Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1.Беларускія фрыстайлісты Ігар Драбянкоў і Макар Мітрафанаў заваявалі бронзавыя медалі ў сінхронных скачках у рамках этапу Кубка свету па спартыўнай акрабатыцы, які 22—23 лютага праходзіў у спарткомплексе «Раўбічы».

Напярэдадні «золата» ў мужчынскіх стартах выйграў амерыканец Джасцін Шэнефельд. Беларускія лыжныя акрабаты не пераадолелі кваліфікацыйны бар'ер. Найлепшым з беларусаў стаў Максім Гусцік, які завяршыў выступленне на дамашнім этапе Кубка свету на 15-й пазіцыі. Сярод жанчын адзінай прадстаўніцай Беларусі, якая прабілася ў фінал, стала Валерыя Балматава. Лідары зборнай Ганна Гуськова і Аляксандра Раманоўская ў старце ўдзелу не прымалі.

2. Ягор Шрамкоў заняў 6-е месца на этапе Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы, які праходзіў у аўстралійскім Мельбурне з 20 да 23 лютага. Беларус у вырашальнай спробе зарабіў 14,233 бала. Перамогу святкаваў гімнаст з Рэспублікі Карэя, «серабро» — у спартсмена з Гватэмалы, «бронза» — у ізраільцяніна. У першы дзень фіналаў на асобных снарадах беларус Ягор Шрамкоў заняў 4-е месца ў вольных практыкаваннях.

Этап Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы насіў ліцэнзійны статус. На турніры выступілі каля 100 гімнастаў з 30 краін.

3. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова атрымаў перамогу над нямецкім «Кілем» 33:30 у дамашнім матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. Суботні паядынак на паркеце брэсцкага спарткомплексу «Вікторыя» супраць лідара групы В стаў для чэмпіёнаў Беларусі найлепшым у гэтым сезоне. Аднак гэтая перамога не дапамагла ім захаваць шанцы на выхад у 1/8 фіналу. Іх канкурэнт партугальскі «Порту» абыграў дома паўночнамакедонскі «Вардар» са Скоп'е з лікам 30:22 і ўпершыню ў гісторыі прабіўся ў плэй-оф галоўнага кантынентальнага турніру. Свой заключны матч Лігі чэмпіёнаў БГК імя Мяшкова правядзе 29 лютага дома супраць «Порту».

Турнірнае становішча ў групе В: «Кіль» — 20 ачкоў (13 матчаў), «Веспрэм» — 16 (12), «Віве» — 16 (13), «Манпелье» — 15 (12), «Порту» — 12 (13), «Вардар» — 11 (13), БГК імя Мяшкова — 8 (13), «Матор» — 4 (13).

4. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі паспяхова правялі першы кантрольны матч новага сезона. На поле стадыёна «Аль-Хамрыя» ў Шарджы (ААЭ) падапечныя Міхаіла Мархеля перамаглі каманду Узбекістана з лікам 1:0. Пераможны гол у сярэдзіне першага тайма забіў Павел Няхайчык. Пасля гэтага беларускія футбалісты перабазуюцца ў Сафію, дзе 26 лютага правядуць спарынг са зборнай Балгарыі.

Нагадаем, лютаўскія матчы з'яўляюцца для беларускай дружыны праверкай сіл перад плэй-оф Лігі нацый. У паўфінале 26 сакавіка зборная Беларусі згуляе ў Тбілісі з камандай Грузіі і ў выпадку перамогі 31 сакавіка ў Мінску паспрачаецца за пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы з пераможцам матчу Паўночная Македонія — Косава.

5.Пасля таго як у паядынку заключнага тура чэмпіянату Беларусі па хакеі «Юнацтва-Мінск» абыграла гродзенскі «Нёман» з лікам 1:0, канчаткова вызначыліся ўсе пары плэй-оф турніру.

Такім чынам, у чвэрцьфінале Кубка Прэзідэнта сустрэнуцца «Юнацтва-Мінск» — «Лакаматыў» (Орша), «Нёман» (Гродна) — «Магілёў», «Шахцёр» (Салігорск) — «Металург» (Жлобін), «Дынама-Маладзечна» — «Гомель».

Матчы 1/4 фіналу пройдуць 27 і 28 лютага, а таксама 2-3 сакавіка і, калі спатрэбіцца, 5, 7 і 9 сакавіка.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Дамашні этап без лідараў зборнай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.