсмен едзе на такія турніры за найвышэйшай узнагародай, так было і ў мяне. Мы рыхтуемся да чэмпіянатаў свету і Еўропы практычна ўвесь год, таму хочацца дасягнуць максімальнага выніку. На дадзены момант гэта мая самая высокая ўзнагарода.

— Што стала самым складаным на гэтым турніры?

— Усё было складаным: і падрыхтоўка, і вагагонка. Ды і наогул, за год я і псіхалагічна, і фізічна прытаміўся, але сабраў волю ў кулак.

— На адным з этапаў турніру вы выйгралі паядынак з прызёрам Алімпійскіх гульняў, гэта дадало ўпэўненасці?

— Так, летась на чэмпіянаце Еўропы я прайграў гэтаму нарвежцу, хацеў узяць рэванш. Да таго ж гэта быў ужо паўфінал, таму вельмі хацелася перамагчы.

— Цяпер канкурэнцыя ў вашай вазе сур'ёзная?

— Так, значна мацнейшая, чым была раней. Калі я змагаўся па кадэтах, гадоў 6-7 назад, у такіх краінах, як Аўстрыя, Фінляндыя, Швецыя, з 10 спартсменаў было па аднаму, па два моцныя барцы. Але з кожным годам яны дадавалі і цяпер ужо з усімі імі змагацца нават складаней, чым з азіятамі, якія раней дамінавалі ў барацьбе. Гэта тычыцца не толькі маёй вагі, усюды ўжо трэба змагацца, як на вайне.

— Вы плануеце і далей заставацца ў вагавой катэгорыі да 63 кг?

— Не, бо гэта не алімпійская вага. Да Токіа засталося два турніры, у катэгорыі 67 кг у нас ёсць лідар зборнай Саслан Даураў, ён паедзе на першы еўрапейскі ліцэнзійны турнір, калі не возьме там ліцэнзію, хутчэй за ўсё, трэнеры будуць думаць пра тое, каб адпраўляць альбо мяне, альбо іншага маладога спартсмена, які выступае ў вазе 67 кг. Настаўнікі будуць глядзець, хто на дадзены момант лепш стаіць на нагах.

У мяне пакуль недавага да алімпійскай катэгорыі і «фізікі» крыху не хапае. Хоць я выступаў у гэтай вазе на чэмпіянаце краіны, прайграў тады толькі Даураву. Вядома, мне хочацца трапіць на Алімпіяду, з мноства краін права выступіць там атрымлівае ўсяго 16 чалавек, шэсць ліцэнзій ужо разыграна.

«Усе мае браты займаюцца барацьбой»

— Успомніце, як вы прыйшлі ў барацьбу?

— У спорце я 11 гадоў. У дзяцінстве быў рэзкім хлопцам, дома ніколі не сядзеў, быў хутчэй дваровым дзіцем. Хлапчукі са школы пайшлі на барацьбу, я вырашыў схадзіць з імі. Першы год ніякім прыёмам нас не вучылі, на размінцы рабілі розныя кулянні, акрабатычныя практыкаванні, мне гэта ўсё так падабалася. Праз год-два энтузіязм прайшоў, урокі ў школе былі ў другую змену, а трэніроўкі пачыналіся ў 8 раніцы, таму зранку хацелася паспаць, а ўвечары пагуляць з сябрамі. Калі не прыходзіў на трэніроўку, бацьку тэлефанаваў трэнер, тата сварыўся на мяне за прагулы, напэўна, адчуваў, што з сына павінен выйсці нядрэнны спартсмен.

— Вы з Барысава, ваш зямляк Андрэй Арамнаў часта расказвае, што гэта досыць неспакойны горад.

— Не магу расказаць ніводнай страшнай гісторыі. Зразумела, былі моманты, калі мог заступіцца за брата, але ніколі не ўдзельнічаў у нейкіх сур'ёзных бойках.

— Вы са шматдзетнай сям'і?

— Так, нас пяцёра, у мяне ёсць старэйшая сястра і тры малодшыя браты. Усе мае браты займаюцца барацьбой, цяпер ужо вучацца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, якое скончыў і я. Сястра са спортам не звязаная, працуе выхавальніцай. Ва ўсіх братоў ужо ёсць вынік, Санёк, старэйшы з малодшых, прымае ўдзел у чэмпіянатах свету і Еўропы, але медалі там пакуль не заваёўваў, хоць ужо з'яўляецца двухразовым прызёрам краіны сярод дарослых спартсменаў. Малодшыя пакуль «сыраватыя», але ўжо таксама нешта пачынаюць паказваць.

— Як самы старэйшы раздаяце ім парады?

— Вядома, яны ўвесь час глядзяць маю барацьбу. Дзесьці сваруся на іх, дзялюся сваім вопытам, імкнуся, каб трымаліся рэжыму, не елі лішняга. Калі ўбачу чыпсы і колу, вельмі злуюся. Быў час, калі мы ўтрох жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце, цяпер, калі я ўжо вучуся ва ўніверсітэце, перабраўся ў іншы інтэрнат, а да іх у стары далучыўся самы малодшы брат, якому цяпер 14.

— Часта кажуць, што дзеці са шматдзетных або малазабяспечаных сем'яў дасягаюць значна большага выніку.

— Я з гэтым згодны. У мяне ў дзяцінстве нічога асабліва не было. За свае першыя прызавыя я замовіў сабе і брату крутыя барцоўкі. А самы першы медаль заваяваў на чэмпіянаце Еўропы ў 2013 годзе, разам з ім прыйшло і фінансавае заахвочванне. Тады ўжо стараўся не прасіць грошы ў бацькоў, а нават, наадварот, неяк іх падтрымліваць, дарыў падарункі малодшым. Пасля гэтага медаля мне далі стыпендыю Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, разумеў, што гэта толькі пачатак, далей будзе лепш. У мяне быў стымул, таму цяпер нават рады і ўдзячны за тое, што ў мяне было менавіта такое небагатае дзяцінства.

— Памятаеце свой першы выезд за мяжу?

— Так, гэта былі нейкія спаборніцтвы ў Польшчы. Тады мне вельмі спадабалася. Шведскія сталы, іншыя прадукты ў крамах, ды і людзі іншыя. Гэта было неверагодна, цяпер вядома, ужо на такое не звяртаеш увагі. Памятаю, як у першы раз паляцеў на самалёце ў Балгарыю на той самы чэмпіянат Еўропы. Таксама было крута, а цяпер не люблю самалёты.

— Якую галоўную параду вы далі б сёння сваім братам?

— Самае галоўнае — гэта дысцыпліна. І, вядома, у спорце трэба шмат працаваць. Часам мне здаецца, яны глядзяць, што я нешта выйграваю, і думаюць, што буду дапамагаць ім вечна. Але я стараюся данесці, што кожнаму трэба задумацца пра тое, што яны самі павінны чагосьці дасягаць. Думаю, эфект ад гэтых размоў ужо ёсць.

— Як бацькі ставяцца да вашых поспехаў у спорце?

— У дзяцінстве мы з братам выйгравалі ўсе турніры, і яны, мабыць, да гэтага вельмі прывыклі, таму цяпер, калі я пачаў браць медалі на чэмпіянатах Еўропы ці свету, яны не надаюць асаблівага значэння, думаючы, што гэта прыкладна такі ж узровень, як вобласць ці краіна. Не асабліва разумеюць, што недзе можна выйграць на адной руцэ, а дзесьці трэба вельмі пастарацца.

«Вушы ў нас выглядаюць, як пельмені»

— У дзяцінстве ў вас былі куміры?

— Так, Аляксандр Карэлін — трохразовы алімпійскі чэмпіён, прыклад для пераймання не толькі ў спорце. Яшчэ з барцоў мне падабаўся Алім Селімаў, а калі быў маленькім, хацеў бароцца, як алімпійскі чэмпіён Іслам-бек Альбіеў, ён такі тэхнар, мне гэта вельмі сімпатызуе.

— Якую ролю ігралі ў вашай кар'еры трэнеры?

— Вялікую. Трэнер — гэта другі бацька, часам нават першы, таму што ты сваіх бацькоў доўга не бачыш, а трэнеры ўвесь час з табой, кожны дзень. Кормяць нас, можна сказаць, з лыжачкі. Трэнеры — гэта людзі, якія перажываюць за нас больш, чым за сваіх дзяцей, таму з імі трэба знаходзіць кантакт.

— Што для вас самае складанае ў барацьбе?

— Тое, што пасля кожнага медаля табе трэба пачынаць з нуля. Цяпер я выйграў чэмпіянат Еўропы, хоць не быў на гэтым турніры ў шэрагу фаварытаў. Цяпер сапернікі будуць рыхтавацца да паядынкаў са мной удвая, а мне, каб выйграць, трэба будзе быць лепшым у тры разы. Трэба сябе пераадольваць, з кожным днём станавіцца лепшым. Часам складаней за ўсё менавіта псіхалагічна. Асабліва ў тыя моманты, калі ідуць вагагонкі, пасля іх трэба доўга аднаўляцца, адпачываць. Шмат трэніруешся, мала ясі, моцна стамляешся, у гэтыя моманты раздражняе ўсё. Падтрымліваюць блізкія людзі, дзяўчына, трэнеры, якія ведаюць, у які момант трэба палаяць, а ў які падтрымаць і супакоіць.

— Якія траўмы найбольш распаўсюджаныя ў барацьбе?

— Практычна ва ўсіх паламаныя вушы, яны выглядаюць у нас, як пельмені. А так, да траўмаў схільна ўсё — галенастопы, рукі, шыя, спіна, калені.

— У якім узросце барцы выходзяць на пік формы?

— Самаму маладому алімпійскаму чэмпіёну 18 гадоў, самаму даросламу 34 або 36, тут галоўнае — здароўе.

— Пра што вы марыце?

— Самая вялікая мара — стаць алімпійскім чэмпіёнам, каб занесці сваё імя ў гісторыю беларускага спорту. Але ў той жа час я разумею, што спорт не вечны, таму трэба і вучыцца, і сям'ю заводзіць, гэта неад'емная частка жыцця.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

Расказаў урач-псiхiятр-нарколаг мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Iгар Сарокiн.

Грамадства

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

У Беларусi дзейнiчае такi дакумент, як «Тэхнiчная эксплуатацыя жыллёвых i грамадскiх будынкаў i збудаванняў. Парадак правядзення».