Вы тут

«Лабараторыя» для падрыхтоўкі творчага настаўніка з’явілася ў БДПУ


Вучэбна-вытворчую майстэрню скульптуры і керамікі і харэаграфічную залу ўрачыста адкрылі на факультэце эстэтычнай адукацыі БДПУ. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэта.


Тут будуць навучацца будучыя настаўнікі выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, камп'ютарнай графікі, музычнага мастацтва, рытмікі і харэаграфіі, сусветнай мастацкай культуры.

— Педагагічная ВНУ рыхтуе сёння настаўніка новай фармацыі. Яго місія — гарманічна і ўсебакова развіваць чалавека ХХI стагоддзя, яго інтэлектуальную і эмацыйную сферу на аснове спалучэння традыцый і інавацый, — адзначыў у прывітальным слове  рэктар БДПУ прафесар Аляксандр ЖУК. — Асабліва важна падрыхтаваць новае пакаленне настаўнікаў у прадметнай галіне мастацтва. Менавіта яны закліканы вырашаць задачы захавання культурнай разнастайнасці і ўнікальных мастацкіх практык, народных рамёстваў, танцаў, песень, развіцця нацыянальных мастацкіх і музычных традыцый.

БДПУ — у трэндзе змяненняў у сусветнай практыцы падрыхтоўкі творчага настаўніка. Новая майстэрня аснашчана самым сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Тут ёсць амаль бясшумны ганчарны круг, які дазваляе ствараць  вырабы да 40 кілаграм вагой. Працаваць за ім можа як чалавек-правша, так і ляўшун. Закуплены дзве печы, якія дазваляюць абпальваць нават фаянс, фарфор (высокатэмпературныя белыя гліны) і эфектарныя глазуры. Маюцца падлогавыя турнеткі для хуткага і якаснага роспісу вырабаў і заняткаў скульптурай, сушыльная шафа і фарбавальная камера для глазуравання.

Добра абсталяваная і поліфункцыянальная зала.Тут будуць праходзіць заняткі па харэаграфіі, рытміцы, фітнесу і аэробіцы. Светлае і прасторнае памяшканне адпавядае сучасным тэхніка-акустычным патрабаванням. Па сутнасці, гэта творчая лабараторыя, дзе будуць нараджацца арыгінальныя мастацкія ідэі і задумы, у тым ліку і для вялікай сцэны.

Дарэчы, падчас цырымоніі адкрыцця студэнты факультэта паказалі, як працаваць за ганчарным кругам, распісваць керамічныя вырабы, прадэманстравалі мастацтва выканання паланэза ў гістарычных касцюмах розных эпох, а таксама сучаснага танца.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДПУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.