Вы тут

Вясной у Мінску і абласных цэнтрах узнікне серыя арт-інсталяцый


Вясной гэтага года ў Мінску, а таксама Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі і Магілёве з'явяцца незвычайныя мастацкія інсталяцыі. Гэта будуць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА». У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, адзін з мабільных аператараў прадставіў новы праект у межах ініцыятывы «Веліч роднай мовы».


Фота: citydog.by

Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна ўяўляюць сабой вулічную мэблю, вырабленую з дрэва і металу. Аўтар арт-аб'ектаў — вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і зручна размяшчацца на скульптурных літарах.

Лакальныя асаблівасці кожнага з шасці рэгіёнаў будуць паказаныя праз колер інсталяцый — ідэя праекта базіруецца на канцэпцыі нацыянальных колеравых пераваг, распрацаванай выдатным дызайнерам, мастаком і паэтам Міхаілам Анемпадыставым у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях найбуйнейшага беларускага тнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў озных рэгіёнаў Беларусі.

Паколькі Мінск — геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, дзе перамяшаныя асаблівасці ўсіх рэгіёнаў, гэта будзе адлюстравана з дапамогай усіх асноўных колераў, якія характарызуюць нашу краіну, — сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага. Месца размяшчэння інсталяцыі ў сталіцы яшчэ ўдакладняецца.

— Чорны і чырвоны — базавыя колеры кожнага з арт-аб'ектаў, і яны будуць выкарыстаныя ва ўсіх гарадах. Астатнія адценні абсалютна розныя — яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага рэгіёна. Усе колеры выбраны невыпадкова — пры распрацоўцы іх спалучэнняў улічвалася мноства ўнікальных мясцовых асаблівасцяў — напрыклад, прыродных: зеляніна паркаў Гомельшчыны, шэрань Палескіх балот, блакіт азёр Віцебшчыны, — патлумачыў Павел Вайніцкі.

Такім чынам, для інсталяцыі ў Брэсце выбрана спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. Там яна будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. «МОВА» ў Віцебску, выкананая ў характэрных колерах творчага аб'яднання УНОВИС, з'явіцца перад мостам 1000-годдзя. Арт-аб'екты ў Гродне будуць жоўтага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага колераў — іх плануецца размясціць на Савецкай плошчы. На вуліцы Кірава ў Гомелі ўсталююць кампазіцыю з блакітнай, жоўтай, шэрай, чырвонай і чорнай літар. На Траецкай набярэжнай Магілёва — зялёнай, блакітнай, жоўтай, чырвонай і чорнай.

— Праект закліканы папулярызаваць родную мову, па-новаму раскрыць семантыку беларускага слова з дапамогай арт-аб'ектаў. Яго ўнікальнасць — у спалучэнні з утылітарнай і мастацкай функцыямі трохмерных інсталяцый. Асобна варта адзначыць вялікі турыстычны патэнцыял праекта для ўсіх гарадоў, дзе кампазіцыі будуць усталяваны, — адзначыў ініцыятар праекта «Веліч роднай мовы» Захар Дудзінскі.

Ва ўсіх гарадах арт-аб'екты з'явяцца вясной.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «МОВА» беларускіх гарадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.